Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку запрасілі ў Аўстрыю

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка падчас форуму «Менскі дыялёг»
Аляксандар Лукашэнка падчас форуму «Менскі дыялёг»

Падчас тэлефоннай размовы 29 траўня фэдэральны канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц запрасіў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку наведаць Аўстрыю.

Лукашэнка прыняў запрашэньне наведаць Аўстрыю і запрасіў Курца ў Беларусь. Дакладныя даты візыту Лукашэнкі ў Аўстрыю і Курца ў Беларусь не называліся.

Падчас размовы кіраўнікі дзяржаў гаварылі пра:

  • заплянаваную на восень сустрэчу асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы;
  • форум «Менскі дыялёг», які прайшоў у Менску 23–25 траўня;
  • гандлёва-эканамічныя сувязі і інвэстыцыі;
  • разьвіцьцё кампаніі velcom, якая ўваходзіць у аўстрыйскі холдынг «TelekomAustriaAG».

Палітоляг Андрэй Фёдараў у камэнтары Свабодзе адзначыў, што гэта была шараговая тэлефонная размова, у цяперашніх рэаліях сустрэча двух кіраўнікоў цалкам мажлівая, але ўсё можа зьмяніцца.

Стракатая гісторыя беларуска-аўстрыйскіх дачыненьняў

За апошнія 10 гадоў Лукашэнка езьдзіў у краіны Эўразьвязу тры разы:

  • Красавік 2009 — падчас візыту ў Ватыкан Лукашэнка меў аўдыенцыю ў папы Бэнэдыкта XVI і нефармальную сустрэчу з кіраўніцтвам Італіі — з прэм’ер-міністрам Сыльвіё Бэрлюсконі і міністрам замежных спраў Франка Фратыні.
  • Верасень 2009 — з ініцыятывы Літвы Лукашэнка зьезьдзіў у Вільню. Там ён сустрэўся з прэзыдэнтам краіны Даляй Грыбаўскайце і прысутнічаў на адкрыцьці беларуска-літоўскага эканамічнага форуму.
  • Травень 2016 — Лукашэнка сустрэўся ў Ватыкане з папам Францішкам, у Рыме — з прэзыдэнтам Італіі Сэрджыё Матарэлам.

Летась у лістападзе Лукашэнка адмовіўся ад запрашэньня Брусэлю наведаць саміт «Усходняга партнэрства».

Храналёгія санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі

  • 1997 год — Брусэль забараняў кантакты на высокім узроўні, любое супрацоўніцтва і тэхнічную дапамогу, апроч «чарнобыльскіх» праектаў. Тады МЗС Аўстрыі рэкамэндаваў палітыкам не сустракацца з кіраўніком Беларусі.
  • 2004 год — асабістыя візавыя санкцыі. Першапачаткова яны былі ўведзеныя адносна асобаў, якія падазраваліся ў датычнасьці да палітычных выкраданьняў. Пасьля разгону Плошчы-2010 Эўразьвяз пашырыў санкцыі яшчэ на шэраг асобаў.
  • Верасень 2015 — прыпыненьне санкцый пасьля выхаду на волю ўсіх палітвязьняў Беларусі. На пачатку 2016 году львіную долю санкцый анулявалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG