Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар працы: няправільна павялічваць дапамогу па беспрацоўі за кошт дзяржбюджэту

абноўлена

Ірына Касьцевіч, архіўнае фота
Ірына Касьцевіч, архіўнае фота

Міністэрства працы ня будзе павялічваць дапамогу па беспрацоўі. Пра гэта заявіла міністар працы Ірына Касьцевіч на сумесным паседжаньні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, піша БелаПАН.

На думку Касьцевіч, павялічыць дапамогу па беспрацоўі можна праз увядзеньне абавязковага страхаваньня па беспрацоўі.

Чаму гэта немагчыма?

Страхаваньне па беспрацоўі супярэчыць усталяванаму ў Беларусі мараторыю на павелічэньне падатковай нагрузкі для бізнэсу.

«Згодная, што 27 рублёў — малая дапамога па беспрацоўі: але казаць, што сродкі для павышэньня дапамогі неабходна знайсьці ў бюджэце — гэта няправільны падыход», — сказала Касьцевіч.

Паводле Касьцевіч падумаць пра павышэньне грашовай дапамогі беспрацоўным можна будзе ў наступнай пяцігодцы, адначасова разглядаючы пытаньні па ўсіх падатках.

У наступнай пяцігодцы — гэта калі?

Цяпер у Беларусі дзейнічае Праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2016–2020 гады, якую Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў 15 сьнежня 2016 году.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў 25 студзеня дэкрэт № 1 аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Гэты дакумэнт прыйшоў на зьмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 году. Першы дакумэнт аб «дармаедах» абавязваў грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

Краіна дармаедаў. Спэцпраект Свабоды

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 году. Паводле дадзеных Міністэрства падаткаў і збораў, выплацілі яго больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.

Акцыя пратэсту супраць прэзыдэнцкага дэкрэту № 3 у Менску 15 сакавіка 2017 году
Акцыя пратэсту супраць прэзыдэнцкага дэкрэту № 3 у Менску 15 сакавіка 2017 году

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017 году. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.

У сакавіку, пасьля масавых акцый пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеяньне дэкрэту на год, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы, як абнавіць дэкрэт, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да кастрычніка 2017-га.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG