Вікторыя Скрыпаль, пляменьніца атручанага ў Брытаніі экс-афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля, ужо некалькі месяцаў як працаўладкавалася ў кампаніі, якая вырабляе перадачы для Першага каналу, паведамляе ВВС па выніках уласнага расьсьледаваньня.
Скрыпаль паказала ВВС дакумэнты, зь якіх вынікае, што яшчэ ў красавіку яна заключыла эксклюзіўны кантракт зь Першым каналам і была залічаная эканамістам у кампанію ТАА «Директ» са штомесячным акладам у 115 тысяч рублёў. Гэтыя ж зьвесткі ўтрымліваліся ў даведцы для амбасады Вялікабрытаніі, якую ёй выдалі ў кампаніі. Пры гэтым Скрыпаль у размове з ВВС прызнала, што ніякіх рэальных абавязкаў у кампаніі яна не выконвае, а проста такім чынам атрымлівала грошы за ўдзел у эфірах.
У прэс-службе Першага каналу не адказалі на пытаньні ВВС аб адносінах каналу, ТАА «Директ» і Вікторыі Скрыпаль. А сама Вікторыя пазьней заявіла РБК, што ня мела зносінаў з карэспандэнтамі ВВС:
«Я не давала інтэрвію BBC з нагоды маіх ганарараў. Карэспандэнтаў, якія пазначаныя ў артыкуле, я ня бачыла і ня ведаю, асабіста яны са мной не размаўлялі», — сказала яна.
Аднак яна пацьвердзіла РБК, што сапраўды працуе ў ТАА «Директ», падкрэсьліўшы, што выконвае на пасадзе эканаміста «ўсе адпаведныя функцыі».
«Аклад у 115 тыс. руб. быў паказаны ў даведцы, якую я падавала на візу. Абмяркоўваць суму майго сапраўднага заробку — неэтычна», — дадала Скрыпаль.
У даведцы для амбасады Вялікабрытаніі, якую ўзяла Скрыпаль, пазначаная дата працаўладкаваньня ў «Директ» — 2 красавіка 2018 году, гэта значыць праз чатыры тыдні пасьля атручваньня ў Солсбэры, сьцьвярджае ВВС.
ТАА «Директ» — прадусарская кампанія, якая займаецца вытворчасьцю ток-шоў для Першага каналу. Галоўны яе прадукт — ток-шоў «Пусть говорят». Скрыпаль некалькі разоў зьяўлялася ў эфіры перадачы, першы раз гэта адбылося 4 красавіка. У той жа дзень яна прыйшла і на праграму «60 хвілін» канкуруючага каналу «Расія-1». Пасьля гэтага Вікторыя яшчэ пяць разоў прыходзіла ў «Пусть говорят» — апошні раз гэта было 5 ліпеня. Скрыпаль на перадачах распавядала, што хоча паляцець у Вялікабрытанію, дапамагчы сваёй стрыечнай сястры Юліі вярнуцца ў Расею.
Сама Юлія папрасіла Вікторыю не прыяжджаць у Вялікабрытанію і не спрабаваць зь ёй зьвязацца:
«Я дзякую ёй за клопат пра мяне, але яе заявы і здагадкі адлюстроўваюць толькі яе ўласнае меркаваньне, а не маё ці майго бацькі», — падкрэсьліла Скрыпаль у заяве для прэсы неўзабаве пасьля таго, як апрытомнела.
Брытанскае консульства не дало Вікторыі Скрыпаль візу ў красавіку на падставе прадстаўленай ёй даведкі з «Директ». Там заявілі, што не былі ўпэўненыя, што Скрыпалі хочуць яе візыту, а па-другое, пляменьніца Скрыпаля не змагла даказаць, што ў яе ёсьць сродкі на дарожныя выдаткі і працяглае знаходжаньне ў краіне.
****
Былы выведнік ГРУ Сяргей Скрыпаль, які быў асуджаны ў Расеі за шпіянаж і атрымаў прытулак у Вялікабрытаніі, а таксама ягоная дачка Юлія, якая прыляцела да яго з Расеі, былі атручаныя хімічным рэчывам «Навічок» 4 сакавіка ў брытанскім горадзе Солсбэры. Лёндан абвінаваціў Расею ў выкарыстаньні хімічнай зброі на сваёй тэрыторыі і выслаў зь Вялікабрытаніі некалькі дзясяткаў расейскіх дыпляматаў, што прывяло да найбуйнейшага ад часоў халоднай вайны дыпляматычнага скандалу паміж краінамі.
Скрыпалям удалося выжыць, цяпер яны знаходзяцца ў бясьпечным месцы пад наглядам супрацоўнікаў брытанскіх спэцслужбаў.
30 чэрвеня недалёка ад Солсбэры «Навічком» атруціліся яшчэ два чалавекі, брытанцы Дон Стэрджэс і Чарлі Роўлі. Паліцыя лічыць, што яны маглі трапіць пад узьдзеяньне нэрвова-паралітычнага атрутнага рэчыва праз «заражаны прадмет» і што яны трымалі ў руках кантэйнэр альбо посуд, у якім перавозілі «Навічок». Дон Стэрджэс празь некалькі дзён памерла ад сардэчнага прыступу ў шпіталі, Чарлі Роўлі працягвае знаходзіцца пад наглядам лекараў.