Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саша і Сірожа вяртаюцца праз 10 гадоў забыцьця. У палітычных коміксах


Аляксей Хацкевіч у вобразе
Аляксей Хацкевіч у вобразе

Мастак-авангардыст Аляксей Хацкевіч праз 10 гадоў вярнуў да жыцьця папулярных герояў пачатку 2000-х — Сашу і Сірожу.

Цягам мінулага месяца ён выдаў блізу паўсотні коміксаў на актуальныя тэмы, якія хвалююць вясковых «калдыроў»: як зажыць шчасьліва ў «родным калхозе», хто вінаваты ў правале хакею, ці можна жаніцца падчас «бітвы за ўраджай» і навошта кожны год грымець вайсковым парадам.

Панк-праект «Саша і Сірожа» Аляксей Хацкевіч запачаткаваў больш за 30 гадоў таму, яшчэ вучнем старэйшых клясаў. У аснову коміксаў ляглі прыгоды двух братоў зь Ніжніх Юргіляў. На падставе іх ілюстраванага жыцьцяпісу ў 2000-м выйшаў мультфільм «Клей», у якім Сірожу агучыў лідэр гурту «Ляпіс Трубяцкі» Сяргей Міхалок, а Сашу ўвасобіў сам Хацкевіч.

На наступны год зьявіўся сэрыял для дарослых «Калыханка», дзе Хацкевіч і Міхалок начапілі вялізныя насы і, не зважаючы на аўтарытэты, абмяркоўвалі гарачыя тэмы дня. У розны час праграма трансьлявалася на БТ, «Першым музычным канале», «МTV Беларусь», «Белсаце», а таксама ўкраінскіх «М1» і «Інтэр». Таксама Саша і Сірожа мелі эфірны час на менскім «Альфа-радыё» і асобныя рубрыкі ў незалежных газэтах.

«Выдатны брэнд, навошта ад яго адмаўляцца»

— Аляксей, апошнім часам пра пэрсанажаў з народу амаль нічога не было чуваць. Што падштурхнула згадаць былое?

— Нейкі час я лічыў, што ўсё гэта несурʼёзна, трэба займацца чымсьці больш вартым — напрыклад, манумэнтальным мастацтвам. Але адзін разумны чалавек неяк сказаў: «А навошта? Гэта ж выдатны брэнд, які сэнс ад яго адмаўляцца? Ты яго прыдумаў, ён прыйшоўся даспадобы — дык давай, разьвівай далей, працягвай». Дый і сам я зьвярнуў увагу: калі раблю розныя выставы, галерэі, калекцыянэры набываюць для сябе менавіта Сашу і Сірожу — тое, што пазнавальна. Я не магу сказаць, што гэта мой асноўны від дзейнасьці. Па-ранейшаму як хобі — малюю, весялюся.

Апошнія тэлевізійныя праграмы выйшлі ў 2008-м, акурат 10 гадоў таму. На гэтым пік тэлевізійнай актыўнасьці, можна сказаць, завяршыўся. Раз-пораз, каб народ не забываўся, рабіў «укіды» невялічкіх маляваных сэрыялаў, але тое былі разавыя акцыі.

Аляксей Хацкевіч
Аляксей Хацкевіч

— Ці запатрабавался ўзгадняць рэабілітацыю герояў з колішнім напарнікам — Сяргеем Міхалком?

— Вобразы Сашы і Сірожы бяруць пачатак яшчэ ад школьных гадоў, калі я толькі пачынаў практыкавацца ў коміксах. Гэта цяпер яны збольшага ўспрымаюцца як зьбіральны вобраз, а насамрэч прататыпамі былі рэальныя хлопцы, проста ўнікальны прыродны матэрыял для любога дасьледчыка. Гэта мой аўтарскі праект, пра што тут пытаць? Сяргей жа не цікавіцца ў мяне, ці сьпяваць яму свае песьні, правільна? Так, дзякуючы тым тэлесэрыялам Саша і Сірожа дагэтуль асацыююцца са мной і Міхалком — прыблізна як Панікоўскі ў «Залатым цяляці» зь Зіновіем Гердам. Проста таму, што мы іх першымі ўвасобілі.

— Як тыя часы прыгадваеце — цікава было працаваць, камфортна пачуваліся побач?

— Вядома, было весела, народу гэта падабалася. Галоўнае, адчувалі аддачу, ня проста дзяжурная адпрацоўка нумара — як многія сёньня бʼюцца лбамі аб сьцяну, натужна спрабуючы нешта прапіхнуць, а ўсё марна. Тады было ўсё арганічна, да часу і да месца. Таму толькі найлепшыя ўспаміны.

«Казалі, што „кляўнада“ не патрэбная»

— Авансцэну ўрэшце давялося пакінуць: самі вычарпаліся ці аднекуль паднаціснулі?

— Прэсінгу асабліва не было, больш размоваў чулі з боку: што вы робіце, навошта пра гэта гаварыць? Гэткае шушуканьне ў кулюарах. Напалоханыя грамадзяне лічылі, што ня варта працягваць «кляўнаду» зь неадназначным падтэкстам. Аднойчы нас прыкрылі, але тады альтэрнатыўную пляцоўку было знайсьці не праблема.

Калі толькі пачыналі праект, канкурэнцыі як такой не існавала. Гэта ўжо пазьней столькі распладзілася гумарыстычных праграмаў, што наша творчасьць стала не зусім актуальнай — з экранаў павалілі «Камэдзі клабы», «Нашы Рашы» і г.д. Да таго ж на той момант мы ўжо выгаварыліся: усё, што хацелі сказаць, сказалі. Былі задумкі, як у мушкецёраў, сабрацца праз 10 гадоў, праз 20. Ня склеілася: рытм жыцьця зьмяняецца, кожны заняты сваім. Таму як і дзе, так ідзе.

— У якасьці сувядоўцы, акрамя Міхалка, наогул нехта мог быць?

— Ды розныя варыянты магчымыя. Не абавязкова называцца ў лоб «Саша і Сірожа», можна зьмяніць саму форму — напрыклад, мультфільмам, каб не прывязвацца да відэа. Сама карцінка з калдырскімі насамі, вядома, цікавая, але наўрад ці будзе ўзьдзейнічаць на гледачоў так, як 15 гадоў таму. Паўтаруся, народ да адвалу наеўся гумару ў самых розных яго відах. Сёньня ўсе сьцябаюцца, пасьмейваюцца — і вершаплёты, і мастакі, і людзі з вуліцы.

— Вашы пэрсанажы былі першымі, хто вывеў на публічны ўзровень трасянку.

— Трасянка існавала даўно, іншая справа, што сапраўды, на такой зьяве стараліся не акцэнтавацца. Гэта непазьбежная грань пераходу ад беларускамоўнай вёскі да «рускага» горада. Вяскоўцы спрабавалі асесьці ў «каменных джунглях» і, каб выдаваць сябе за гарадзкіх, стараліся гаварыць на «магучым». Ну, ціпа па-расейску. А лепш бы не ламалі языкі, бо ад прыроджанага акцэнту пазбавіцца немагчыма ў прынцыпе. І ці патрэбна?

«Калгас віртуальны, але наш, родны»

— Параўноўваючы з 2000-мі, ці цяпер адчуваюцца праявы нацыянальнай сьвядомасьці: беларускія праекты, ініцыятывы?

— Безумоўна, адчуваюцца. Але ня трэба забывацца, колькі часу праводзілася адваротная палітыка. Калі яшчэ вучыўся ў школе, мае аднагодкі ў вёсках займаліся па-беларуску; тэлеканалы, радыё таксама вяшчалі на беларускай мове. Потым усё зьнікла. Дзякуй Богу, паціху нешта вяртаецца. І гэта правільна: калі тут жывеш, як цурацца свайго? Чым больш чалавек абазнаны пра карані, тым лепш для яго самога. У сьвеце, дзе ідзе татальная глябалізацыя, трэба захоўваць свой твар.

— А вось у палітычным сэнсе за 10 гадоў зьменаў ня так і шмат, калі меркаваць па вашых сьвежых коміксах.

— Здаецца, штосьці ўсё ж зьмянілася — нешта ў лепшы бок, а нешта і ў горшы. Асабіста мне падабаецца, што людзі паезьдзілі па сьвеце, паглядзелі, ёсьць з чым параўноўваць уласнае жыцьцё. А дрэнна тое, што народ стаў зусім безыніцыятыўным. Ня хочуць браць ніякай адказнасьці, прывыклі, што за іх усё вырашаць; сядзяць і чакаюць — вось зараз загадаюць і пачнём выконваць. Ініцыятыва папросту зьнікла.

— Ну гэта якраз тое, што ў вас абагульнена ў «калхоз»: начальнік прыдумляе, чым заняць падначаленых.

— Так, у гэтым выпадку калгас віртуальны, але, вядома, пазнавальны. Цікава, што ў сьвеце хапае прыкладаў камунаў, дзе людзі зусім інакш вырашаюць пытаньні сваіх калектыўных гаспадарак. Як, дапусьцім, кібуцы ў Ізраілі. Не чакаюць, што прыйдзе брыгадзір і мацюкамі патлумачыць. Самі зьбіраюцца, абмяркоўваюць, кожны мае права голасу. У нас скажуць — зробяць, а ня скажуць — дык і ладна. Вунь дрэвы ўздоўж дарог пасадзілі, а не палілі. І ўсё, кранты, стаяць засохлыя трупікі, палачкамі падпёртыя. Бо пасадзіць загадалі, а пра паліў забыліся.

​«Саўковасьць» у мазгах як была, так і засталася. А часам і пагоршылася. Раней былі калгасы-мільянэры: гаспадарка магла зарабіць грошы і дазволіць сабе разводзіць рыбу, паставіць каўбасны цэх ці нават вырошчваць ружы. Цяпер замкнёнае кола: дзяржава кідае датацыі, каб потым падчыстую адтуль усё выскрабці. Прыедуць начальнікі з раёну, дадуць наганяй, галачку паставяць, якія яны дзелавыя. А што толку? Усё ў гной, і словы і справы. Сёньня ўсе аднолькава бедныя, зь невыканальнай задачай на выжываньне. Навошта такая імітацыя?

«Які ў нас палітычны лад? Фэадалізм!»

— Празь зьбіральныя вобразы начальнікаў у вашых коміксах прасочваецца палітычны лад, у якім беларусам жывуць амаль чвэрць стагодзьдзя.

— Я доўга намагаўся разабрацца, што ж у нас за такі лад. І вырашыў, што звычайны фэадалізм. Ёсьць правіцель, які кіруе: ты рабі гэта, а ты тое. Я цяпер жыву за горадам і бачу, што за ўсім ня ўсочыш: законам прадугледжана адно, а на справе зусім інакш. Зразумела, у сьвеце розныя палітычныя рэжымы: дзесьці манархія, дзесьці правадыр кіруе племем.

Па вялікім рахунку, ня так важна, як збудаваная вэртыкаль улады. Але калі людзі заклапочаныя толькі тым, каб затрымацца ля кармушкі, бо з усіх бакоў лезуць канкурэнты, толку ня будзе. А ў нас гэтым пераважна і занятыя — як бы любым спосабам уседзець на цёплым месцы. Грошы і ўлада — спакуса са спакус, таму шмат у каго сьмятанка на вусах. Адсюль і «эфэктыўнасьць». Хоць для тых, хто прыяжджае з-за мяжы, візуальная карцінка нядрэнная: добрыя дарогі, бязь сьмецьця, жабракоў няма. Але гэта толькі абгортка. Калі жывеш, шмат падводных камянёў.

— Асобная тэма — вялікі спорт. І тут непрыхаванае іранічнае стаўленьне.

— Да сучаснага спорту стаўлюся адназначна — як да камэрцыі. У старажытнай Грэцыі гэта мела практычнае значэньне: хто далей закіне дзіду, хто хутчэй прамчыцца на калясьніцы, хто адужае саперніка. У час канфліктаў ад гэтага залежала жыцьцё. Сёньня якая карысьць? Вось каб упрэгчыся ў плуг і поле заараць або на хуткасьць рэчку ад сьмецьця ачысьціць — гэта адно. А калі, як у нашым хакеі, проста марнуюць шалёныя грошы — каму патрэбна?

Днямі быў на адкрыцьці менскага стадыёну «Дынама». Вялізныя сродкі ўбухалі! У якасьці бонусу выпусьцілі два дзясяткі футбалёраў. Дык я калі на аўтазаводзе жыў, у нас мужыкі пасьля зьмены гулялі на такім жа ўзроўні. Толькі першыя маюць вялікія заробкі, а рабацягі і сёньня з голым задам. Спорт — агромністая індустрыя, якая жарэ грошы і аблапошвае тых, хто гатовы плаціць за відовішча.

— Вы яўна ня ўпісваецеся ў лінію «спартовай нацыі».

— Народ можна падсадзіць на што заўгодна — скажам, хто далей плюне. Накіраваць рэкляму, выпусьціць модны рыштунак — і будуць фанацець, як на мундыялі. Хлеба і відовішчаў! На якім тыя відовішчы ўзроўні — хай народ сам мяркуе. Але ж роўнасьці няма: хто багацейшы, той купіць лепшых гульцоў. Кішэні пустыя — такі будзе і вынік. Замест таго, каб траціць на розную непатрэбшчыну, варта апусьціцца на зямлю.

У тыя арэны звычайны чалавек ня пойдзе — ні па цэнах, ні па часе. Калі ў кожным двары былі хакейныя каробкі, футбольныя пляцоўкі, турнікі стаялі, было больш плёну. Ну а каб наш кіраўнік любіў парыцца? Ставілі б палацы-лазьні? Любіш спорт — добра, але ж трэба прыкінуць, каб усе маглі карыстацца. У мяне чацьвёра дзяцей. Нікога не цікавіць, таленавітае яны ці не. Сэкцыі платныя для ўсіх. Плаціш — займаесься, не — гуляй на вуліцы.

Аляксей Хацкевіч нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску ў сямʼі вядомага мастака Генадзя Хацкевіча. Скончыў Рэспубліканскі каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, а пасьля аддзяленьне манумэнтальнага жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў. Цягам 1997-1999 гадоў вучыўся ў Школе мастацтваў Масана ў Барсэлёне. Ад 2008-га — сябра Саюзу мастакоў Беларусі.

Аўтар і ўдзельнік шэрагу мэдыяпраектаў, сярод якіх «Саша і Сірожа», «Тэлепанк», Д.А.Р (дэкаратыўна-абстрактны рэалізм). Цяпер працуе мастаком-дэкаратарам у Нацыянальным акадэмічным тэатры опэры і балету. Жанаты, мае чацьвярых дзяцей.

«Усе сьмяюцца, страху няма». Менская мастачка зрабіла Лукашэнку героем усходняга календара

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG