Беларускі мэталюргічны завод робіць апэратыўныя захады для таго, каб ня страціць свае пазыцыі на рынку Злучаных Штатаў Амэрыкі і Ўкраіны. Пра гэта 12-га ліпеня расказаў журналістам начальнік упраўленьня плянаваньня і эканамічнага аналізу Беларускага мэталюргічнага заводу Іван Дзямідаў.
«Прэзыдэнт Трамп увёў імпартныя мыты на сталь у памеры 25% і алюміній у памеры 10%. Зразумела, гэта закранае нашы інтарэсы, — сказаў Іван Дзямідаў. — Але мы дамовіліся з нашымі пакупнікамі ў Злучаных Штатах, што яны бяруць на сябе кампэнсацыю гэтых выдаткаў».
Прадстаўнік БМЗ таксама паведаміў, што, «акрамя таго, цяпер урад Беларусі вядзе перамовы з прадстаўнікамі Міністэрства гандлю ЗША наконт таго, каб новаўвядзеньні Трампа не закраналі беларускіх інтарэсаў».
«На гэта момант Міністэрства гандлю паабяцала, што калі амэрыканскі бок пераканаецца ў тым, што ў краіне няма аналягаў той прадукцыі, якая ідзе зь Беларусі, то яны згодныя прыпыніць увядзеньне мыта ў дачыненьні беларускага мэталу тэрмінам на 1 год», — паведаміў Дзямідаў.
У лістападзе 2017-га Міністэрства прамысловасьці і гандлю ЗША заявіла, што вытворцы сталёвай катанкі (дрот дыямэтрам 5-10 мм) з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Беларусі і Расеі наўмысна заніжаюць кошт сваёй прадукцыі ў ЗША, каб выціснуць з рынку іншых канкурэнтаў. У сувязі з гэтым амэрыканскае ведамства ініцыявала пачатак збору мыта з названых прадпрыемстваў. Так, стаўка на мытні для прадукцыі арабскіх вытворцаў складзе 84%, для БМЗ — 280%, для расейскіх — ад 436% да 756%. Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ) адказаў, што гэта вынік абвешчанай новай адміністрацыяй ЗША палітыкі пратэкцыянізму для ўнутраных вытворцаў.
ЗША абвінавачваюць БМЗ у дэмпінгу. Беларусы: гэта палітыка пратэкцыянізму Трампа
Паводле дадзеных Міністэрства прамысловасьці і гандлю ЗША, беларускі мэталюргічны экспарт у гэту краіну ў 2016 годзе склаў 10,4 мільёна даляраў (2,89 мільёна — у 2015-м)
Украінскі рынак застаецца «гістарычна важным»
«Што тычыцца Украіны, то гэты рынак застаецца для нас гістарычна важным, — заявіў Іван Дзямідаў. — Мы рыхтуемся да таго антыдэмпінгавага расьсьледаваньня, якое пачалі ўлады Ўкраіны. На гэтым тыдні выберам юрыдычныя кампаніі, якія будуць абараняць нашы інтарэсы».
Ён таксама паведаміў, што, улічваючы вялікі дэфіцыт ва Ўкраіне арматуры, ёсьць спадзеў, што ўкраінскі і беларускі бакі знойдуць кампраміс дзеля таго, каб узаемавыгадны гандаль не спыніўся.
БМЗ шукае, як дывэрсыфікаваць экспарт
Паводле Івана Дзямідава, БМЗ шукае, як дывэрсыфікаваць рынак пастаўкі сваёй прадукцыі.
Сёлета ў сьпісе тых 55 краін, якія атрымліваюць прадукцыю са Жлобіна, зьявіліся 6 новых — гэта Гватэмала, Коста-Рыка, Малайзія, Малі, Панама і Судан. Праўда, супольна гэтыя краіны пакуль патрацілі на закупы беларускай прадукцыі 11 мільёнаў даляраў, у той час як агульны экспарт ва ўсе краіны ў першым паўгодзьдзі склаў 611 мільёнаў даляраў.