Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп абвінаваціў Абаму ў бязьдзейнасьці ў сувязі з умяшаньнем Расеі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

На мінулым тыдні спэцпракурор Мюлер абвінаваціў 13 расейскіх грамадзян і 3 арганізацыі ў правядзеньні кампаніі ўплыву на выбары.

Дональд Трамп зноў абвінаваціў свайго папярэдніка ў няправільнай рэакцыі на расейскае ўмяшаньне на прэзыдэнцкіх выбарах 2016 году, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Абама быў прэзыдэнтам аж да самых выбараў 2016 году і нават пасьля. Дык чаму ж ён нічога не зрабіў у сувязі з расейскім умяшаньнем?» — напісаў Трамп у «Твітэры» ў панядзелак.

Выпад у бок Абамы ўвайшоў у чарговую сэрыю твітаў прэзыдэнта.

Твіт быў характэрнай скаргай для Трампа, які час ад часу спрабуе прынізіць маштабы расейскага ўмяшаньня і абвінаваціць свайго папярэдніка ў тым, што ён не спыніў яго.

Раней у панядзелак Крэмль адкінуў сьцьвярджэньні аб яго ўмяшаньні. Прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў заявіў журналістам, што выстаўленыя абвінавачаньні беспадстаўныя.

Гэтая заява была зроблена празь некалькі дзён пасьля таго, як спэцпракурор Робэрт Мюлер абвінаваціў 13 расейскіх грамадзян і тры расейскія арганізацыі ў правядзеньні незаконнай кампаніі «інфармацыйнай вайны» з мэтай паўплываць на выбары на карысьць Трампа.

У абвінаваўчым заключэньні Мюлера сьцьвярджаецца, што гэтую працу вяла кампанія «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў», якая базуецца ў Санкт-Пецярбургу і мае сувязі з Крамлём: 12 яе супрацоўнікаў і фінансіст.

У 37-старонкавым дакумэнце гаворыцца, што расейскія ўдзельнікі змовы хацелі каардынаваць свае намаганьні з супрацоўнікамі выбарчага штабу Трампа. Аднак спэцпракурор не абвінаваціў нікога з штабу Трампа ў змове з расейцамі.

Трамп шматкроць настойваў, што ягоны штаб не ўступаў у змову з Расеяй, нягледзячы на тое, што амэрыканская выведніцкая супольнасьць, а цяпер і Мюлер прыйшлі да высновы, што Расея вяла шырокую кампанію ўмяшаньня ў выбары, каб дапамагчы Трампу перамагчы.

Гэта быў першы выпадак, калі офіс Мюлера выставіў абвінавачаньні супраць грамадзян Расеі і расійскіх арганізацый за ўмяшаньне на выбарах 2016 году.

У нядзелю Трамп апублікаваў сэрыю твітаў, у якіх атакаваў расьсьледаваньні, якія вядуць Мюлер і камітэты Кангрэсу.

«Калі мэта Расеі была ў тым, каб пасеяць рознагалосьсі, дэстабілізацыю і хаос к ЗША, то, улічваючы ўсе гэтыя слуханьні ў Кангрэсе, расьсьледаваньні і нянавісьць да (Рэспубліканскай) партыі, іх посьпехі пераўзышлі іх самыя сьмелыя мары. Яны надрываць жываты ад сьмеху ў Маскве. Стань разумнейшай, Амэрыка!»

Трамп таксама крытыкаваў свайго дарадцу ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Гербэрта Макмастэра, які заявіў, што гаворка ідзе пра «неабвержныя доказы» расейскага ўмяшаньня на выбарах.

«Я ніколі не казаў, што Расея ня ўмешвалася ў выбары, я казаў, што гэта магла быць Расея або Кітай, ці яшчэ нейкая краіна ці група, ці гэта мог быць геній вагой 400 фунтаў, які сядзіць на ложку і гуляе на сваім кампутары, — напісаў Трамп у „Твітэры“. — Выдумка з Расеяй была ў тым, што штаб Трампа [нібыта] уступаў у змову з Расеяй, чаго ніколі не было!»

Трамп заявіў, што Макмастэр «забыўся сказаць, што расейцы не паўплывалі і не зьмянілі вынікі выбараў 2016 году, і што адзіная змова мела месца паміж Расеяй» і яго апанэнткай на выбарах — Гілары Клінтан, а таксама іншымі дэмакратамі. Паводле Трампа, Макмастэр праігнараваў фінансаваньне дэмакратамі палітычнага дасьледаваньня, якое ўвайшло ў спрэчнае дасье, у якім гаварылася аб сумнеўных сувязях Трампа з расейскімі суб’ектамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG