Маці ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, асуджанага ў Расеі на 20 гадоў калёніі строгага рэжыму паводле абвінавачаньня ў тэрарызме, зьвярнулася да прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна з просьбай аб памілаваньні сына. Хадайніцтва аб памілаваньні, напісанае 22 чэрвеня, апублікавала радыёстанцыя «Эхо Москвы».
«Ня буду Вас пераконваць у невінаватасьці Алега, хоць сама ў гэта веру. Проста скажу, што ён нікога не забіваў. Ён ужо адседзеў чатыры гады ў турме. Яго чакаюць дзеці, малодшы сын хворы на аўтызм. Ім дрэнна безь яго. Яны ніколі ня будуць шчасьлівыя бяз бацькі», — напісала Людміла Сянцова. Яна папрасіла Ўладзіміра Пуціна праявіць міласэрнасьць і не губіць жыцьцё яе сына і яго блізкіх.
Сам украінскі зьняволены адмовіўся пісаць Пуціну прашэньне аб памілаваньні.
Раней расейскія ўлады атрымалі два хадайніцтвы аб памілаваньні Сянцова. Адно зь іх, паводле адваката Дзьмітрыя Дзінзэ, паступіла з Эўропы, а другое — «мясцовае». Афіцыйнае прашэньне аб памілаваньні Сянцова з гуманітарных меркаваньняў накіраваў прэзыдэнту Расеі генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Яглянд. У прэс-службе Крамля неўзабаве заявілі, што просьба Яглянда ня можа быць падставай для якіх-небудзь дзеяньняў.
14 траўня Алег Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку ў расейскай калёніі, патрабуючы вызваленьня ўкраінскіх палітвязьняў у Расеі. Па ўсім сьвеце працягваюцца акцыі ў падтрымку Алега Сянцова.
13 ліпеня Алегу Сянцову спаўняецца 42 гады.