Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль паабяцаў разгледзець зварот маці Сянцова да Пуціна


Людміла Сянцова
Людміла Сянцова

У Крамлі паабяцалі, што прашэньне маці Алега Сянцова да прэзыдэнта Пуціна аб памілаваньні яе сына «не застанецца па-за ўвагай». Яно «безумоўна будзе разгледжана», заявіў прэс-сакратар расейскага лідэра Дзмітры Пяскоў, адзначыўшы, што яму невядома, ці зварот ужо паступіў у адміністрацыю прэзыдэнта.

Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў калёніі паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме, віны не прызнае і адмовіўся прасіць аб памілаваньні.

13 ліпеня, у дзень нараджэньня Алега Сянцова, стала вядома, што да Ўладзіміра Пуціна з просьбай памілаваць сына зьвярнулася Людміла Сянцова. Хадайніцтва аб памілаваньні, напісанае 22 чэрвеня, апублікавала радыёстанцыя «Эхо Москвы».

«Ня буду Вас пераконваць у невінаватасьці Алега, хоць сама ў гэта веру. Проста скажу, што ён нікога не забіваў. Ён ужо адседзеў чатыры гады ў турме. Яго чакаюць дзеці, малодшы сын хворы на аўтызм. Ім дрэнна безь яго. Яны ніколі ня будуць шчасьлівыя бяз бацькі», — напісала Людміла Сянцова. Яна папрасіла Ўладзіміра Пуціна праявіць міласэрнасьць і не губіць жыцьцё яе сына і яго блізкіх.

Раней афіцыйнае прашэньне аб памілаваньні Сянцова з гуманітарных меркаваньняў накіраваў прэзыдэнту Расеі генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Яглянд. У прэс-службе Крамля неўзабаве заявілі, што просьба Яглянда ня можа быць падставай для якіх-небудзь дзеяньняў.

14 траўня Алег Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку ў расейскай калёніі, патрабуючы вызваленьня ўкраінскіх палітвязьняў у Расеі. Па ўсім сьвеце працягваюцца акцыі ў падтрымку асуджанага ўкраінскага рэжысэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG