Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 праблем, зь якімі сутыкаюцца сталічныя раварысты


У беларускай сталіцы каля 800 тысяч ровараў. А раварыстаў яшчэ больш, бо адным роварам у некаторых сем’ях карыстаюцца некалькі чалавек.

12 траўня ў Менску пройдзе Міжнародны велакарнавал «Viva ровар!», у межах якога калёна раварыстаў праедзе ад стэлы «Менск — горад-герой» па праспэкце Пераможцаў. На ўдзел у велакарнавале сёлета запісаліся больш за 15 тысяч чалавек.

Некалі гарадзкія ўлады паставілі амбітныя задачы — давесьці агульную даўжыню роварных дарожак у сталіцы да 500 кілямэтраў; цалкам пазбавіцца бардзюраў; паўсюль усталёўваць велапаркоўкі; у новых раёнах адразу праектаваць роварныя дарожкі, будаваць велагаражы.

Свабода разам са старшынём праўленьня Менскага роварнага таварыства Паўлам Гарбуновым вызначыла 7 актуальных для раварыстаў праблем.

Павал Гарбуноў
Павал Гарбуноў

Роварныя дарожкі: з заплянаваных 500 км маем 190

Паводле ацэнкі Паўла Гарбунова, цяпер у Менску каля 190 кілямэтраў дарожак для руху раварыстаў. Але цалкам адпаведная ўсім патрабаваньням, «файная», як выказаўся Павал, — толькі адна: працягласьцю каля 27 кілямэтраў, якая пачынаецца ад Драздоў, ідзе ўздоўж Сьвіслачы і даходзіць да Чыжоўскага вадасховішча.

На новых вуліцах, якія праектуюцца і забудоўваюцца, пракладаюць роварныя дарожкі, адасобленыя і ад ходнікаў, і ад праезнай часткі. Але ў год такіх вуліц зьяўляецца ад трох да пяці. Да прыкладу, у Новай Баравой сам забудоўшчык настаяў, каб пракласьці адмысловыя веладарожкі добрай якасьці.

«Калі я называў лічбу 190 кілямэтраў, я меў на ўвазе ўсе дарожкі, у тым ліку і на праспэкце Незалежнасьці, дзе проста намалявалі лінію, і роварная дарожка праходзіць па каналізацыйных люках. Да абяцаных 500 кілямэтраў (50 км магістральных і 450 — аб’яднаных, супольных зь пешаходнымі) яшчэ далёка. Трэба і лічбы даганяць, і якасьць даганяць», — кажа Павал Гарбуноў.

На ўсіх вуліцах зрабіць роварныя дарожкі даволі складана і затратна, таму Павал Гарбуноў прапануе працаваць на тых вуліцах, якія падпадаюць пад рэканструкцыю. Такіх вуліц рамантуецца па 7–8 у год.

«Улады дэманструюць жаданьне гэта рабіць. Але патрэбная каардынацыя і добрая якасьць праектаў. Ёсьць пілётны праект на вуліцы Веры Харужай, дзе будзе адасобленая роварная сьцежка на праезнай частцы».

Ці дазволяць раварыстам езьдзіць па праезнай частцы?

Ва ўсім сьвеце роварны рух разьвіваўся з праезнай часткі, а потым, калі ў гарадах паболела аўтамабіляў і езьдзіць раварыстам стала небясьпечна, яны пачалі перасоўвацца па ходніках. А ў Беларусі ўсё наадварот.

На думку старшыні праўленьня Менскага роварнага таварыства Паўла Гарбунова, дазволіць раварыстам езьдзіць па праезнай частцы можна толькі на тых вуліцах, дзе даволі спакойны дарожны рух, дзе адносна бясьпечна. Але неабходна ўсё ўзважыць і добра падумаць, як гэта зрабіць, каб не было канфлікту зь дзейнымі Правіламі дарожнага руху.

«Мы лічым, трэба выпускаць раварыстаў на праезную частку. Беларусь не павінна быць выключэньнем з правілаў, якія ўсталяваныя ва ўсім сьвеце. Але тут трэба глядзець на інтэнсіўнасьць руху на канкрэтнай вуліцы. Да прыкладу, па праспэкце Незалежнасьці я на ровары не паеду. Зноў жа, прывяду прыклад з вуліцай Веры Харужай. Калі пілётны праект будзе ўдалы, можна рухацца і далей», — кажа Павал Гарбуноў.

Дзеля гэтага патрэбны цэлы комплекс захадаў. Па-першае, трэба зьніжаць дазволеную хуткасьць у горадзе хаця б да 50 км у гадзіну. На праезнай частцы будаваць выспы бясьпекі. А на самых напружаных гарадзкіх магістралях, дзе вялікі трафік, усё ж варта забараняць рух раварыстаў па праезнай частцы.

У той жа час у невялікіх гарадах, кшталту Кобрыня ці Ваўкавыску, можна цалкам дазволіць раварыстам езьдзіць па праезнай частцы, там ня будзе ніякіх праблем, — перакананы Павал Гарбуноў.

Руйнаваньне бардзюраў

Праблема стварэньня безбар’ернага асяродзьдзя для раварыстаў у Менску хоць і памалу, але вырашаецца.

«Так званая норма вышыні бар’еру ў 0 мілімэтраў існуе з 2013 году.

У кожнай раённай адміністрацыі ёсьць свае штогадовыя пляны па зьніжэньні бардзюраў. І відавочна, што праца паціху ідзе, вышыня бардзюраў калі і ня зводзіцца да нуля, то паступова зьмяншаецца. Да таго ж на высокія бардзюры можна паскардзіцца на партале „Мой горад“ 115.бел. Гэта рэальна працуе. Хоць і крыху павольна, але справа рухаецца».

Роварныя паркоўкі — за кошт уладальніка будынка

Гарадзкія ўлады павінны ўсталёўваць паркоўкі каля дзяржаўных сацыяльных аб’ектаў кшталту паліклінікі, раённай адміністрацыі. Але каля кавярні ці бізнэс-цэнтру паркоўкі павінны ўсталёўваць гаспадары будынкаў.

На думку Паўла Гарбунова, трэба наладжваць камунікацыі паміж раварыстамі і ўладальнікамі будынкаў.

«Калі ў нейкай арганізацыі ёсьць раварысты, няхай адміністрацыя паклапоціцца пра іх, для сваіх супрацоўнікаў і наведнікаў зробіць роварную паркоўку. Абавязкова бясьпечную, добрай канструкцыі, пажадана з камэрай відэаназіраньня. Але гэтае пытаньне павінны вырашаць менавіта гаспадары аб’ектаў», — перакананы старшыня Менскага роварнага таварыства.

А вось калі ўласьнік будынка хоча ўсталяваць паркоўку, ён у ідэале мусіць узгадніць праект з архітэктарам.

Роварныя гаражы — за кошт саміх раварыстаў

У новых сталічных мікрараёнах, кшталту Новай Баравой, Сасновага Бору, роварныя гаражы будуюцца амаль побач з кожным домам. Што рабіць усім астатнім менчукам, каб не цягаць свайго «жалезнага каня» на пяты паверх «хрушчоўкі», ня ўпіхваць у нязручны маленькі ліфт, не спатыкацца аб ровар у калідоры ці на лёджыі?

«Тут праявіць ініцыятыву павінны самі грамадзяне. Яны павінны кансалідавацца з суседзямі, сабраць грошы, каб пабудаваць, да прыкладу, велагараж на 40 ровараў. Улады ня будуць супраць, ужо ёсьць разуменьне, што такія гаражы неабходныя. Трэба вучыцца самім, супольна вырашаць свае лякальныя праблемы», — лічыць Павал Гарбуноў.

Пракат ровараў — разуменьне ёсьць, няма грошай

Сыстэма роварнага пракату ў Астане, Казахстан
Сыстэма роварнага пракату ў Астане, Казахстан

Гэтага беларускай сталіцы вельмі нестае. Павал Гарбуноў кажа, што ёсьць прыватныя кампаніі, якія гатовыя інвэставаць грошы.

«Але, каб існавала сыстэма, на пракат ровараў мусяць выдзяляць грошы гарадзкія ўлады. Пакуль пытаньне ўпіраецца ў фінансы. Разуменьне, што ў сталіцы павінны быць гарадзкія ровары, што гэта будзе карыстацца попытам і ў менчукоў, і ў гасьцей сталіцы, у турыстаў, ёсьць. Але гарадзкія ўлады павінны маральна дасьпець да таго, што на гэта трэба выдзяляць грошы».

Роварная прастора — культурная зьява

Магістральная менская роварная дарожка ў раёне Серабранкі
Магістральная менская роварная дарожка ў раёне Серабранкі

Роварная культура тычыцца ня толькі саміх раварыстаў, але таксама і пешаходаў, і аўтамабілістаў.

«Мы хочам пазьбегнуць палярызацыі настрояў: маўляў, я раварыст, а ты аўтамабіліст ці мінак. Насамрэч раварыстаў у Менску дастаткова шмат — 800 тысяч. Сёньня ты аўтамабіліст, але тваё дзіця — раварыст. Таму не павінна быць падзелу.

Тут самае галоўнае — як мы, грамадзяне, паміж сабой вырашаем спрэчныя пытаньні. Так, інфраструктура пакуль яшчэ недасканалая, небездакорная, таму ад нас залежыць, як мы будзем суіснаваць: будзем скардзіцца адзін на аднаго, лаяцца, альбо паставімся з разуменьнем: усьміхнёмся і паспрабуем ветліва разысьціся. Кожнаму трэба прайсьці шлях самаадукацыі — як паводзіць сябе ў канфліктных сытуацыях, як заставацца добразычлівым і ветлівым», — перакананы старшыня праўленьня Менскага роварнага таварыства Павал Гарбуноў.

Кожны ўдзельнік руху — пешаход, аўтамабіліст, раварыст — павінен авалодаць правіламі ветлівых паводзін і правіламі бясьпечных паводзін, лічыць ён.

«Роварная прастора — гэта культурная зьява, і прасоўваць яе Менскае роварнае таварыства зьбіраецца ў тым ліку і праз сацыяльную рэкляму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG