У сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» узламаная старонка Сьледчага камітэту, паведамляе БелаПАН. Прадстаўнікі СК пацьвердзілі ўзлом.
12 чэрвеня прыкладна ў 8.35 там зьявілася паведамленьне:
«Згодна з чаканьнямі расейскага боку, Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь з дазволу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі адхіляе свайго прадстаўніка і ня будзе далей удзельнічаць у Міжведамаснай Камісіі па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры».
Да паведамленьня прымацаваны скан указу прэзыдэнта ад 16 лістапада 2017 году № 413 «Аб Мiжведамаснай камiсii па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры».
Сьледчы камітэт пацьвердзіў факт узлому афіцыйнай старонкі ў Facebook.
«Наша старонка ў Facebook была ўзламаная сёньня раніцай. Усё, што там сёньня апублікавана і, магчыма, будзе апублікавана — не адпавядае рэчаіснасьці. У цяперашні час мы працуем над аднаўленьнем доступу», — гаворыцца ў паведамленьні ў афіцыйным акаўнце Сьледчага камітэту ў Твітэры.
Напярэдадні быў узламаны твітэр-акаўнт намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Максіма Рыжанкова.
Зранку 11 чэрвеня ў акаўнце Рыжанкова, закінутым з восені 2016 году, зьявіліся выбачэньні «расейскім калегам за прынятыя меры супраць Расейскай Фэдэрацыі ў сфэры інфармацыйнай бясьпекі» з далучаным фота ліста, падпісанага нібыта кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай. За што менавіта «прасілі прабачэньня», зь ліста не зразумець.
«Гэта правакацыя. Старонка ў інтэрнэце ўзламаная. Праваахоўныя органы ўжо займаюцца», — пракамэнтаваў сытуацыю Рыжанкоў.
Летась невядомыя тройчы ўзломлівалі «афіцыйныя» беларускія твітэр-акаўнты, кожны раз паведамленьні ва ўзламаных акаўнтах былі зьвязаныя з Расеяй. Падчас вучэньняў «Захад-2017» твітэр гомельскай міліцыі «паведаміў» пра затрыманьне трох вайскоўцаў, якія нібыта згвалцілі непаўналетнюю дзяўчынку (паведамленьне неўзабаве зьняпраўдзілі). Падобна, што міліцыя не прыняла пасьля гэтага найпрасьцейшых захадаў абароны сваіх твітэраў: у канцы лістапада спачатку твітэр магілёўскай міліцыі «абвясьціў вышук» Уладзіміра Пуціна, потым твітэр праекту «Перехват» ня проста «абвясьціў» вышук Пуціна, а стаў пісаць абразьлівыя твіты пра яго і публікаваць карыкатуры.