Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адноўленыя санкцыі ЗША супраць Ірану пачнуць дзейнічаць з аўторка


Майк Пампэа
Майк Пампэа

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што Іран павінен пачаць паводзіць сябе, як «нармальная краіна». Гэтая заява прагучала на фоне падрыхтоўкі ЗША да аднаўленьня санкцый супраць Тэгерану.

«Рэч у нездаволенасьці іранцаў сваім урадам, і прэзыдэнт выразна заяўляў пра гэта. Мы хочам, каб у іранскага народу было больш магчымасьцяў вызначаць, хто будзе іх кіраўніцтвам», — заявіў Пампэо журналістам.

Ён сказаў, што Белы дом у панядзелак паведаміць падрабязнасьці санкцый, якія ўступяць у сілу ў аўторак. Яны закрануць шырокі спэктар галін іранскай прамысловасьці, уключаючы аўтапрамысловасьць, гандаль золатам, здабычу вугалю і вытворчасьць сталі. Акрамя таго, іранскаму ўраду больш не дазволяць купляць самалёты, а таксама амэрыканскія банкноты.

Фізычным асобам і кампаніям, якія працуюць у гэтых галінах, было дадзена 90 дзён на тое, каб згарнуць сваю дзейнасьць. Гэты пэрыяд заканчваецца ў панядзелак.

Санкцыі супраць экспарту іранскіх энэрганосьбітаў будуць адноўленыя ў лістападзе.

У сваю чаргу таксама з аўторка, з 7 жніўня, Эўразьвяз уводзіць у дзеяньне «блякавальны статут» адносна санкцыяў ЗША ў дачыненьні да Ірану. Ён дазваляе кампаніям ЭЗ не выконваць экстэрытарыяльныя амэрыканскія санкцыі і атрымліваць кампэнсацыю выкліканых імі страт. Статут таксама анулюе ўплыў у Эўразьвязе любых замежных судовых рашэньняў.

Адмененыя раней санкцыі аднаўляюцца пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп абвясьціў аб выхадзе ЗША з пагадненьня па ядзернай праграме, заключанага зь Іранам і пяцьцю іншымі краінамі ў 2015 годзе.

Пагадненьне прадугледжвае рэзкае скарачэньне іранскай праграмы ўзбагачэньня ўрану ў абмен на скасаваньне большасьці санкцыяў. Трамп назваў дамову «жахлівай зьдзелкай», паколькі яна, па яго словах, дазваляе Ірану аднавіць сваю ядзерную праграму.

Іран неаднаразова заяўляў, што яго ядзерная праграма не накіраваная на распрацоўку ядзернай зброі.

Іран і іншыя ўдзельнікі пагадненьня працягваюць прытрымлівацца яго палажэньняў. Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ), якое адсочвае выкананьне пагадненьня, заяўляе, што Іран выконвае яго, і што яно дазваляе больш эфэктыўна вэрыфікаваць дзейнасьць Ірана ў ядзернай сфэры.

На мінулым тыдні прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў пра гатоўнасьць да беспасярэдніх перамоваў зь Іранам. Трамп прывёў у прыклад яго нядаўнія перамовы з паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ынам і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у якасьці прыкладаў яго наўпроставай дыпляматычнай працы зь лідэрамі, якія лічацца варожымі да інтарэсаў ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG