Насуперак пераможным рэляцыям ураду сытуацыя ў беларускай эканоміцы становіцца ўсё больш трывожнай.
Урадавыя чыноўнікі з пачатку году не стамляюцца паведамляць пра бліскучыя эканамічныя паказьнікі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, усё расьце: валавы ўнутраны прадукт, прамысловасьць, замежны гандаль, заробкі.
Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за першыя паўгода 2018 зьменшыліся амаль на $483,9 млн.
Аднак інфармацыя, якую дае Нацбанк, дазваляе паглядзець на эканамічную сытуацыю зусім па-іншаму. Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за чэрвень зьнізіліся на 108,2 млн даляраў. Здаецца, няшмат. Але высьвятляецца, што за першыя паўгода рэзэрвы зьменшыліся амаль на паўмільярда даляраў ($483,9 млн). Гэта пры тым, што ўжо шмат месяцаў насельніцтва больш прадае валюты, чым купляе, а ўсясьветныя цэны на нафту высокія, што дазваляе папаўняць бюджэт за кошт мыта на нафтапрадукты. Тым ня менш рэзэрвы скарачаюцца, бо трэба плаціць даўгі.
Праблема ў тым, што Беларусь не атрымала чарговых траншаў ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця ў памеры 400 млн даляраў. Яны павінны былі паступіць яшчэ ў першым квартале 2018 году. Вось гэта беларуская рэальнасьць: як толькі Расея спазьняецца з чарговым крэдытам, то даводзіцца агаляць золатавалютныя рэзэрвы. Бо ў бюджэце для выплаты запазычанасьцяў грошай недастаткова.
Дарэчы, пра дзяржаўны доўг. Ён увесь час расьце, з пачатку году павялічыўся яшчэ на 0,7%. Згодна зь фінансавымі абавязаньнямі ўраду цягам 2019–2025 гадоў Беларусь павінна накіраваць на абслугоўваньне і пагашэньне зьнешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 млрд даляраў. 27 чэрвеня намесьнік старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандар Курлыпа, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў з дакладам аб выкананьні бюджэту ў 2017 годзе, заявіў, што дзяржаўны доўг становіцца невыносным цяжарам для рэспубліканскага бюджэту.
Цягам 2019–2025 гадоў Беларусь павінна накіраваць на абслугоўваньне і пагашэньне зьнешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 млрд даляраў.
Яшчэ адзін змрочны прагноз. Намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко паведаміў, што бліжэйшымі гадамі даходы бюджэту могуць скараціцца на 20%. Бо ў выніку так званага падатковага манэўру ў Расеі нафтавае мыта абнуляецца. Акрамя таго, дамоўленасьці аб пералічэньні ў беларускі бюджэт мыта за 6 млн т расейскай нафты дзейнічаюць да канца 2019 году. Ня факт, што пасьля гэтага тэрміну Расея адновіць згаданую субсыдыю. Плюс скарачэньне даходаў ад дзяржпрадпрыемстваў.
Вось якраз пра стан дзяржаўных прадпрыемстваў новую інфармацыю даў Нацбанк. І яна цягне амаль на сэнсацыю. «Па выніках бягучых ацэнак доля ўсіх абавязаньняў дзяржаўных прадпрыемстваў — найбуйнейшых крэдытных пазычальнікаў, якія з высокай ступеньню верагоднасьці ня змогуць разьлічвацца па іх самастойна, склала 14% у адносінах да ВУП», — паведаміў у чэрвеньскай справаздачы Нацбанк. Калі браць ад ВУП мінулага году, то груба выходзіць каля 7 млрд даляраў.
Менавіта з гэтай прычыны перапыніліся перамовы з МВФ аб крэдыце. Фонд настойваў на тым, што з названым доўгам і ўвогуле зь дзяржаўным сэктарам трэба нешта рабіць. Беларускія ўлады адмаўляліся кранаць гэтае пытаньне. Бо незразумела, як выходзіць з такой сытуацыі. Лёгкага рашэньня тут няма. Прадпрыемствы сплаціць свае даўгі ня могуць. Калі іх проста сьпісаць прэзыдэнцкім указам, то як пазьбегнуць банкаўскага крызісу? Можна павесіць гэтую запазычанасьць на бюджэт. Але сытуацыя зь дзяржаўным доўгам апісаная вышэй.
У 2001 годзе сярэдняя пэнсія ў Беларусі складала 45% ад сярэдняга заробку. А ў 2018 годзе гэтыя суадносіны склалі 36%.
У любым выпадку гэты цяжар будзе перакладзены на насельніцтва. Якое і так шмат цярпіць. Вось цікавыя лічбы. У 2001 годзе сярэдняя пэнсія ў Беларусі складала 45% ад сярэдняга заробку. А ў 2018 годзе гэтыя суадносіны склалі 36%.
Ад усіх гэтых праблем у кіраўніцтва дзяржавы галава ідзе кругам. Можа, таму Аляксандар Лукашэнка нядаўна, 22 чэрвеня, на нарадзе ў Шклове ад адчаю перайшоў да алярмісцкіх прагнозаў: «Мы на фронце. Ня вытрымаем гэтыя гады, правалімся, значыць, трэба будзе або ў склад якой-небудзь дзяржавы ісьці, ці аб нас проста будуць выціраць ногі». Толькі хто ж давёў краіну да гэтага правалу?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.