Пра гэта пасьля сустрэчы прадстаўнікоў каля 30 краін у Парыжы, якая прайшла ў чацьвер, заявілі прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр.
Гэтую пазыцыю падтрымлівае Ўкраіна. Паводле ўкраінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, які таксама ўзяў удзел у сустрэчы ў Парыжы, зьняцьце санкцыяў зараз стала б «катастрофай для дыпляматыі».
Макрон пасьля сустрэчы заявіў, што саюзьнікі, наадварот, абмяркоўвалі магчымасьць узмацненьня санкцыяў, у прыватнасьці супраць судоў так званага ценевага флёту Расеі.
Прэзыдэнт Францыі пацьвердзіў, што шэраг краін — у тым ліку Францыя і Брытанія — надалей абмяркоўваюць імавернае разгортваньне сваіх вайскоўцаў ва Ўкраіне пасьля магчымага спыненьня агню. Макрон падкрэсьліў, што ў пытаньні адпраўкі гэтых сілаў сярод удзельнікаў абмеркаваньняў няма адзінай думкі, аднак некалькі краін гатовыя ўдзельнічаць у такой місіі.
З словаў Макрона, гаворка ідзе не пра міратворчыя сілы, іх хутчэй можна назваць сіламі стрымліваньня, бо іх прысутнасьць павінна гарантаваць, што Расея не адновіць баявыя дзеяньні. Макрон падкрэсьліў, што гэтыя войскі ня будуць разьмешчаныя на лініі судакрананьня, а могуць быць засяроджаныя, у прыватнасьці, у буйных гарадах у тыле і ў партах. Паводле прэзыдэнта Францыі, у Расеі не павінна быць права вэта на разьмяшчэньне такіх сілаў ва Ўкраіне.
Форум