Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўводзяць новую электронную паслугу, каб паведамляць онлайн пра дармаедаў


Леташнія пратэсты супрць дэкрэту пра дармаедаў у Магілёве. Архіўнае фота.
Леташнія пратэсты супрць дэкрэту пра дармаедаў у Магілёве. Архіўнае фота.

У Беларусі ўводзяць новую электронную паслугу — у онлайн-рэжыме перадаваць дадзеныя аб занятым у эканоміцы насельніцтве, паведамляе Нацыянальны цэнтар электронных паслуг.

Гэтая інфармацыя будзе выкарыстоўвацца для фармаваньня базы дармаедаў, якую Мінпрацы павінна стварыць да 1 сьнежня гэтага году. Новая электронная паслуга будзе бясплатнай, скарыстацца ёй змогуць як дзяржаўныя органы, так і іншыя арганізацыі, якія павінны будуць падаваць дадзеныя аб занятых у эканоміцы, паведамляе партал TUT. BY.

Новая электронная паслуга будзе даступная з 1 верасьня на адзіным партале электронных паслуг.

А стварэньне базы дадзеных беспрацоўных мусіць завяршыцца да 1 сьнежня. Да 1 верасьня плянуюць запусьціць пілётную вэрсію базы. Пра гэта раней заявіла міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч.

Абнаўляцца база «дармаедаў» будзе раз на чатыры месяцы. Цяпер рыхтуецца сьпіс «жыцьцёвых сытуацыяў», якія будуць падставай для выключэньня з базы «дармаедаў», паведаміла Ірына Касьцевіч. Сьпіс такіх сытуацыяў складуць у Міністэрстве працы да 1 ліпеня. Таксама завяршаецца фармаваньне камісіяў па садзейнічаньню занятасьці насельніцтва. Стварэньне такіх камісіяў прадугледжанае абноўленым «дармаедзкім» дэкрэтам.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў 25 студзеня дэкрэт № 1 аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Гэты дакумэнт прыйшоў на зьмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 году. Першы дакумэнт аб «дармаедах» абавязваў грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.

У сакавіку, пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеяньне дэкрэту на год, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы, як абнавіць дэкрэт, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG