Кампанія Facebook заявіла позна ўвечары 31 ліпеня, што выкрыла намаганьні з мэтай маніпуляцыі палітыкай ЗША перад лістападаўскімі выбарамі ў Кангрэс, выклікаўшы жорсткую рэакцыю сярод палітыкаў у Вашынгтоне.
Facebook зазначыў, што ня можа зьвязваць намаганьні непасрэдна з Расеяй ці з выбарамі, да якіх засталося менш за 100 дзён, але заканадаўцы, якім Facebook паведаміў пра дэталі ўмяшаньня, адзначаюць, што выкарыстаныя мэтады паказваюць на расейскую датычнасьць.
«Гэта абсалютная атака на нашу дэмакратыю. Лічу з досыць вялікай упэўненасьцю, што... гэта зьвязана з расейцамі», — сказаў Марк Уорнэр, вядучы дэмакрат у сэнацкім камітэце па выведцы, сябрам якога Facebook паведаміў пра свае высновы.
«Мэта гэтых апэрацый палягае ў тым, каб сеяць разлад, недавер і падзел (сярод амэрыканцаў — РС). Расейцы прагнуць слабой Амэрыкі», — сказаў старшыня камітэту сэнатар Рычард Бэр.
Кампанія паведаміла, што знайшла 32 «фэйкавыя» акаўнты ў сетках Facebook і Instagram, якія выдаліла, паколькі яны былі замяшаныя ва «ўзгодненых» і «недакладных» палітычных паводзінах. Facebook дадаў, што выявіў сувязі паміж выдаленымі акаўнтамі і тымі, якія стварыла расейскае «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў», якое пракуроры ЗША раней назвалі датычным да намаганьняў, накіраваных на ўплыў на зыход прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году.
Каля 300 000 чалавек сачылі за прынамсі адным з выдаленых акаўнтаў, паведамляе Facebook, сотні тысяч людзей зацікавіліся прыблізна 30 палітычнымі падзеямі, якія гэтыя старонкі рэклямавалі.
У студзені 2017-га выведныя службы ЗША выступілі з супольнай заявай аб тым, што расейская ўлада праводзіла маштабную дзейнасьць, спрабуючы паўплываць на хаду прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2016 году. Расьсьледаваньне, куратарам якога зьяўляецца спэцпракурор Робэрт Мюлер, пакуль ня высьветліла, ці паўплывалі дзеяньні Масквы на вынік выбараў.
Дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы: абвінавачаньні ва ўмяшаньні Расеі ў выбары «неабвержныя»
У лютым 2018 году ЗША прад’явілі абвінавачваньні 13 меркаваным супрацоўнікам расейскага «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» («Фабрыкі троляў»), якія, на думку сьледзтва, пісалі ў сацсетках ад імя амэрыканцаў з мэтай пасеяць варожасьць у грамадзтве перад выбарамі 2016 году — ЗША лічаць, што гэта рабілася ў рамках расейскай кампаніі па ўмяшаньню ў выбары.
У верасьні 2017 году Facebook выдаліў большасьць групаў, зьвязаных з пракрамлёўскай «Фабрыкай троляў». Кампанія Facebook распавяла, што зьвязаныя з Расеяй акаўнты, у прыватнасьці з «АІД», пачынаючы з пэрыяду выбараў прэзыдэнта ЗША куплялі ў сацсетцы рэкляму, якая насіла палітычны характар. На думку некаторых экспэртаў, гэта дапамагло перамагчы Дональду Трампу.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пастаянна адмаўляе змову і называе расьсьледаваньне «паляваньнем на ведзьмаў». Расея таксама адмаўляе ўмяшаньне.