Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як спалучыць два сьцягі — нацыянальны і афіцыйны. Досьвед Літвы і Беларусі


Літоўскі нацыянальны і савецкі сьцягі, 1989. Фота — Romas, miestai.net
Літоўскі нацыянальны і савецкі сьцягі, 1989. Фота — Romas, miestai.net

Трыццаць год таму кароткі адрэзак «перабудовачнай» гісторыі Літвы паказаў, як могуць мірна суіснаваць савецкая і нацыянальная сымболіка. У Літве гэты пэрыяд цягнуўся ўсяго некалькі месяцаў — улетку і ўвосень 1988 году. У Беларусі, дзе лёс нацыянальнай сымболікі значна больш пакручасты, пра бесканфрантацыйнае суіснаваньне двух сьцягоў і двух гербаў яшчэ толькі пачынаюць гаварыць. Але зусім магчыма, што падобная гісторыя паўторыцца і тут.

Два сьцягі над райкамам партыі

Гэта было ўлетку 1988 году, роўна трыццаць год таму. Падчас адпачынку я выправіўся ў Літву, у памежны з маёй малой радзімай Варэнскі раён (гэта на самым поўдні Літвы, лясны і балотны край). У Беларусі нацыянальны рух тады яшчэ толькі абуджаўся, а Літва ўжо віравала. Толькі што была створана ініцыятыўная група «Саюдзіса», які тады яшчэ дэкляраваў сябе як «літоўскі рух за перабудову». Мясцовыя газэты значна раней за беларускія адкрылі шлюзы галоснасьці. Але найбольшае ўражаньне ад той даўняй вандроўкі пакінуў выгляд будынка мясцовай раённай улады. Усе ўладныя інстытуцыі пакуль яшчэ заставаліся на сваіх ранейшых месцах — і райкам партыі (КПЛ-КПСС), і раённы Савет дэпутатаў. Але над франтонам будынка трапяталі на ветры адразу два сьцягі.

Адзін са сьцягоў — натуральна, Літоўскай ССР (чырвоны, з вузкімі зялёнай і белай палоскамі, зь сярпом і молатам), а другі — нацыянальны чырвона-зялёна-жоўты, сьцяг міжваеннай незалежнай Літоўскай Рэспублікі, анэксаванай Савецкім Саюзам у 1940 годзе. Сьцягі былі аднолькавай велічыні і ўсталяваныя акуратна і надзейна, яўна не выпадкова. Відовішча было нечаканае і сымбалічнае.

Разгаварыўся з кімсьці зь мясцовых. Аказалася, гэта зусім не варэнская ініцыятыва, так цяпер па ўсёй Літве. Адзін сьцяг — дзяржаўны, другі — нацыянальны... Літоўцы вырашылі, што цяпер яны павінны вывешвацца побач.

...Шкадую, што ня меў тады з сабой фатакамэры. Цяпер, праз трыццаць год, знайсьці ў сеціве адпаведную ілюстрацыю не ўдалося. Напэўна, з той прычыны, што пэрыяд, калі гэтыя два сьцягі ў Літве суіснавалі на роўных, доўжыўся вельмі непрацяглы пэрыяд, літаральна некалькі летніх месяцаў.

Ужо ўвосень 1988 году, прыехаўшы ў Вільню, звыклага сьцяга савецкай Літвы я ня ўбачыў. Пад ціскам «Саюдзіса» камуністы тады здавалі пазыцыі ледзь ня штодня. 7 кастрычніка 1988 году адбылася ўрачыстая цырымонія ўзьняцьця нацыянальнага трыкалёра над вежай Гедыміна. А празь месяц Сэйм унёс папраўкі ў закон і абвясьціў чырвона-зялёна-жоўтае палотнішча дзяржаўным сьцягам Літоўскай ССР. Яшчэ быў параўнальна трывалым СССР, яшчэ не зьбіралася разьвітвацца з уладай КПСС, яшчэ не было ніякай мяжы паміж Ашмянамі і Вільняй...

Перамір’е ў вайне сымбаляў

У беларускай нацыянальнай сымболікі — уласная драматычная гісторыя. Адметна, аднак, што і ў Беларусі быў факт, што над адміністрацыйным будынкам адначасова луналі два сьцягі — бел-чырвона-белы і чырвона-зялёны. Гэты эпізод падрабязна апісвае ў сваёй кнізе «Справа Бяляцкага» журналіст Свабоды Валер Каліноўскі.

Здарылася гэта, праўда, значна пазьней, чым у Літве — у верасьні 1991 году, неўзабаве пасьля жнівеньскага путчу ГКЧП. Менскі гарсавет пад ціскам дэмакратычнай фракцыі ўхваліў рашэньне аб выкарыстаньні нацыянальнай сымболікі, і пасьля гэтага над будынкам Менскага гарсавету на працягу двух тыдняў — да 19 верасьня 1991 году, калі Вярхоўны Савет зацьвердзіў нацыянальную сымболіку ў якасьці дзяржаўнай — луналі два сьцягі: бел-чырвона-белы і чырвона-зялёны.

Пасьля рэфэрэндуму 1995 году гістарычныя сымбалі чарговы раз трапілі пад забарону, і многім здавалася, што бязь зьмены палітычнага рэжыму іх вяртаньне немагчымае. Але мінуў час — і вось ужо нават апалягеты дзейнай улады час ад часу заводзяць размовы пра тое, што няблага б надаць бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, што няма вялікай заганы ў тым, каб дазволіць іх свабоднае выкарыстаньне на тэрыторыі дзяржавы, што такі крок мог бы стаць сродкам яднаньня грамадзян розных палітычных поглядаў.

Пакуль што ўлада да такіх прапаноў ставіцца даволі асьцярожна. Але, назіраючы за тым, як гістарычныя сымбалі адваёўваюць сабе ўсё больш месца ў грамадзкай прасторы, зь якой сымпатыяй ставяцца да іх новыя пакаленьні беларусаў — цяжка пазбавіцца ад думкі, што эпоха безальтэрнатыўнага панаваньня савецкай сымболікі ўсё ж набліжаецца да свайго завяршэньня.

Думаючы пра тое, якім магло б быць вяртаньне гістарычных нацыянальных сымбаляў у грамадзкі і палітычны ўжытак Беларусі, я заўсёды ўспамінаю тыя два сьцягі над Варэнскім райкамам партыі. Праўда, пераходны пэрыяд, які ў Літве падчас гарбачоўскай перабудовы цягнуўся некалькі месяцаў, у Беларусі можа доўжыцца гадамі і дзесяцігодзьдзямі. Але вынік, праўдападобна, будзе той самы...

У савецкай Літве часоў Сталіна за нацыянальны чырвона-жоўта-зялёны сьцяг можна было трапіць на 20 гадоў у ГУЛАГ. У брэжнеўскім СССР за гэта ж у лепшым выпадку маглі прымусова накіраваць у «псыхушку», у горшым — на некалькі гадоў мардоўскага лесапавалу. Пазьней нацыянальная сымболіка мірна суіснавала з афіцыйнай.

А ў сёньняшняй Літве сьцягі памяняліся месцамі. Калі летась у лістападзе жыхар Вільні Вадзім Чубукас вывесіў на сваім доме на бачным месцы савецкі сьцяг (як ён потым сьцьвярджаў у судзе — каб прасушыць), то тут жа быў аштрафаваны на 150 эўра «з канфіскацыяй прылады злачынства».

Усё ж на постсавецкай прасторы зь яе драматычнай гісторыяй мірнае суіснаваньне дзьвюх сымболік пакуль што даецца зь вялікай цяжкасьцю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Як арнамэнт з сям’і «ворагаў народу» трапіў на дзяржаўны сьцяг

50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG