У Расеі працягваецца чэмпіянат сьвету па футболе. Заўзятары да апошняга вераць у сваіх улюбёнцаў, многія зь якіх на сваіх радзімах узьведзеныя ў культ. А якія беларускія футбалісты прэтэндуюць на тое, каб навечна застацца ў спартовай гісторыі краіны? Свабода паспрабавала сабраць сымбалічную каманду найлепшых гульцоў.
Юры Жаўноў, брамнік
Пры адносным багацьці гульцоў на розных лініях, варатарскія пазыцыі ва ўсе часы заставаліся ахілесавай пятой клюбных і зборных камандаў Беларусі.
Калі пры згадваньні Льва Яшына, Тоні Шумахера, Пэтэра Шмайхеля, Ікера Касільлеса, Джанлюіджы Буфона паўстаюць твары брамнікаў найвышэйшага міжнароднага ўзроўню, у дачыненьні да беларускай дружыны такога ня скажаш. Даводзіцца гаварыць пра заслугі, зыходзячы са статыстыкі. У ёй абсалютным лідэрам — Юры Жаўноў, найлепшы брамнік краіны 2003 году.
На рахунку Жаўнова 57 матчаў за нацыянальную зборную Беларусі, паўтара дзясятка разоў выходзіў на поле з капітанскай павязкай. За галоўную каманду пачаў выступаць у 2002 годзе.
Нарадзіўся ў 1981 годзе ў Добрушы на Гомельшчыне. У 1998-м заключыў кантракт з барысаўскім БАТЭ. У сэзоне 2004/2005 адзначыўся рэдкім для брамнікаў дасягненьнем — у матчы Кубка УЭФА супраць «Дынама» (Тбілісі) забіў гол ад сваіх варот. Яму належыць рэкордна «сухая» сэрыя чэмпіянатаў Беларусі — 763 хвіліны.
Некалькі сэзонаў правёў у Расеі, гуляючы за маскоўскія каманды «Тарпэда» і «Масква», піцерскі «Зэніт» і екацерынбурскі «Ўрал». Цяпер трэнэр брамнікаў зборнай Беларусі.
Эдуард Зарэмба, абаронца
Некаранаваны «кароль падкатаў» беларускага і савецкага футболу. Квартэт абаронцаў менскага «Дынама» ўзору 1960-х — Зарэмба, Савосьцікаў, Усаторэ, Ромін — супернікі часьцяком параўноўвалі зь «Берасьцейскай крэпасьцю». Падмуркам абароны быў якраз Эдуард Зарэмба, які абачліва выбіраў пазыцыю, выскокваў на апярэджаньне і выдатна гуляў у паветры.
Нарадзіўся ў 1937 годзе ў Баку, дзе перад вайной служыў бацька. Пасьля нейкі час жыў у Ташкенце, нарэшце ў 1952 годзе — пераезд у Беларусь. Тут сурʼёзна заняўся футболам. У 1959-м стаў гульцом асновы менскага «Спартака». На наступны год каманду перайменавалі ў «Беларусь», а ў 1963-м перадалі таварыству «Дынама». У вышэйшай лізе чэмпіянату СССР агулам правёў 265 матчаў.
Бронзавы прызэр саюзнага першынства 1963 году, фіналіст Кубку СССР — 1965. У тым жа 1965-м прыцягваўся ў склад зборнай Савецкага Саюзу. Пасьля заканчэньня карʼеры працаваў трэнэрам у дзіцячых футбольных школах, да апошніх дзён выкладаў фізкультуру ў менскім Дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы. Эдуарда Зарэмбы ня стала 3 сакавіка 2012 году.
Андрей Зыгмантовіч, абаронца
Адзін зь першых беларускіх легіянэраў. Карʼеру пачаў 19-гадовым у асноўным складзе менскага «Дынама». Ужо праз год, у 1982-м, разам з камандай становіцца чэмпіёнам СССР. Агулам за сталічны клюб выступаў 10 гадоў, згуляўшы ў 262 гульнях. Найлепшы футбаліст Беларусі 1992 і 1994 гадоў.
Нарадзіўся ў 1962 годзе ў Менску. Быў сярод першай хвалі беларускіх гульцоў, запатрабаваных за мяжой: спачатку абараняў колеры галяндзкага «Гронінгена», потым падпісаў кантракт з гішпанскім «Расінгам». Ад сярэдзіны 1980-х і да 1990 году прыцягваўся да выступаў у алімпійскай і галоўнай зборнай СССР. Пасьпеў згуляць дзясятак матчаў за нацыянальную зборную Беларусі, быў капітанам у першым афіцыйным матчы супраць Украіны.
Зыгмантовіч: Аптымізму адносна Эўра-2020 у Беларусі — ніякага (ВІДЭА)
Пасьля гэтага перайшоў на трэнэрскую працу: настаўнік менскага «Дынама», наваполацкага «Нафтану», юнацкай зборнай Беларусі. Працаваў у штабах МТЗ-РІПА, літоўскага «Каўнаса» і расейскай «Сыбіры». Быў выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай Беларусі, функцыянэр Беларускай фэдэрацыі футболу.
Сяргей Бароўскі, абаронца
457 матчаў за менскае «Дынама» і больш як 20 за зборную СССР, у тым ліку на чэмпіянаце сьвету 1982 году — паказьнік клясу ды надзейнасьці беларускага абаронцы.
Нарадзіўся ў Менску (1956). Амаль паўтара дзясятка гадоў выступаў за менскае «Дынама». Пераможца і бронзавы прызэр чэмпіянатаў СССР, фіналіст Кубка СССР. Чатыры разы ўключаўся ў сьпіс 33 найлепшых футбалістаў саюзнага першынства. Адзін з асноўных абаронцаў зборнай СССР.
Заслужаны трэнэр Беларусі. За межамі Беларусі трэніраваў латвійскі «Вэнтсьпілс», малдаўскі «Шэрыф», украінскі «Мэталюрг», літоўскія «Каўнас» і «Ветру». Працаваў з моладзевай (U-21) зборнай Казахстану. У сувэрэннай Беларусі ўзначальваў бабруйскую «Белшыну», берасьцейскае «Дынама», салігорскі «Шахцёр», менскія «Тарпэда-МАЗ», СКВІЧ і «Дынама». Двойчы кіраваў нацыянальнай зборнай Беларусі — у 1994–96 і 1999–2000 гадах. Цяпер у структуры барысаўскага БАТЭ.
Аляксандар Пракапенка, паўабаронца
Ці ня самы ўганараваны беларус у футболе і дакладна адзіны, хто атрымаў ад заўзятараў ганаровы тытул «народнага футбаліста». Майстар спорту міжнароднага клясу, бронзавы прызэр Алімпійскіх гульняў 1980 году, чэмпіён СССР 1982 году, № 1 у сьпісе 33 найлепшых футбалістаў усесаюзнага першынства ў год дынамаўскага трыюмфу.
«Пракоп», як па-сяброўску называлі яго аднаклюбнікі, нарадзіўся ў Бабруйску (1953). Гуляў за родную школу № 3, потым у мясцовай камандзе «Будаўнік». У 19-гадовым узросьце, яшчэ падчас вучобы ў Беларускім інстытуце фізкультуры, запрошаны ў менскае «Дынама». У 1982-м дапамог камандзе здабыць чэмпіёнскае званьне, аднак маральны і псыхалягічны груз аказаўся занадта цяжкі: ужо на наступны год адлічаны з калектыву за «сыстэматычнае парушэньне рэжыму». Двойчы за пяць гадоў апынаўся ў лячэбна-працоўным прафілякторыі. Пасьля выступаў за магілёўскі «Днепр» і бакінскі «Нефтчы», але без ранейшага запалу.
Памёр 29 сакавіка 1989-га, неўзабаве пасьля вяртаньня з мазырскага ЛТП. Яму было ўсяго 35 гадоў. Пахаваны на могілках вёскі Токары Бабруйскага раёну. Яго імя ўшанаванае ў назьве стадыёну ў Бабруйску, выношваецца ідэя помніка на дынамаўскай арэне ў Менску.
Сяргей Алейнікаў, паўабаронца
Па выніках апытаньня да 50-годзьдзя УЭФА прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі за апошнія паўстагодзьдзя. Віцэ-чэмпіён Эўропы 1988 году, удзельнік чэмпіянатаў сьвету 1986 і 1990 гадоў, чэмпіянату Эўропы-1992. У эўракубкавых турнірах правёў 36 матчаў, уладальнік Кубка УЭФА 1990 году, уладальнік Кубка Італіі 1990 году. Тройчы футбаліст году Беларусі — па выніках 1984, 1986 і 1988 гадоў.
Нарадзіўся ў Менску (1961). У 1981-м быў залічаны ў менскае «Дынама» і ад наступнага сэзону стаў гульцом асновы, здабыў чэмпіёнства СССР. У 1984 годзе дэбютаваў у зборнай СССР. З прыходам на пасаду галоўнага трэнэра Валерыя Лабаноўскага застаўся там адзіным беларусам. Цягам 1992–1994 гадоў выступаў за нацыянальную зборную Беларусі.
У 1989-м зьехаў у італьянскі «Ювэнтус», за яго аддалі вялізную па тых часах суму 4 мільёны даляраў. Пасьля два сэзоны гуляў у «Лечэ», а ў 1993-м яго набыў японскі клюб «Гамба Осака». У 1997-м вярнуўся ў Італію, выступаў за аматарскія каманды, пасьля цалкам засяродзіўся на трэнэрскай працы. Разам зь сямʼёй жыве ў Італіі.
Сяргей Гоцманаў, паўабаронца
Аўтар першага голу за зборную Беларусі самастойнай камандай — у хатнім матчы супраць украінцаў у верасьні 1992 году. Майстар спорту СССР міжнароднага клясу, срэбны прызэр чэмпіянату Эўропы-1988. Чатыры разы прызнаваўся найлепшым футбалістам краіны — гэта другі вынік пасьля Аляксандра Глеба.
Нарадзіўся ў Кустанайскай вобласьці Казахстану (1959), куды бацькі прыехалі «ўздымаць цаліну». На пачатку 1960-х сямʼя вярнулася ў Беларусь. Большую частку карʼеры правёў у сталічным «Дынама», у складзе якога стаў чэмпіёнам СССР. У 1984-м дэбютаваў за зборную СССР, гуляў у адборачных матчах да чэмпіянату сьвету ў Мэксыцы — хвароба прымусіла само першынства прапусьціць. Затое стаў срэбным прызэрам чэмпіянату Эўропы-1988. У 1990-м перайшоў у ангельскі клюб «Брайтан энд Хоўв Альбіён», а потым у «Саўтгэмптан». Сэзон 1991/92 правёў у нямецкім «Галлешэры». Пасьля вылету каманды ў ніжэйшы дывізіён вярнуўся ў Беларусь, у 1992-м дэбютаваў у зборнай.
У 1995 годзе жонку Вольгу запрасілі працаваць трэнэрам па гімнастыцы ў ЗША. Сяргей паехаў сьледам. Падпісаў кантракт з камандай прафэсійнай лігі «Мінэсота Тандэр», сэзон выступаў на пазыцыі форварда, забіў 6 мячоў. Але неўзабаве завязаў з футболам і перайшоў да «мірнага жыцьця» — кіруе школьнымі аўтобусамі ў Мінэсоце.
Валянцін Бялькевіч, паўабаронца
Яскравы прадстаўнік футболу сярэдзіны і канца 1990-х. Найлепшы футбаліст дзесяцігодзьдзя Беларусі (1990–2000). Памёр 1 жніўня 2014 году — адарваўся тромб. Спартоўцу быў 41 год.
Карэнны мянчук (нарадзіўся ў 1973), Бялькевіч пачаў карʼеру футбаліста ў менскім «Дынама», зь якім чатыры разы станавіўся чэмпіёнам Беларусі і двойчы выйграў Кубак краіны. За зборную Беларусі правёў 56 матчаў і забіў 10 мячоў. Бадай, самым складаным выпрабаваньнем лёсу стала восень 1994 году, калі пасьля матчу на Кубак УЭФА Бялькевіч атрымаў гадавую дыскваліфікацыю за ўжываньне допінгу.
У 1996 годзе перабраўся ў кіеўскае «Дынама», дзе доўгія гады выступаў разам з партнэрам па менскім клюбе і зборнай Беларусі Аляксандрам Хацкевічам. У складзе кіяўлянаў стаў 7-разовым чэмпіёнам Украіны і 6-разовым уладальнікам Кубка. Будучы капітанам кіеўскага «Дынама», чатыры сэзоны запар станавіўся найлепшым футбалістам чэмпіянату Ўкраіны і тройчы — найлепшым легіянэрам году. У 2011-м уганараваны як найлепшы легіянэр ХХ стагодзьдзя ва Ўкраіне.
Пасьля завяршэньня карʼеры футбаліста атрымаў трэнэрскую ліцэнзію «А», быў асыстэнтам старшага трэнэра моладзевага складу «Дынама» (Кіеў).
Аляксандар Хацкевіч, паўабаронца
Двойчы прызнаваўся найлепшым футбалістам Беларусі (1998, 2000), чатырохразовы чэмпіён і двойчы віцэ-чэмпіён Беларусі.
Мянчук і аднагодка Бялькевіча, таксама выхаванец сталічнага «Дынама». Ад 1992 году стала гуляў у асноўным складзе , агулам правёў больш за 100 гульняў, забіў 20 мячоў. Да сярэдзіны нулявых пастаянна прыцягваўся ў нацыянальную зборную — амаль чатыры дзясяткі сустрэчаў на афіцыйным узроўні.
Як і ягоны блізкі сябра Бялькевіч, напоўніцу раскрыўся ў складзе кіеўскага «Дынама», за якое цягам 1996–2003 гадоў згуляў 135 гульняў і адзначыўся 26 галамі. Сяміразовы чэмпіён Украіны, срэбны прызэр, чатырохразовы ўладальнік Кубка. Пасьля завяршэньня гулецкай карʼеры пасьлядоўна прайшоў шлях да галоўнага трэнэра клюбу.
У 2010–2011 быў асыстэнтам галоўнага трэнэра зборнай Украіны. 4 сьнежня 2014 году прызначаны на пасаду галоўнага трэнэра зборнай Беларусі, звольнены праз два гады пасьля няўдалага старту ў адборачным турніры да чэмпіянату сьвету-2018.
Аляксандар Глеб, паўабаронца
Самы ўганараваны ў катэгорыі найлепшы футбаліст Беларусі — прызнаваўся такім ажно шэсьць разоў (2002, 2003, 2005-2008). Стаў першым беларусам, які згуляў у складзе «Арсэналу» ў фінале Лігі чэмпіёнаў (2006 год).
Ужо ў 15 гадоў (1996) Глеба яго запрасілі ў юнацкую зборную Беларусі. Пасьля заканчэньня футбольнай школы «Дынама» перайшоў у ФК БАТЭ (Барысаў). У складзе гэтага клюбу ўпершыню стаў чэмпіёнам Беларусі.
Экс-футбаліст «Барсэлёны» Аляксандар Глеб: «Каталёнцы заўсёды марылі аддзяліцца ад Гішпаніі»
У 2000 годзе з БАТЭ перайшоў у нямецкі «Штутгарт». За пяць сэзонаў правёў каля 170 афіцыйных гульняў, забіў тры дзясяткі галоў і стаў адным з найлепшых па галявых перадачах у бундэсьлізе. У ліпені 2005-га перайшоў у лёнданскі «Арсэнал», у жніўні фанаты прызналі беларуса гульцом месяца. У лёнданцаў выступаў да 2008 году, пасьля быў падпісаны «Барсэлёнай», дзе так і ня здолеў замацавацца ў асноўным складзе.
У апошні час выступаў за клюбы Расеі і Турэччыны, у гэтым сэзоне чарговым разам вярнуўся ў БАТЭ. Малодшы брат Вячаслаў Глеб — таксама вядомы футбаліст.
Міхаіл Мустыгін, форвард
Экс-форвард менскага «Дынама». Цягам дзесяцігодзьдзя — ад 1962 да 1972 году — прымушаў нэрвавацца супернікаў менскага «Дынама». Неаднаразова найлепшы бамбардзір чэмпіянату СССР, удзельнік сымбалічнай каманды па выніках сэзону.
Нарадзіўся ў 1937-м у Каломне Маскоўскай вобласьці. Пасьля дэмабілізацыі ў 1961 годзе прыняў прапанову ад менскага клюбу «Беларусь» (пазьней «Дынама»). У 1962-м (17 галоў) і 1967-м (19 галоў) прызнаны найлепшым бамбардзірам чэмпіянату СССР, у 1963-м стаў бронзавым прызэрам першынства. Выклікаўся ў зборную Саюзу, аднак замацавацца ў яе складзе перашкодзіў парок сэрца.
Мустыгін: Ня бачу прычынаў, каб заўзець за Расею
Пасьля заканчэньня гулецкай карʼеры працаваў дзіцячым трэнэрам, ад намэнклятурных пасадаў адмаўляўся. Ужо ў сталым веку пазнаёміўся з паштальёнкай Марыяй Іванаўнай зь вёскі Малінаўка паблізу Бараўлянаў і апошнія два дзясяткі гадоў лічыць сябе вясковым жыхаром. Але футбол па-ранейшаму застаецца галоўнай жарсьцю 80-гадовага вэтэрана спорту.
Эдуард Малафееў, трэнэр
А вось калі спытацца пра трэнэра, да двух лічыць не даводзіцца. Нават далёкія ад спорту людзі прагаласуюць за Эдуарда Малафеева, пачынальніка «шчырага футболу». Хоць ён родам і не зь Беларусі, але ўнёсак у тутэйшы футбол зрабіў неацэнны.
Летась Эдуард Васільевіч адзначыў 75-гадовы юбілей. Нарадзіўся ЭВМ (так скарачаюць ягоныя ініцыялы людзі футболу) у 1942 годзе ў Краснаярску, куды сямʼя зьехала ў эвакуацыю з падмаскоўнай Каломны. Гуляць пачаў у каломенскім «Авангардзе» ў 1960 годзе. На наступны год быў запрошаны ў маскоўскі «Спартак», а неўзабаве прыехаў на ўзмацненьне ў менскае «Дынама». На вышэйшым узроўні чэмпіянату СССР правёў 254 матчы, са 109 галамі ўваходзіць у сымбалічны клюб Фядотава. У 1971-м стаў найлепшым бамбардзірам саюзнага першынства.
Згуляў 40 матчаў у складзе зборнай СССР, паўфіналіст чэмпіянату сьвету 1966 году, паўфіналіст першынства Эўропы-1968. Пасьля гулецкай «адстаўкі» стаў трэнэрам, працаваў з дынамаўцамі Берасьця і Менску. Ад 1978 году ў структуры сталічнай каманды, зь якой у 1982 годзе здабыў чэмпіёнскі тытул. У 1983–1986 гадах трэніраваў зборную СССР, якая выйграла адборачны турнір да чэмпіянату сьвету 1986 году. Быў галоўным трэнэрам алімпійскай зборнай СССР і паралельна маскоўскага «Дынама». У 1988-м вярнуўся ў менскае «Дынама», пасьля 1991 году працаваў з расейскімі камандамі.
Цягам 2000–2003 гадоў узначальваў зборную Беларусі. Менавіта пры ім быў дасягнуты найлепшы вынік: у адборачным цыклі да чэмпіянату сьвету — 2002 беларусы апынуліся за крок ад стыкавых матчаў, але ў апошнім туры фінішавалі трэцімі ў сваёй групе.
Эдуард Малафееў — заслужаны трэнэр СССР і Беларусі, узнагароджаны Ізумрудным ордэнам УЭФА «За заслугі». Цяпер на пэнсіі.