Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў паводле абвінавачваньня ў падрыхтоўцы тэракту, адмовіўся пісаць прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну прашэньне аб памілаваньні. Пра гэта паведамляе агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на адваката Сянцова Дзьмітрыя Дынзэ.
Паводле юрыста, яго падапечны практычна не ўстае з-за праблем з ныркамі і сэрцам. Сянцову ўколваюць пажыўныя растворы праз катэтэр, бо ягоныя вены сколатыя папярэднімі працэдурамі.
Раней Эўрапейскі суд у правах чалавека прапанаваў Сянцову спыніць галадоўку, аднак ён адмовіўся.
14 траўня Сянцоў пачаў галадоўку з патрабаваньнем вызваліць з расейскіх турмаў і калёніяў украінскіх палітвязьняў. Паводле праваабаронцаў, у Расеі з палітычных матываў адбываюць тэрмін 64 украінца. Чацьвёра зь іх трымаюць галадоўку — гэта сам Алег Сянцоў, а таксама Аляксандр Кольчанка, Аляксандр Шумкоў і Уладзімір Балух. Адвакат Дзьмітрый Дынзэ распавёў Радыё Свабода, што ў Сянцова могуць адмовіць ныркі.
Украінскі рэжысэр асуджаны ў Расеі паводле абвінавачваньня ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Расеяй Крыме. Сянцоў сваю віну не прызнае. Адвакаты і праваабаронцы называюць справу сфабрыкаванай і сьцьвярджаюць, што паказаньняў супраць Сянцова супрацоўнікі ФСБ Расеі дамагліся катаваньнямі.