Стварэньне базы дадзеных беспрацоўных мусіць завяршыцца да 1 сьнежня. Да 1 верасьня плянуюць запусьціць пілётную вэрсію базы. Пра гэта заявіла міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч, піша БелТА.
Абнаўляцца база «дармаедаў» будзе раз на чатыры месяцы. Як раней паведамляў TUT.BY намесьнік міністра працы Віталь Кавалькоў, стварэньне базы «дармаедаў» ускладняецца адсутнасьцю ў Беларусі «цэнтралізаванага ўліку інфармацыі» і асобных інфармацыйных базаў.
Цяпер рыхтуецца сьпіс «жыцьцёвых сытуацыяў», якія будуць падставай для выключэньня з базы «дармаедаў», паведаміла Ірына Касьцевіч. Сьпіс такіх сытуацыяў складуць у Міністэрстве працы да 1 ліпеня, інфармуе тэлеканал «Беларусь 1».
Таксама завяршаецца фармаваньне камісіяў па садзейнічаньню занятасьці насельніцтва. Стварэньне такіх камісіяў прадугледжанае абноўленым «дармаедзкім» дэкрэтам.
Аляксандар Лукашэнка падпісаў 25 студзеня дэкрэт № 1 аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Гэты дакумэнт прыйшоў на зьмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 году. Першы дакумэнт аб «дармаедах» абавязваў грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
Краіна дармаедаў. Спэцпраект Свабоды
Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 году. Паводле дадзеных Міністэрства падаткаў і збораў, выплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.
Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.
У сакавіку, пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеяньне дэкрэту на год, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы, як абнавіць дэкрэт, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да кастрычніка 2017-га.