Калі стала вядома, што сярод інвэстараў рэстарану каля Курапатаў ёсьць грошы грамадзян Ізраілю, то некаторым абаронцам і частцы камэнтатараў у інтэрнэце «ўсё стала зразумела».
Ізноў мы вяртаемся да таго, ад чаго хочам амаль 30 гадоў адмыцца — саўковых клішэ з душком антысэмітызму. Дастаткова інфармацыі пра «ізраільскі пашпарт» або габрэйскага прозьвішча, каб даць адказ на любое пытаньне.
Малюецца карціна, нібыта сядзелі недзе габрэі і прыдумалі аб’яднацца, каб пабудаваць на месцы беларускай трагедыі рэстаран з барбэкю. І гучыць крыўда: маўляў, вас там саміх стралялі, а мы вас ратавалі падчас Галакосту, і вы цяпер з намі так. Вы сапраўды лічыце, што нацыянальны фактар стаў вырашальным у гэтай справе? А францускім інвэстарам мы прыгадалі б паход Напалеона? А швэдзкім спаленьне Нясьвіжу?
Памятайма, што гэта грамадзяне Беларусі далі дазвол будаваць забаўляльны комплекс у Курапатах. Грамадзяне Беларусі яго там будавалі, яны там працуюць, кідаюцца на абаронцаў, складаюць пратаколы, абражаюць і троляць, называючы беларускі сьцяг анучай. Што з гэтага факту павінна вынікаць для беларускі Багінскай або беларуса Дашкевіча? Яны павінны публічна пакаяцца за ахоўніка Дзіму?!
Мы маем факт з парушэньнем законнасьці і размываньнем межаў маралі. Давайце біць па законе і гнюснасьці, а не па пашпарце інвэстара, які ў сучасным сьвеце сьведчыць толькі аб тым, дзе чалавек плоціць падаткі. І нават гэта не заўсёды.
Эмоцыі вакол Курапатаў зразумелыя. Злосьць і бясьсільле. І калі ўкус спадарыняй Басалыгай ейнага апанэнта можна апраўдаць станам афэкту ад ягонай агрэсіі, то пошукі ў курапацкай праблеме нацыянальнага складніка — гэта стрэл сабе ў калена і пошук ворага там, дзе яго няма.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.