Людзям майго пакаленьня на працягу жыцьця двойчы выпала доля жыць у пэрыяд застою.
У старажытным Кітаі адным з самых страшных праклёнаў на адрас ворага было: «Каб ты жыў у эпоху пераменаў». Здаецца, сёньняшняя Беларусь падорыць сьвету новую мудрасьць. Чыста беларускі праклён гучыць так: «Каб ты другі раз у жыцьці трапіў у эпоху застою, па нейкай злой недарэчнасьці названага „стабільнасьцю“».
Чаму ўзьнікла беларуская мадэль
Безумоўна, прыход Аляксандра Лукашэнкі да ўлады 24 гады таму нельга лічыць выпадковасьцю. Ён толькі ўдала асядлаў тыя грамадзкія трэнды, якія моцна разьвіваліся ў першай палове 1990-х гадоў. Маладая краіна не была гатовая да глыбокай трансфармацыі пасьля краху камуністычнага ладу. Савецкая сацыяльная мадэль у Беларусі аказалася больш эфэктыўнай, чым у іншых рэгіёнах СССР, і яе разбурэньне выклікала тут большае незадавальненьне насельніцтва. Высокая канцэнтрацыя буйных прадпрыемстваў вымагала ад уладаў захоўваць іх працу як умову сацыяльнай стабільнасьці ў краіне. Большасьць беларусаў разумела абвешчаную Міхаілам Гарбачовым перабудову як стварэньне больш справядлівай патэрналісцкай дзяржавы, і таму яе крах на пачатку 1990-х гадоў выклікаў моцнае расчараваньне.
Аляксандар Лукашэнка на першых прэзыдэнцкіх выбарах добра адчуў гэтыя грамадзкія настроі і прапанаваў свой адказ. Гэта ўсталяваньне моцнай улады, навядзеньне парадку, захаваньне дзяржаўнай уласнасьці, барацьба зь бізнэсоўцамі і намэнклятурай, саюз з Расеяй і рэінтэграцыя постсавецкай прасторы. Згаданая праграма была альтэрнатыўнай таму курсу на рэформы, які рэалізоўваўся ва ўсіх посткамуністычных краінах.
Самае цікавае, што Аляксандру Лукашэнку сапраўды ўдалося рэалізаваць асноўныя пункты сваёй праграмы. Чысьціня экспэрымэнту была дасягнута ня толькі яго працягласьцю, але і ў пэўным сэнсе ўпартасьцю галоўнага экспэрымэнтатара, зачараванага ягонай вонкавай прыгажосьцю. Настаў час падводзіць вынікі.
Вынікі беларускага экспэрымэнту
Не аднойчы я чуў ад дыпляматаў постсавецкіх краін фразу: затое вы захавалі прамысловасьць! Я адказваю: так, але якую цану за гэта заплацілі! Самая высокая інфляцыя і неаднаразовая дэвальвацыя — рэкордныя ня толькі на постсавецкай прасторы, але, фактычна, у сьвеце за апошнія два дзясяткі гадоў (калі вынесьці за дужкі анамаліі Зымбабвэ і Вэнэсуэлы). Фактычнае спыненьне эканамічнага росту. Узровень заробкаў застыў на адзнацы 2009 году. Гэтая захаваная савецкая прамысловасьць павольна памірае, атручваючы ўвесь эканамічны арганізм.
Паводле інфармацыі Нацбанку, безнадзейная запазычанасьць дзяржпрадпрыемстваў перад банкамі склала 14% у адносінах да ВУП (каля 7 млрд даляраў). У 2001 годзе сярэдняя пэнсія ў Беларусі складала 45% ад сярэдняга заробку, а ў 2018 годзе — толькі 36%. Гэта пры тым, што Беларусь атрымлівае даволі значныя расейскія датацыі і кожны год, каб захоўваць сацыяльнае статус-кво, бярэ ўсё новыя замежныя крэдыты. Тое, што дзяржаўная прапаганда называе стабільнасьцю, даўно ператварылася ў мяртлівы застой.
Сацыяльная дзяржава? Што ад яе застаецца пасьля росту пэнсійнага ўзросту, падвышэньня тарыфаў ЖКГ, ліквідацыі шматлікіх ільготаў? Ва ўсім сьвеце беспрацоўным дзяржава дапамагае, і толькі ў беларускай «сацыяльнай дзяржаве» людзей, якія страцілі працу, абвяшчаюць «дармаедамі» і абкладваюць дадатковым паборамі.
«Паліцэйская дзяржава»
Канцэпт моцнай улады лягічна трансфармаваўся ў клясычную «паліцэйскую дзяржаву». Дзе ўсіх нязгодных з ходу б’юць дубінкай па галаве. Дзе работнікам сілавых структураў дазволена ўсё. Дзе суды ператварыліся ў канвэер па штампаваньні абвінаваўчых прысудаў. Дзе каля паловы дарослага насельніцтва кожны год прыцягваецца да адміністратыўнага пакараньня. Дзе чыноўнікаў і бізнэсоўцаў садзяць у турму часьцей, чым апазыцыянэраў. Дзе бацьку, які захапіў дачку ў закладніцы, адразу застрэльваюць без усялякіх разваг і сантымэнтаў.
«Моцная рука дазваляе нам захоўваць незалежнасьць», — заяўляе праўладны палітоляг Пётра Пятроўскі. Дзіўна, але як гэта ўдаецца захаваць незалежнасьць невялікім дэмакратычным краінам?
Шмат гадоў Лукашэнка ганарыўся, як спрытна яму ўдаецца «разводзіць на бабкі» крамлёўскіх. Але пасьля Крыму і Данбасу выявіўся і адваротны бок гэтай расейскай «халявы». Тут зноў дарэчы ўзгадаць кітайскую прымаўку: «Сеў на тыгра — ня зьлезеш» (бо зьесьць). Адсюль і вядомая выснова, якая прагучала з вуснаў кіраўніка Беларусі ў Шклоўскім раёне пасьля перамоваў з Пуціным: «Мы на фронце. Ня вытрымаем гэтыя гады, правалімся, значыць, трэба будзе ці ў склад якой-небудзь дзяржавы ісьці, ці аб нас проста будуць выціраць ногі». І чаму ж не дапамагае «моцная рука»?
І яшчэ адным пабочным вынікам «навядзеньня парадку» стаў пэрсаналісцкі аўтарытарны рэжым, у межах якога грамадзтва пазбаўлена права ўплываць на дзяржаўную палітыку. І як вішанька на торце — усё хараство наступстваў рэжыму асабістай улады, які ўсё больш нагадвае ўсходнія матывы. Гэта калі другой мэдыйнай пэрсонай у краіне стаў сын кіраўніка Коля. Ці калі Аляксандар Рыгоравіч усё часьцей зьяўляецца на публіцы ў атачэньні прыгожых дзяўчат, якія суправаджаюць яго ўжо і ў працоўных паездках, ён нават у якасьці жарту прапануе адной зь іх («дзетка») стаць кіраўніком аграхолдынгу. Які час на двары, такія і жарты.
Але беларусам чамусьці ня сьмешна. Бо ёсьць адчуваньне часу, які спыніўся, і страты ўсялякай пэрспэктывы. Безнадзейнасьць кропка бай.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.