Паводле статыстыкі Нацбанку (PDF), за першы квартал 2018 году ў Беларусі выявілі 215 фальшывых купюраў і нават адну фальшывую манэту. Гэта на 20% менш, чым за аналягічны пэрыяд 2017 году.
Амаль палову фальшывых грошай — 46,8% — выявілі ў Менску, астанія ў 26 населеных пунктах.
6 з 10 фальшывых купюраў былі падробкамі даляраў ЗША, яшчэ чвэрць — расейскіх рублёў, 13% — эўра. Найчасьцей падрабляюць купюру ў 100 даляраў, нярэдка — 5000 і 1000 расейскіх рублёў і 50 эўра.
Колькасьць выяўленых падробак пад даляры за першыя тры месяцы 2018 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году вырасла на 9,3%, фальшывых расейскіх рублёў выявілі ўдвая меней.
Па-ранейшаму беларускія рублі амаль не падрабляюць (або фальшыўкі амаль не выяўляюць): з усіх выяўленых фальшывак беларускіх было толькі 2,8% — 6 купюраў (супраць 16 за першыя тры месяцы мінулага году).
Праз два гады пасьля дэнамінацыі ўсё яшчэ выяўляюць фальшывыя недэнамінаваныя рублі — за першыя тры месяцы 2018 году выявілі па адной фальшывай купюры «недэнамінаваных» 10 тысяч і 200 тысяч, дзьве ў 100 тысяч.
За фальшаваньне грошай, захоўваньне і збыт фальшывак у Беларусі паводле арт. 221 КК РБ пагражае ад 2 гадоў абмежаваньня волі да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.