Віцэ-сьпікер Вярхоўнай рады Ірына Герашчанка назвала прозьвішчы пяці ўкраінскіх зьняволеных, якія знаходзяцца ў турмах на тэрыторыі Расеі, якіх Кіеў хацеў бы атрымаць у абмен на расейцаў, арыштаваных на тэрыторыі Ўкраіны.
«Падчас чарговых менскіх сустрэч украінскі бок яшчэ раз зьвярнуўся да Расейскай Фэдэрацыі зь ініцыятывай (абмену — РС). Мы гатовыя перадаць 23 расейцаў, асуджаных ва Ўкраіне за датычнасьць да тэрарыстычных актаў, падрыхтоўку тэрарыстычных актаў, за злачынствы супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны, дзеля вызваленьня Алега Сянцова, Аляксандра Кольчанкі, Мікалая Карпюка, Станіслава Клыха, Паўла Грыба», — сказала Герашчанка ў эфіры ўкраінскага канала 112.ua.
Раней афіцыйны Кіеў заяўляў, што гатовы перадаць Маскве расеецаў у абмен на ўкраінцаў, не называючы канкрэтных імёнаў.
Грамадзяне Ўкраіны Мікалай Карпюк і Станіслаў Клых асуджаныя ў Расеі па абвінавачваньні ў забойствах расейскіх вайскоўцаў у Чачэніі ў 1994-1995 гадах (на 22 гады і 20 гадоў адпаведна). Павал Грыб знаходзіцца ў СІЗА па справе аб садзейнічаньні тэрарызму.
Алега Сянцова і Аляксандра Кольчанку абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрактаў. Яны адбываюць тэрміны ў 20 і 10 гадоў калёніі.