На чыгунцы беларуская мова жыве, але яна можа быць больш беларуская. Чым замяніць „пуць“ і „электрычку“? І ня трэба сьцерагчыся „цягніка“.
Пагатоў чыгунка застаецца адной зь нешматлікіх галінаў, дзе рэальна функцыянуе беларуская мова: у вусных і пісьмовых абвестках, а нават на сайце Беларускай чыгункі.(Праўда, купіць у касе квіток па-беларуску бывае цяжка, бо касірка ня ведае месяцаў. А ў сеціве дык і немагчыма, калі ў імёнах-прозьвішчах ёсьць літары І, Ў. Я падмануў русыфікатарскую сыстэму, набраўшы І лацінкай).
Між іншага, менскія чыгуначнікі ў 1918 годзе выступілі на баку новатворанай Беларускай Народнай Рэспублікі, спынілі вываз у Расею грошай дзяржаўнай скарбніцы і перадалі іх Радзе БНР. Дасьледнік Архіваў БНР Сяргей Шупа піша пра час пасьля разгону Ўсебеларускага Зьезду:
Рэшткі абранай Усебеларускім Зьездам Рады сышлі ў глыбокае падпольле. Прытулак ім далі найбольш адданыя беларускай справе рэвалюцыянэры — чыгуначнікі. Першае пасьля разгону паседжаньне Рады адбылося ўжо наступнай раніцай у чыгуначным дэпо Лібава-Роменскай чыгункі.
Мо і дасюль нашыя чыгуначнікі недзе ў дэпо перахоўваюць самыя арыгінальныя арыгіналы Ўстаўных Граматаў.
Але да беларускай тэрміналёгіі на цяперашняй чыгунцы маю заўвагі. Аб’ява на менскім вакзале:
„Пачынаецца пасадка на поезд міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа нумар 708 Мінск — Гомель. Састаў поезда знаходзіцца на трэцім пуці на другой платформе“.
Тут і „на пуці“, і „поезд“, і „састаў“. Разьбярэмся спачатку з „поездам“.
Пан як пан, ды паезду добрага ня мае
Народная беларуская мова ведала найперш слова паéзд (з варыянтам пая́зд). У Івана Насовіча яно запісана менавіта з такім націскам і зь ясным значэньнем:
1) Асобы, якія суправаджаюць нявесту да шлюбу. Вясельны паезд.
2) Таварыства тых, хто кіруецца некуды з аднолькавым, супольным намерам. Што вас прыгнала сюды цэлым паездам?
3) Экіпаж, выправа. Пан як пан, ды паезду добрага ня мае.
Але асноўнае значэньне — ‘вясельны картэж’. Беларуская фальклярыстка XIX ст. Марыя Косіч запісала ў Чарнегаўшчыне вядомы звычай:
...Кажны, хто стрэнецца зь вясельным паездам, мае права вымагаць „падарожнай“, зн. па чарцы гарэлкі.
У паезьдзе едуць паяжджане. Гэта вясельныя госьці, якія рушаць з жаніхом да нявесты, а потым на вянчаньне.
Часам слова паяжджане разумеюць няправільна, як сынонім нейкіх „понаехавшіх“, або спрошчана, як падарожных. Але гэта ня так. Купала ў канцы 1918 году напісаў вобразны і вусьцішны верш „Паяжджане“. Удзельнікі вясельнага паезду ня могуць уратаваць ад варожай завірухі Маладую. Маладую Беларусь.
Прытуліліся, як дзеці,
Як галубкі на расьсьвеце,
Як нішто ні знаць, ні ведаць,
І ўсё едуць, едуць, едуць.
А над імі зьбеядуха,
Папаўзуха-завіруха,
Сьнежнай хустаючы вехай,
Захліпаецца ад сьмеху.
Ёсьць (быў) яшчэ прыметнік паязды́, напрыклад, паязды́ конь — для ўрачыстых выездаў. У старой Беларусі паезьнікам называлі зьбральніка падаткаў, а паездам — службовы выезд, „камандзіроўку“ па-цяперашняму афіцыйнаму. Паезьніцтва — грошы, якія давалі такому ВКЛаўскаму камандзіровачнаму.
То бо паезд і шматлікія вытворныя ад яго — самакаштоўныя беларускія словы, далёкія ад чыгуначных значэньняў.
У сучаснай мове слова паезд лягічна было б ужываць як сынонім картэжу: скажам, паезд матацыклістаў вакол аўтамабіля важнага (у нас гэта значыць багатага на нафтадынары) госьця дзяржавы.
Як Крапіву сьцягвалі з поезда
Калі зьявілася чыгунка, Беларусь была пад акупацыяй Расейскай імпэрыі. Адпаведна і тэрміны спачатку прыйшлі з расейскай мовы.
Ахоўнік афіцыйнай мовазнаўчай палітыкі Кандрат Атраховіч (Крапіва) у 1972 годзе разразіўся артыкулам пад пагрозьлівай назвай „Ці будзем мы езьдзіць па левым баку“ — не пра брытанскую завядзёнку дарожнага руху, а пра беларускія словы.
„Сам поезд зьявіўся значна раней, чым слова цягнік, якое пачалі ўжываць ... недзе ў дваццатыя гады. Гэта — калька, утвораная па ўзору польскага поцёнг, чэскага влак, нямецкага цуг“.
Нешта надта шмат першаўзораў для калькаваньня. І тут Крапіва міжволі прызнаé, што поезд — русізм:
„Слова ... зь іншым націскам (паязд) было ў народнай мове і да зьяўленьня чыгункі. Гэта слова ... азначае прылады для язды — калёсы, сані. А яшчэ — вясельны картэж... Таму слова поезд лёгка ўвайшло ў літаратурую мову. Дык хто ж мае права, фігуральна кажучы, сьцягваць аўтара з поезда і садзіць на цягнік!“
Нацыятворчы заклік „Сьцеражыся цягніка!“
Колькі дзясяткаў гадоў таму дзе-нідзе можна было пабачыць старыя чыгуначныя таблічкі з гэтым папярэджаньнем. Потым яны зьніклі. Дысыдэнт Міхась Кукабака падчас прыезду ў Беларусь паміж зьняволеньнямі так быў уражаны заменай памятнага з маладосьці знаку на расейскамоўны, што напісаў эсэ „Скрадзеная бацькаўшчына“, хоць раней глыбока не задумваўся пра моўна-нацыянальныя праблемы.
А вось песьня трыццацігадовай даўніны. Рок-гурт “Мроя” — дыназаўры беларускага року, „Кастрычніцкі цягнік“.
Ляскае, грыміць цягнік іржавы,
Па цямрэчы восеньскай бяжыць.
Па гнілых паліцах скачуць жабы,
А па столі поўзаюць смаўжы.
Кастрычніцкі цягнік,
Цягні сябе, цягні,
Кастрычніцкі цягнік...
(Яшчэ савецкі час, мэтафара пра кастрычнік рэальна сьмелая — гэта ж намёк на праржавелую савецкую камуністычную сыстэму.) Наагул слова цягнік знакавае для беларускай літаратуры — ад Максіма Танка зь яго міжваенным „Павязьлі цягнікі“ да сучасных творцаў.
Многія мовы назвалі новую для ХІХ стагодзьдзя тэхніку коранем дзеяслова са значэньнем ‘цягнуць’. Напрыклад, нямецкі der Zug паходзіць ад ziehen. І іншыя зрабілі падобна: літоўцы — traukinys ад traukti, палякі — pociąg ад ciągnąć, чэхі, харваты, баўгары — vlak (па-нашаму было б волак, ад валачыць).
Беларускі цягнік утвораны аналягічна, мо і на нейчы ўзор, аднак гэта самабытнае слова, не супадае ні з чыім іншым. Спачатку абазначала паравоз, потым перайшло на ўвесь склад вагонаў. Дзеля справядлівасьці — Беларуская чыгунка не цураецца цягніка:
„Паважаныя пасажыры, наш цягнік прыбывае на канцавую станцыю Мінск-Пасажырскі“.
Гэта абвестка ў электравіку Маладэчна-Менск.
Ленін на браневіку, а хто на швайцарскім электравіку?
Так, электравік. Бо электрычны цягнік — мужчынскага роду, у выніку скароту ня можа атрымацца жаночы — „электрычка“.
У 1920-я гады ў беларускай мове ўжывалася слова паравік для абазначэньня і лякаматыва на паравой цязе, і цягніка, яно трапіла ў прозу клясыкаў:
Другі паравік пацягнуў назад ад фронту цэлы эшалён. К. Чорны
Слова кладзецца ў беларускую словаўтваральную мадэль:
ледавік, алавік, чашчавік, сакавік.
У тэхнічнай тэрміналёгіі транспарту — гэта рухавік, грузавік (лепш цяжкавік — аналягічна легкавіку). Таксама бранявік, аматары выступаць на якім ужо сто гадоў гавораць адно і тое. Зрэшты, па-беларуску лепш не браня, а панцыр, таму не бранявік, а панцырнік. Але гэта надта ж спэцыфічны транспарт.
Вось жа паводле аналёгіі з паравіком утвораны электравік, і ён ужо трывала бытуе ў беларускамоўных мэдыя.
„На дліннам і скользкам пуці...“
Удалай я лічу замену недарэчнага вакзальнага „пуці“ („пуця“? гэты тэрміналягічны русізм і скланяцца нармальна ня можа) на каляіну. Уявім абвестку:
Цягнік Вільня — Менск прыбудзе на 23-ю каляіну.
Афіцыйны слоўнік прызнаé каляіну ў чыгуначным значэньні, але залічвае ў размоўныя, хоць слова так ужываў той самы Кузьма Чорны. Слова каляіна спрадвечна і характэрна беларускае, азначае накатаны сьлед, зь якога так проста ня зьедзеш (усе памятаюць байку таго самага Крапівы пра жабу ў каляіне). Падобна пашырылася сэмантыка ва ўкраінскай — усе чулі слова колія на кіеўскім або львоўскім вакзале:
„...На другій колії“.
Ну а з „саставам“ проста. Склад цягніка, бо ён складаецца з вагонаў.
Такім чынам: на шашы цяжкавік, а на чыгуначных каляінах — хуткі цягнік і электравік.