Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг


19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет тады яшчэ БССР надаў бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу “Пагоня” статус дзяржаўных сымбаляў.

Крыніца: Арт Сядзіба

1. 1410 год. Беларускія дасьледнікі браты Іван і Антон Луцкевічы знайшлі ў адным з аль-кітабаў зьвесткі пра татарскую коньніцу, якая брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве пад бел-чырвона-белым сьцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Менавіта з прычыны прыналежнасьці бел-чырвона-белага палотнішча да выбітнага вялікага князя дзеячы нацыянальна-вызваленчага руху пачалі актыўна прапагандаваць яго як гістарычны сьцяг беларусаў [1*].

2. 1444 год. Чырвоны крыж на белым палотнішчы — баявы сьцяг войска ВКЛ у XV стагодзьдзі. Паводле гравюры «Бітва пад Варнай» з кронікі Марціна Бельскага [2*] [3*].

Гравюра «Бітва пад Варнай», 1444 год
Гравюра «Бітва пад Варнай», 1444 год


3. Каля 1520 года [4*]. Створана вялікае палотнішча «Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 г.» [5*]. Яго аўтар, мяркуюць гісторыкі, быў удзельнікам бітвы, а захоўваецца яно ў варшаўскім Нацыянальным музэі. На карціне з фатаграфічнай дасканаласьцю ўзноўленыя дэталі перамогі над утрая большым маскоўскім войскам.

Карціна «Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 г.», 1520 год
Карціна «Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 г.», 1520 год



Вялікалітоўская кавалерыя карысталася сьцягам Сьвятога Юр'я — чырвоны крыж на белым палотнішчы, які, хутчэй за ўсё, стаў прататыпам бел-чырвона-белага сьцяга [6*].

Сьцяг Святога Юр'я
Сьцяг Святога Юр'я




4. XVI стагоддзе. У Вялікім Княстве Літоўскім вялікае пашырэньне атрымаў шляхецкі герб «Котвіч»: «у срэбным полі чырвоны пас» [7*] — выява бел-чырвона-белага сьцяга [8*].

Герб Котвіч
Герб Котвіч




5. 1605 год. Пасьля Люблінскай вуніі 1569 года рабіліся спробы стварыць аб’яднаны сьцяг для Рэчы Паспалітай — аб’яднаных Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. У 1605 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт III Ваза пачаў выкарыстоўваць трохпалосны чырвона-бел-чырвоны сьцяг, а крыху пазьней зьявіўся бел-чырвона-бела-чырвоны сьцяг [9*].

6. 1630 год. Ёсьць згадкі пра бел-чырвона-белыя сьцягі [8*] на карціне Пітэра Снаерса, прысьвечанай бітве 1605 года пад Кірхгольмам [10*].

Карціна Пітэра Снаерса, прысьвечаная бітве 1605-га года пад Кірхгольмам, 1630 год
Карціна Пітэра Снаерса, прысьвечаная бітве 1605-га года пад Кірхгольмам, 1630 год



7. XVI—XVIII стагодзьдзі. Беларускія татары выстаўлялі войска пад уласнай харугвай бел-чырвона-белага колеру з выявай па цэнтры паўмесяца і зоркі [9*].

8. 1776—1783 гады. Ротны сьцяг беларускай гусарскай харугвы [11*].

Ротны сьцяг беларускай гусарскай харугвы
Ротны сьцяг беларускай гусарскай харугвы




9. 1781 год. Герб Віцебску [12*] [13*].




10. 1812 год. У Дзяржаўным музеі Літвы ў Вільні захоўваецца значок 19-га палку ўланаў: Ашмянскі, Троцкі, Ковенскі, Гарадзенскі, Лідскі, Наваградскі, Слонімскі, Ваўкавыскі паветы [14*].




11. 1824—1825 гады. Галаўны ўбор палкоўніка Беларускага гусарскага палку [11*].




12. 1824—1825 гады. Ківер ніжніх чыноў Гарадзенскага лейб-гвардыі гусарскага палку [11*].




13. 1840 год. Герб Віцебскай губерні (з фондаў Дэпартамэнту Геральдыі Расейскай імпэрыі) [15*].




14. 1850 год. Малюнак герба Лепеля (з фондаў Дэпартамэнту Геральдыі Расейскай імпэрыі) [15*].




15. 1872 год. Бел-чырвона-белыя сьцягі на карціне Яна Матэйкі «Стэфан Баторы пад Псковам» [16*].

Карціна Яна Матэйкі «Стэфан Баторы пад Псковам»
Карціна Яна Матэйкі «Стэфан Баторы пад Псковам»



16. 1863 год. У час паўстаньня 1863—1864 гадоў, калі Кастусь Каліноўскі вярнуўся да герба «Пагоня», ёсьць падставы меркаваць, што ён адрадзіў і бел-чырвона-белы сьцяг [9*]: у Віленскім гістарычна-этнаграфічным музэі захоўваецца трыкутны сьцяжок тых часоў, на якім у сярэдзіне, уздоўж белага поля, праведзена чырвоная паласа [11*].

17. 1909—1912 гады. бел-чырвона-белымі стужкамі карыстаюцца сябры гурткоў дэмакратычнага беларускага студэнцтва ў Санкт-Пецярбургу (з успамінаў Я. Ф. Сушынскага) [1*].

18. 1916 год. Сьцяг зь бел-чырвона-белым палотнішчам мела арганізацыя «Сувязь незалежнай Беларусі», якой кіраваў Вацлаў Ластоўскі [1*].

19. Люты 1917 год. Паводле шматлікіх сьведчаньняў, праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сьцяга распрацаваў беларускі грамадзка-палітычны і культурны дзяяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі не пазьней за 1917 год [17*] [18*].

Спробу гістарычнай рэканструкцыі працэсу стварэньня сьцяга Дуж-Душэўскім зрабіў блогер Skepsus [19*]:

Лютаўскім вечарам 1917-га Клаўдзій, перабіраючы старыя кнігі, намагаўся ў бясконцых спробах вынайсьці нацыянальны сьцяг, які павінен быў стаць сымбалем адроджанай Беларусі. З колерамі ўсё было зразумела (белы і чырвоны), але праблемаю заставаўся малюнак.

Пошукам вырашэньня задачы перашкаджала дыскусія, якую ў суседнім пакоі вялі сябры па руху абуджэньня.

Раптам адзін зь іх з крыкам «Дзе два беларусы, там тры партыі» выскачыў з памяшканьня як ашпараны. Гэта стала тым штуршком, які прывёў Клаўдзія да адкрыцьця: дзьве белыя паласы на трохпалосным сьцягу.

Ранкам бел-чырвона-белы сьцяг быў зацьверджаны як прыгожы, ляканічны і адпавядаючы законам геральдыкі. Аб сапраўднай тэарытычнай падаплёцы Дуж-Душэўскі разважліва змаўчаў.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі (зьлева), сьнежань 1919 году
Клаўдзій Дуж-Душэўскі (зьлева), сьнежань 1919 году



20. 10-13 сакавіка 1917 года. Бел-чырвона-белы сьцяг стаў галоўным элемэнтам падчас сьвята «Дзень беларускага значка» [1*], калі бел-чырвона-белыя адзнакі, кукарды і сьцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Менску. Сьцягі, пашытыя паводле эскізу Клаўдзія Дуж-Душэўскага былі разасланыя ў мясцовыя арганізацыі [18*].

21. 5 жніўня 1917 года. На 1-й сэсіі Беларускай цэнтральнай рады было вызначана, што ўсе вайскоўцы-беларусы мусяць насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьненьня [20*].

22. Сьнежань 1917 года. У Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі распачаў сваю працу Першы Ўсебеларускі кангрэс [1*].

Паводле ўспамінаў Канстанціна Езавітава:

«Адкрыцьцё Першага Усебеларускага кангрэсу было дужа ўрачыстае. Пры дзьвярах будынка стаяла варта Першага Менскага беларускага палку, сцэна была ўпрыгожана нацыянальнымі сьцягамі і гербам Пагоня» [21*].


Цэлы пакет старых папераў, датаваных пачаткам ХХ стагодзьдзя, удалося ўратаваць падчас рэканструкцыі Купалаўскага тэатра ў 2013-м годзе. Сярод унікальных знаходак — выява бел-чырвона-белага сьцяга на шэрым кардоне. Адмыслоўцы не выключаюць, што такія карткі выкарыстоўвалі ў часе галасаваньня дэлегаты Першага Ўсебеларускага кангрэсу ў сьнежні 1917-га [22*].

Выява бел-чырвона-белага сьцяга на шэрым кардоне. 1917 год
Выява бел-чырвона-белага сьцяга на шэрым кардоне. 1917 год


23. 25-27 студзеня 1918 года. Бел-чырвона-белы сьцяг выкарыстоўваўся падчас Беларускай нацыянальнай канфэрэнцыі [23*].​
24. 19 лютага 1918 года. Упершыню беларускі сьцяг узьняўся над будынкам губэрнатарскага палаца ў Менску пасьля выгнаньня бальшавікоў [24*].




25. 5 жніўня 1918 года. Зьяўляецца дакумэнт, якім Сакратарыят БНР зацьвярджае бел-чырвона-белы сьцяг [1*].

Шыльда вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі
Шыльда вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі



26. 11 жніўня 1918 года. У газэце «Вольная Беларусь» зьяўляецца першае апісаньне сцяга. У артыкуле Вацлава Ластоўскага «Што трэба ведаць кожнаму Беларусу» ў разьдзеле VII «Сымбалі Беларусі» ён піша:

«Якія нацыянальныя колеры? Нацыянальны беларускі колер — бела-чырвоны. 3 гэтых колераў састаўлен і беларускі флаг, які складаецца з трох уздоўж палосак — белай, чырвонай і зноў белай» [1*].


27. 1918 год. Друкуюцца паштоўкі зь дзяржаўнымі сымбалямі Беларускай Народнай Рэспублікі [25*].

Паштоўка часоў БНР, 1918 год
Паштоўка часоў БНР, 1918 год




28. 1919-1925 гады. У снежні 1918 г. ў Менск ізноў вярнулася савецкая ўлада, а ўрад БНР перабраўся ў 1919 годзе ў Вільню, дзе і працягваў функцыянаваць да 1925 года [1*]. Сьцяг Рады БНР 1920-1925 гадоў уяўляў сабой бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг, дапоўнены дзьвюма вузкімі, верагодна, чорнымі (жалобнымі), палоскамі, якія падзяляюць белы і чырвоны колеры [30].

Жалобны бел-чырвона-белы сьцяг
Жалобны бел-чырвона-белы сьцяг




У архіве А. Басава захаваўся чорна-белы фотаздымак тых гадоў [23*]. Эміграцыя, нават калі ў дадзеным выпадку і адносная (няма дзяржавы, але ў раёне Вільні пражывала вельмі шмат беларусаў),— гэта заўсёды трагедыя для тых, хто любіць сваю Радзіму, і знак жалобы зьяўляецца такім натуральным у гэтай сытуацыі [1*].

Беларуская эміграцыя ў Вільні
Беларуская эміграцыя ў Вільні



29. 1920 год. Бел-чырвона-белым сьцягам, як беларускім і дзяржаўным, карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстаньня і вайсковыя фармаваньні Булак-Балаховіча [1*].

30. 1920 год. Сьцяг Беларускага адмысловага батальёну ў складзе войска Літвы (1920). Пасьля далучэньня Літвы да СССР сьцяг канфіскаваў Народны камісарыят унутраных справаў [26*].




31. 1920-1922 гады. Факт існавання беларускага бел-чырвона-белага сьцяга перашкодзіў праекту Л. Гросвальдса, які прапаноўваў падобны сьцяг на ролю дзяржаўнага сьцяга незалежнай Латвіі [1*].

32. 1926 год. У пэрыяд з 1924 па 1927 год БССР фактычна ня мела свайго дзяржаўнага сьцяга. Паводле ўспамінаў удзельнікаў канфэрэнцыі па рэформе беларускай мовы 1926 года, памяшканьне будынка ў Мінску, дзе яна праводзілася, упрыгожвала бел-чырвона-белае сонца зь пяцьцю бел-чырвона-белымі прамянямі [1*].

33. 1927 год. Бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваўся нацыянальна-вызваленчым рухам у акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі. На здымку зьезд Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў Вільні [27*].

Зьезд Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў Вільні, 1927 год
Зьезд Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў Вільні, 1927 год



34. 1927-1930 гады. Выкарыстоўваўся сьцяг і непалітычнымі арганізацыямі, такімі як, напрыклад, Таварыства беларускай школы [27*]. На фотаздымках гурткі ТБШ у Горадні і Міры.

Сябры Гарадзенскага гуртка ТБШ, 1927 год
Сябры Гарадзенскага гуртка ТБШ, 1927 год


Гурток Таварыства беларускай школы ў Міры, 1930 год
Гурток Таварыства беларускай школы ў Міры, 1930 год


35. 1927 год. Абмяркоўваецца праект герба БССР, які ў агульных рысах паўтараў герб СССР, але меў бел-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцыяў, аднак Прэзыдыюм ЦВК у выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай [28*].

36. 1932 год. Вымпел Дняпроўска-Дзвінскага параходзтва, які зьявіўся, імаверна, у 1932 годзе, уяўляў сабою трыкутнае палотнішча з чырвоным ромбам, астатнія часткі палотнішча былі белымі. У наступныя гады назва параходзтва зьмянілася на Верхне-Дняпроўскае, а затым на Беларускае рачное [29*].

Вымпел Дняпроўска-Дзвінскага параходзтва, 1932 год
Вымпел Дняпроўска-Дзвінскага параходзтва, 1932 год




37. 31 жніўня 1934 года. Пра ўласнае аўтарства беларускага нацыянальнага сьцяга ва ўспамінах піша Клаўдзій Дуж-Душэўскі (пераклад зь літоўскай) [18*]:

«Цікава адзначыць, што беларусы лічылі сваім дзяржаўным сьцягам такі ж сьцяг, як і літоўцы, г. зн. белы вершнік на чырвоным фоне, але нацыянальнага сьцяга тады яшчэ не было і мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сьцяга, адзін зь якіх быў прыняты, а менавіта белая, чырвоная і белая палосы. З гэтага часу гэты сьцяг і зьяўляецца беларускім нацыянальным сьцягам».

Успаміны Клаўдзія Дуж-Душэўскага (пераклад зь літоўскай), 1934 год
Успаміны Клаўдзія Дуж-Душэўскага (пераклад зь літоўскай), 1934 год


38. 1941-1944 гады. У Другую сусьветную вайну бел-чырвона-белы сьцяг разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада) [30*] [31*].

Менскі гарадзкі тэатар, 1943 год
Менскі гарадзкі тэатар, 1943 год




Як сьведчыць распараджэньне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14 чэрвеня 1944), гэтае выкарыстаньне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі.

У Менску пад час Другой сусьветнай вайны
У Менску пад час Другой сусьветнай вайны




Шырока вядомае распараджэньне, быццам падпісанае гаўляйтэрам Беларусі Вільгельмам Кубэ і надрукаванае ў газеце «Раніца» (27 чэрвеня 1942), пра дазвол карыстацца бел-чырвона-белым сьцягам побач зь нямецкай сымболікай «пры сьвяткаваньнях або для абазначэньня беларускай нацыянальнасьці» апынулася, паводле вынікаў пазьнейшых дасьледаваньняў, тагачаснай дэзынфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі [30*].

Сёньня праціўнікі бел-чырвона-белага сьцяга часта ўжываюць гэты факт для дыскрэдытацыі сваіх апанэнтаў, абвінавачваючы іх у фашызьме. Пры гэтым звычайна замоўчваецца, што аналягічным чынам нямецкія вайсковыя фармаваньні выкарыстоўвалі цяперашнія сьцягі Бэльгіі, Латвіі, Літвы, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Расеі, Украіны, Францыі, Эстоніі і некаторых інш. краінаў Эўропы і Азіі.


39. Чэрвень 1944 года. Парад Беларускай краёвай абароны ў Менску ля цяперашняга Дому ўраду [32*] [33*].




40. 27 чэрвеня 1944 года. Адбыўся Другі Ўсебеларускі Кангрэс. Уражаньні Яўхіма Кіпеля з кнігі «Эпізоды» [34*]:

«Дзень 27 чэрвеня 1944 года ўспамінаецца мне ўрачыстым, па-сапраўднаму сьвяточным: у Менску пачалі хадзіць трамваі, упрыгожаныя нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі, на вуліцах шмат руху, усюды ва ўстановах людзі з правінцыі, багата моладзі — бальшыня ва ўніформах СБМ».


Другі Ўсебеларускі Кангрэс праходзіў у Менскім гарадзкім тэатры. Уваход быў упрыгожаны «Пагоняй» і бел-чырвона-белымі сьцягамі, а будынак ахоўвалі ад магчымых правакацый — як з боку немцаў, так і з боку савецкіх падпольшчыкаў-тэрарыстаў — жаўнеры Беларускай Краёвай Абароны [34*].

Другі Усебеларускі Кангрэс у Менскім гарадзкім тэатры, 1944 год
Другі Усебеларускі Кангрэс у Менскім гарадзкім тэатры, 1944 год



41. 50-80-я гады XX стагодзьдзя. У савецкі час у БССР бел-чырвона-белы сьцяг трапляе пад забарону, але актыўна выкарыстоўваецца беларускай дыяспарай за мяжою [35*].

Беларускае сьвяткаваньне ў Таронта,1971 год
Беларускае сьвяткаваньне ў Таронта,1971 год




42. 24 жніўня 1991 года. Дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сьцяг у Вярхоўны Савет [38*].

24 жніўня 1991 года дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сьцяг у Вярхоўны Савет БССР
24 жніўня 1991 года дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сьцяг у Вярхоўны Савет БССР




На наступны дзень, 25 жніўня, Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце [39*], якая была прынятая 27 ліпеня 1990-га года Вярхоўным Саветам БССР, быў нададзены статус канстытуцыйнага закону [38*].

43. 19 верасьня 1991 года. Вярхоўны Савет БССР прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», а таксама аб назьве нашай краіны [38*]. У адпаведнасці з гэтымі законамі краіна стала называцца Рэспублікай Беларусь і была ўведзеная новая дзяржаўная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» [40*].



44. Верасень 1991 года. Адразу пасьля прыняцьця закону «Аб дзяржаўных сымбалах» на Доме ўраду зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг, які загадзя прынесьлі дэпутаты з БНФ [38*] [41*].
Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» на Доме ўраду, 1991 год
Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» на Доме ўраду, 1991 год




45. 4 кастрычніка 1991 года. Была сфармаваная адмысловая Камісія пры Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету для распрацоўкі і зацьвярджэньня дзяржаўнай сымболікі, атрыбутыкі і адпаведных дакумэнтаў да іх. У яе ўваходзіла больш за 20 чалавек: вядомыя гісторыкі, мастакі, дызайнэры, мастацтвазнаўцы. Узначаліў Камісію дэпутат Алег Трусаў [36*].

У мастацкую групу ўвайшлі Яўген Кулік, Мікола Купава, Лявон Бартлаў, Леў Талбузін і Уладзімір Крукоўскі. Праца працягвалася амаль тры месяцы. У працы над эталёнамі, маторам усёй акцыі быў мастак Яўген Кулік [37*]. Над гербам найбольш давялося працаваць Куліку і Крукоўскаму. Талбузін займаўся навершам сцяга, а потым, калі былі гатовы графічны і каляровы эталоны, пачаў ляпіць рэльеф (аб’ёмны эталён). Купава рабіў узоры дзяржаўных пячатак, Крукоўскаму давялося яшчэ зрабіць новы нагрудны знак дэпутата [36*]

46. 1993 год. Выйшла кніга Вінцука Вячоркі зь ілюстрацыямі Пятра Драчова для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту «Пра герб і сьцяг». Кніга разышлася накладам больш за сто тысячаў. З таго часу не перавыдавалася [3*].
Вокладка кнігі «Пра герб і сьцяг», 1993 год
Вокладка кнігі «Пра герб і сьцяг», 1993 год



47. 27 ліпеня 1994 года. Адзначаецца Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Піша Юры Малярэўскі [42*]:

«Дзень незалежнасьці 27 ліпеня 1994 года быў адметны ад папярэдніх тым, што адчувалася сапраўднае сьвята. У кожнага яно было сваё, але было і нешта агульнае, што ў той дзень яднала ўсіх. Таму ў сьвяточных калёнах ішлі такія розныя і да болю знаёмыя людзі, адчуваўшыя сябе грамадзянамі адной дзяржавы. Паглядзіце на здымкі: тры бабулі, пагодкі Кастрычніка 17-га, сьвятое духавенства, якое, як і належыць, было ў той дзень поруч са сваімі вернікамі (хоць і не зусім поруч, але ж непадалёку), шчасьлівы Зянон Пазняк, разважлівы, задуменны Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін… Эх, як бы хацелася, каб тое хлапчанё, што ўмасьцілася на бацькавым карку зь бел-чырвона-белым сьцяжком, за які яшчэ ня вельмі даўно нам давалі (і зараз зноўку даюць) паспытаць “гумы з чаромхай”, пачувала сябе беларусам, годным чалавекам ды сапраўдным патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Каб і праз сто, і празь дзьвесьце гадоў, і праз цэлую вечнасьць нашчадкі годна адзначалі сьветлае сьвята — Дзень незалежнасьці (але не ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў!), прамаўляючы вечныя словы: Жыве Беларусь!».

Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Фота Юрыя Малярэўскага. 1994 год
Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Фота Юрыя Малярэўскага. 1994 год


48. 20 ліпеня 1994 года. Пад бел-чырвона-белым сьцягам адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі [43*].




49. 31 траўня 2013 года. Выйшла музычная складанка «Сымбалі веры і свабоды», якая прысьвечаная бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» [44*] [45*].

Вокладка складанкі «Сымбалі веры і свабоды». 2013 год
Вокладка складанкі «Сымбалі веры і свабоды». 2013 год




50. Кастрычнік 2013 года. Алег Трусаў і Аляўціна Вячорка перадалі ў рэдакцыю «Арт Сядзібы» арыгіналы нэгатываў, першыя фотаздымкі і дакумэнты, зь якіх у 1991-м годзе друкавалася і тыражавалася дзяржаўная сымболіка Рэспублікі Беларусь, а таксама першыя акты аб прыняцьці сьцяга і герба [46*].

Фотаздымкі макетаў, зь якіх друкавалася дзяржаўная сымболіка, 1991 год
Фотаздымкі макетаў, зь якіх друкавалася дзяржаўная сымболіка, 1991 год

Выкарыстаная літаратура, спасылкі і крыніцы інфармацыі


[1*] Басаў А. Н., Куркоў І. М. «Флагі Беларусі ўчора і сёння» / Пер. А. Н. Найдовіч. — Мн.: Полымя, 1994.
[2*] Ул. Арлоў, Зм. Герасімовіч «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае», 2012.
[3а] Вячорка В.Р. «Кроў лягла чырвонай паласой...» // З гісторыяй на "Вы": Публіцыстычныя артыкулы/Уклад. У.Арлова. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1991.
[3б*] Вінцук Вячорка «Пра герб і сцяг». — Мн.: Беларусь, 1993.
[4*] А. Грыцкевіч «Аршанская бітва 1514 года і яе ўдзельнікі» // Газета “Наша Слова” №33 (719) ад 31 жніўня 2005 г., №34 (720) ад 07 верасня 2005 г.
[5*] Батальная карціна «Бітва пад Воршай 8 верасня 1514 г.», знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.
[6*] Михаил Ткачев «Национальные символы: народ и история», 1989.
[7*] Котвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 244.
[8*] Уладзімір Давыдоўскі «Сімвалы Беларусі» // «Абажур» №3 (78), 2009. С. 38.
[9*] М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 393.
[10*] Карціна Пітэра Снаерса «Бітва пад Кірхгольмам», 1630.
[11*] Цітоў А. «Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі». — Мн.: Полымя, 1993.
[12*] А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий «Художественная культура Витебска с древности до 1917 года». — Мн.: БелЭн, 2001.
[13*] О. Рево «Гербы городов Полоцкой и Витебской губерний Российской империи» // «Наука и Жизнь» №7, 1998.
[14*] Віктар Хурсік «Яны адступалі да Парыжу…» // «Дзеяслоў» №5, 2003.
[15*] Цітоў А.К. «Геральдыка Беларусі». — Мн.: МФЦП, 2010.
[16*] Карціна Яна Матэйкі «Стэфан Баторый пад Псковам», 1872.
[17*] Сяргей Харэўскі «Клаўдзi Дуж-Душэўскi. Сцяг» // «Наша Ніва» № 6, 1998. С. 15.
[18*] Васіль Герасімчык «Клаўдыюш Дуж-Душэўскі – аўтар бел-чырвона-белага сцяга», 2013.
[19*] Skepsus «Из истории нашего флага». (Попытка исторической реконструкции)», 2011.
[20*] Ф. Турук «Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов». — Москва: Государственное издательство, 1921; Мн.: Картографическая фабрика Белгеодезии, 1994. С. 95.
[21*] История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И.Н.Кузнецов, В.Г.Мазец. – Мн., 2000. – С. 252-259
[22*] Ігар Карней «Унікальныя знаходкі, датычныя абвяшчэньня БНР», 2013.
[23*] Андрэй Мяцельскі «Сцяг Волі», 2013.
[24*] А. Латышонак «Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі» // Жаўнеры БНР. — Беласток-Вільня, 2009.
[25*] Паштоўка часоў БНР, 1918.
[26*] А. Н. Басов «Флаги БНР», 2003.
[27*] Андрэй Вашкевіч «Нашы сцягі над Заходняй // Arche, №4 (55) — 2007.
[28*] Насевіч В. Л. Гэты сцяг пачынаўся так… // «Чырвоная Змена» № 42 (13900), 20 красавіка 1995.
[29*] Л.Н.Токарь «Вымпел Дняпроўска-Дзвінскага параходства».
[30*] Цітоў А. К. «Сфрагістыка і геральдыка Беларусі». — Мн.: РІВШ БДУ, 1999.
[31*] Менск — гісторыя па фотаздымках «Вул. Энгельса – дом №7 – Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы».
[32*] Беларускі калабарацыянізм у Другой сусветнай вайне.
[33*] «Белорусские коллаборационистские формирования в эмиграции (1944—1945): Организация и боевое применение» // Романько О. В. Коричневые тени в Польсье. Белоруссия 1941—1945. М.: Вече, 2008.
[34*] Алег Гардзіенка «60 гадоў 2-му Усебеларускаму кангрэсу: 1944-2004».
[35*] Наталля Гардзіенка «Беларуская Канада», 2011.
[36*] Валянціна Трыгубовіч «Сцяг і герб» // часопіс «Мастацтва» №8, 1992.
[37*] Іна Студзінская «Мастак, які ў душы нёс сьцяг Беларушчыны», 2012.
[38*] Сяргей Навумчык «Дзевяноста першы». (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2013.
[39*] Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. 27 ліпеня 1990.
[40*] Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь / Склад.: А. Трусаў, І. Лазавікоў. – 2-е выд., дап. – Мн.: Беларусь, 1994. – С. 15.
[41*] Віталь Малькевіч «Зянон Пазьняк: Калі бел-чырвона-белы сцяг быў прыняты, я страціў прытомнасць», 2007.
[42*] Юры Малярэўскі «Дзень Незалежнасці 1994 г. Старонкі нашай гісторыі».
[43*] Відэазапіс «Першая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі», 1994.
[44*] Складанка «Сімвалы веры і свабоды», 2013.
[45*] Анатоль Мяльгуй «Сімвалы веры і свабоды — толькі пачатак», 2013.
[46*] Павел Белавус «Знойдзены негатывы, з якіх друкавалася дзяржсімволіка ў 1991-м», 2013.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG