У кобрынскім судзе працягваецца працэс над міліцыянтам Сяргеем Куляшовым, якога вінавацяць у нанясеньні цялесных пашкоджаньняў жыхару вёскі Барозна Анатолю Глыцюку. Сёньня на суд падтрымаць абвінавачанага прыйшлі каля 40 міліцыянтаў у форме.
Участковага інспэктара маёра Сяргея Куляшова судзяць паводле часткі 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэксу — перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Пацярпелы селянін Анатоль Глыцюк заяўляе, што міліцыянт паламаў яму нагу.
На сёньняшнім паседжаньні начальнік Кобрынскага РАУС палкоўнік Уладзімер Сьцепанюк даў станоўчую характарыстыку абвінавачанаму.
«Высокі суд! Вы судзіце не ўчастковага інспэктара міліцыі, не супрацоўніка Кобрынскага РАУС — вы судзіце ўсю сыстэму органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Лічу, што Куляшоў не злачынец, крымінальны закон ён не парушаў. Веру, што высокі суд здольны вынесьці справядлівы вырак», — сказаў начальнік кобрынскай міліцыі.
«За мной знаходзяцца супрацоўнікі Кобрынскага РАУС, і я ня ведаю, як я буду мець маральнае права накіроўваць іх на службу ў выпадку асуджэньня Куляшова», — заявіў Уладзімер Сьцепанюк.
У судзе начальнік Кобрынскага РАУС выбачыўся перад пацярпелым Глыцюком, але сказаў, што нанясеньне траўмы адбылося пасьля таго, як селянін не падпарадкаваўся міліцыянту.