Томас Грэм, генэральны дырэктар міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Kissinger Associates, Inc., які некалькі гадоў быў адмысловым дарадцам прэзыдэнта Джорджа Буша-малодшага, удзельнічаў у адкрыцьці форуму «Менскі дыялёг».
«Спадар Грэм, форум, прысьвечаны бясьпецы ва Ўсходняй Эўропе, праходзіць у краіне, якую яшчэ нядаўна называлі „апошняй дыктатурай Эўропы“. А чалавек зь мянушкай „апошні дыктатар Эўропы“ зьвяртаецца да яго ўдзельнікаў. Што цяпер важнейшае — бясьпека ці дэмакратыя?» — з такім пытаньнем зьвярнулася да Томаса Грэма Радыё Свабода.
«Мой адказ будзе — абедзьве важныя. Бясьпечнае асяродьдзе патрэбнае. Адкрытае грамадзтва неабходнае для разьвіцьця эканомікі і забесьпячэньня людзей тым узроўнем жыцьця, якога яны хочуць.
Відавочна, перш чым пабудаваць адкрытае грамадзтва, патрэбная бясьпека. І тыя праблемы і нестабільнасьць, якія мы назіраем цяпер у частцы Эўропы і па ўсім сьвеце, ставяць патрэбу ў бясьпецы на першы плян палітычнай павесткі. Гэта не азначае, што мы забываем пра іншыя аспекты. Але шмат намаганьняў будзе сканцэнтравана менавіта на спробах пабудаваць больш стабільны сьвет.
Таму стабільнасьць трэба разумець як падмурак для дэмакратыі, бясьпеку — як падмурак для дэмакратыі».
Томас Грэм — генэральны дырэктар Kissinger Associates, Inc., міжнароднай кансалтынгавай кампаніі ў Нью-Ёрку. Быў адмысловым дарадцам прэзыдэнта Джорджа Буша-малодшага, дырэктарам расейскага аддзелу Рады нацыянальнай бясьпекі. Два дыпляматычныя тэрміны працаваў у амбасадзе ЗША ў Маскве. Аўтар кнігі «Заняпад і няўпэўненае адраджэньне Расеі» (2002)