Сапраўднага дыялёгу паміж уладай і грамадзтвам ва ўмовах беларускага аўтарытарнага рэжыму быць ня можа. Магчыма толькі яго імітацыя.
Апошнім часам у публічнай прасторы Беларусі ўсё больш і часьцей гучаць тэма грамадзкага дыялёгу. У прыватнасьці 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі міністар замежных спраў Уладзімер Макей у інтэрвію тэлеканалу Euronews заявіў: «Мы запусьцілі дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю... Дзяржава ўжо выказала гатоўнасьць пачаць гэты дыялёг. Разумным было б прыняць гэтую прапанову і рухацца далей для дасягненьня бóльшага посьпеху ў гэтай сфэры... Сёньня дзяржава ўпершыню працягнула руку сваім апанэнтам».
Зразумела, інтэрвію было разьлічана на зьнешнюю аўдыторыю, якая дрэнна знаёмая зь беларускімі рэаліямі. Таму міністар вырашыў, што нашу рэальнасьць можна некалькі падмаляваць.
Ужо шмат гадоў у Менску дзейнічае экспэртная ініцыятыва «Менскі дыялёг». Апошні маштабны форум, праведзены ёй пры канцы траўня меў пэўны рэзананс. Гаворка там вялася пры міжнародны дыялёг паміж рознымі краінамі. Мой калега Юрый Дракахруст у сваёй перадачы паставіў пытаньне: «Ці стаў "Менскі дыялёг" працягам лініі на дыялёг з грамадзтвам, у пэўным сэнсе наступным крокам пасьля мітынгу-канцэрту на стагодзьдзе БНР? Ці працягам лініі на імітацыю сапраўднага дыялёгу?»
6 чэрвеня Лібэральны клюб правёў вельмі паказальную дыскусію «Дыялёг паміж грамадзтвам і дзяржавай: як знайсьці агульную мову». Мерапрыемства мела пэўны водгук. У прыватнасьці, зьвіўся цікавы артыкул Сяргея Нікалюка.
«Хадакі ў Леніна». Гэта добрая ілюстрацыя мадэлі ўзаемаадносін паміж уладаю і грамадзтвам і ў сёньняшняй Беларусі.
Дыскусія ў Лібэральным клюбе стала вельмі добрай ілюстрацыяй таго, што лічыцца дыялёгам у Беларусі. Паважаныя сьпікеры Сьветлана Зінкевіч, Антон Матолька, Андрэй Эзерын апавядалі пра пасьпяховыя прыклады камунікацыі прадстаўнікоў грамадзкасьці з чыноўнікамі. У прыватнасьці, расказвалі пра тое, як удалося адстаяць менскі раён Асмалоўка ад зносу.
Але ў выніку ўсё зьвялося да таго, як правільна прасіць, якія мэтады і інструмэнтарый прымяніць, каб чыноўнікі пайшлі насустрач грамадзкасьці. Высьветлілася, што прадстаўнікі ўлады не разглядаюць грамадзкіх актывістаў як партнэраў, ня часта іх бачаць нават у якасьці экспэртаў. Іх зважаюць за прасіцеляў. Я, выступаючы на дыскусіі, згадаў, што за савецкім часам была папулярнай карціна, якая вісела ў многіх дзяржаўных установах, — «Хадакі ў Леніна». Гэта добрая ілюстрацыя мадэлі ўзаемаадносін паміж уладаю і грамадзтвам і ў сёньняшняй Беларусі.
Апошнім часам улады трохі навучыліся ладзіць імітацыю дыялёгу, чаго раней не лічылі патрэбным рабіць
Яшчэ ў далёкім 2000-м годзе тагачасны кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Міхаіл Мясьніковіч, выступаючы на нарадзе, выдаў проста цудоўны паліталягічны пэрл: «Хіба тое, што кожны год сотні тысяч нашых грамадзян маюць магчымасьць зьвярнуцца ў розныя органы ўлады, знаходзяць разуменьне і падтрымку, не відавочнае доказ іх правоў?». Менавіта такая палітычная мадэль, у якой вышэйшай праявай народаўладзьдзя зьяўляецца права падданага на чалабітную, выдатна адлюстроўвае разуменьне ўладамі дэмакратыі.
Нельга лічыць паўнавартасным дыялёгам супрацоўніцтва бізнэс-саюзаў з урадам. Хоць гэта найбольш пасьпяховы прыклад камунікацыі ўлады і грамадзтва. Аднак дзяржава пайшла ў пэўнай меры насустрач бізнэсу не ад добрага жыцьця, а толькі тады, калі ўбачыла, што дзяржаўны сэктар эканомікі не працуе, і таму без падтрымкі прыватнікаў захаваць сацыяльную стабільнасьць у краіне не атрымаецца.
Але апошнім часам улады трохі навучыліся ладзіць імітацыю дыялёгу, чаго раней не лічылі патрэбным рабіць. Вось дазвол на сьвяткаваньне апазыцыяй Дня Волі у цэнтры сталіцы Ўладзімер Макей назваў дыялёгам. У гэта паверыць толькі той, хто моцна захоча.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.