Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне са стадыёнам «Дынама»


Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцьця абноўленага стадыёна «Дынама»
Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцьця абноўленага стадыёна «Дынама»

Да канца даседзець на трыбуне падчас урачыстай цырымоніі адкрыцьця абноўленага стадыёна «Дынама» я ня здолеў. Акустыка была настолькі жахлівая, што слухаць музыку і сьпевы беларускіх поп-зорак, якія нешта енчылі ля цэнтральнай трыбуны, дзе сядзелі галоўныя госьці на чале з Лукашэнкам і ягоным сынам, было проста выпрабаваньнем для вушэй. Над нашай усходняй трыбунай увесь гэты час магутнымі акустычнымі хвалямі пракочвалася гулкае рэха: не разьбярэш ні слоў, ні мэлёдый...

«Нічога, — супакойваў я сябе. — Гэта выдаткі сьпешкі: ня ўсё здолелі давесьці да ладу. Няма чаго бурчаць. Акустыку наладзяць, заменяць. Калісьці тут вунь якія канцэрты былі. Сам у маладосьці на DDT сюды хадзіў: усё было выдатна чуваць».

Навошта зьнішчылі стары стадыён

Кажуць, стары стадыён «Дынама» не адпавядаў сучасным стандартам. У новым нібыта каля 70 працэнтаў крэслаў схавана пад дахам. Усаджваючыся на сваё месца ў цэнтры ўсходняй трыбуны і назіраючы над галавой голае неба, я моцна засумняваўся ў гэтай лічбе. А тут яшчэ сонца смажыць проста ў вочы. Сэктары з мэтай бясьпекі перагароджаныя высокімі шклянымі сьценамі. Шкла ўвогуле вельмі шмат у аздабленьні трыбун. Выглядае гэта, можа, і мадэрнова. Але калі на вуліцы сьпёка, а ты трапляеш у шкляную загародку, поўнае ўражаньне, што апынуўся ў парніку, ды яшчэ без паліву. Міжволі ўспомніш стары «Дынама» з адкрытымі трыбунамі, па якіх бесьперашкодна гуляў ветрык і было зусім ня горача нават на асьветленых сонцам месцах.

Стаіць на могілках, каштуе 150 мільёнаў даляраў. Факты пра стадыён «Дынама»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:54 0:00

«Ну ты яшчэ старыя драўляныя лаўкі прыгадай, — дакарае мяне ўнутраны голас. — Праз тыя лаўкі, можа, усё і перабудавалі. Цяпер вунь якія яркія рознакаляровыя плястыкавыя крэслы...» Так, былі сасновыя лаўкі. Памятаю, у дзяцінстве я пісаў заметку ў газэту пра тое, што Шчучынскі лясгас атрымаў ганаровае права вырабіць нейкую вялізную колькасьць сасновых лавак для менскага стадыёна, які тады, у канцы 70-х гадоў, капітальна перабудоўвалі, рыхтуючы да алімпійскага футбольнага турніру 1980 году. Да якасьці драўніны тады былі асаблівыя патрабаваньні: выбіралі найлепшае.

Стадыён «Дынама». 1 чэрвеня 1980 году
Стадыён «Дынама». 1 чэрвеня 1980 году

І на тых лаўках, дарэчы, зьмяшчалася больш за 50 тысяч заўзятараў. На цяперашніх плястыкавых крэслах — толькі 22 тысячы. Плястык — больш сучасна і зручна? Хто ведае: гады праз два-тры паглядзім, што стане з тым плястыкам у нашым клімаце. Пакуль што ад вясёлага рабаціньця плястыкавых трыбун толькі адзін відавочны плюс: робіцца непрыкметнай пустата стадыёна. Пры якасьці айчыннага футболу і адпаведнай актыўнасьці заўзятараў — каштоўная вартасьць...

Алімпійская мінуўшчына і цьмяная будучыня

Са стадыёнам «Дынама» ўзору пачатку 80-х гадоў зьвязана маё студэнцкае юнацтва. Наш унівэрсытэцкі інтэрнат быў акурат насупраць. На трыбунах, куды тады быў вольны доступ, можна было рыхтавацца да заняткаў альбо назіраць за трэніроўкамі футбалістаў зорнай каманды «Дынама» ўзору 1982-1983 гадоў. Імёны Пракапенкі, Алейнікава, Зыгмантовіча тады грымелі на ўвесь СССР. Зь верхніх паверхаў інтэрната можна было сачыць за лікам на электронным табло... Праз стадыён заўсёды можна было скараціць дарогу, сьпяшаючыся на лекцыі. У ваколіцах прыемна было шпацыраваць: усё патанала ў зеляніне...

Шмат якія абрысы таго славутага стадыёна засталіся ў абліччы гэтага фактычна новага «Дынама»: найперш — вонкавая абалонка, славутая пасьляваенная аркада ў стылі сталінскага ампіру. Яшчэ — многія элемэнты дэкору: скульптуры, зробленыя на стагодзьдзі каваныя агароджы і брамы, чаша алімпійскага агню, якая памятае найбольш яркія эпізоды гісторыі стадыёна ў ліпені 1980-га...

Вандруючы па навакольлях абноўленага «Дынама», я ўвесь час задаваў сабе пытаньне: а ці патрэбна было ўвогуле зьнішчаць той яшчэ зусім не стары і трывала збудаваны стадыён, каб за такія вялізныя па беларускіх мерках грошы — 150 мільёнаў эўра — узводзіць новы? Тым больш што за такую суму некаторыя заходнія кампаніі браліся пабудаваць абсалютна новую арэну ў чыстым полі. Для капітальных жалезабэтонных канструкцый 35-40 гадоў ня ўзрост, яны б і стагодзьдзе прастаялі. Так, пасьля сумнага пэрыяду 90-х, калі «Дынама» было ператворана ў вялізную брудную «барахолку», стадыён меў патрэбу ў грунтоўным рамонце. Але памяняць электроніку, футбольнае поле ды бегавыя дарожкі можна было за непараўнальна меншыя грошы.... (Дарэчы, 150 мільёнаў эўра — гэта прыблізна гадавы бюджэт усёй беларускай сыстэмы аховы здароўя).

А можа, гэта проста ў нашым беларускім характары? Вунь, адна мая знаёмая ўзяла крэдыт, каб купіць новы айфон, хоць і стары ў яе быў зусім яшчэ не благі. Але ж так хацелася пахваліцца перад сяброўкамі. Праўда, цяпер скардзіцца, што праз выплату крэдыту не хапае грошай нават на «камуналку»...

Магчыма, гэта мой суб’ектыўны настальгічны погляд 50-гадовага чалавека, але.... У 1980-м я бачыў новы стадыён «Дынама» — велічны, з размахам, старанна спраектаваны, які патанаў у зеляніне навакольных паркаў і сквэраў.

Стадыён «Дынама». Падрыхтоўка да XXII Алімпійскіх гульняў, 1980 год
Стадыён «Дынама». Падрыхтоўка да XXII Алімпійскіх гульняў, 1980 год

А ў 2018-м? Размах і веліч зьніклі. Стадыён не вызначаецца ні маштабамі, ні архітэктурнымі вартасьцямі. На будаўніцтва патрачаныя велізарныя сродкі. Тое, што аб’ект узводзілі ў сьпешцы і ўласнымі ня надта кваліфікаванымі сіламі, відаць на кожным кроку. Замест навакольнай зеляніны па пэрымэтры — будаўнічыя пляцоўкі, сьпілаваныя дрэвы і новыя офісныя будынкі.

— За 150 мільёнаў можна было б зрабіць так, каб хоць чуваць было, — незадаволена бурчэў дзядзька, які разам са мной праціскваўся праз крэслы, каб заўчасна пакінуць трыбуну. У нас за сьпінамі працягваўся першы футбольны матч на новым полі, а над стадыёнам грымеў жывы эмацыйны рэпартаж тэлекамэнтатара. Можна было разабраць, што гэта голас Уладзімера Навіцкага. А больш — нічога.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG