Беларускі сайт Marketing.by апублікаваў маркетынгавае дасьледаваньне, праведзенае агенцтвам Vondel/Hepta, прысьвечанае маладому пакаленьню беларусаў (як называюць яго у дасьледаваньні, «пакаленьне Z») 1995−2005 гадоў нараджэньня.
Пра што дасьледаваньне
Задачай дасьледаваньня было вывучыць, як моладзь бавіць вольны час, выявіць агентаў уплыву, вызначыць самыя эфэктыўныя для «пакаленьня Z» каналы камунікацый і віды рэклямы, асаблівасьці прыняцьця рашэньняў пры куплі і па выніках «сфармаваць партрэт прадстаўнікоў пакаленьня Z ў Беларусі як спажыўца рэклямнай інфармацыі».
Як праходзіла апытаньне
Усяго было апытана 860 чалавек з усіх абласьцей і тыпаў населеных пунктаў Беларусі. Розных узроставых групаў (12-13 гадоў, 14-15 гадоў, 16-17 гадоў, 18-19 гадоў, 20-22 гады) з захаваньнем суадносін мужчын і жанчын у кожнай узроставай групе.
Дасьледаваньне ўключала онлайн-апытаньне ў фармаце pop-up выбраных ў выпадковым парадку карыстальнікаў і анкетнае апытаньне па месцы вучобы і правядзеньня вольнага часу маладых людзей. Онлайн-апытаньне ахапіла 354 чалавек, а офлайн — 506.
Вынікі
Пра зносіны, шчасьце і посьпех
Дасьледчыкі высьветлілі, што адчуваньне шчасьця ў маладых людзей зьвязанае з заняткамі хобі, любімай справай, зносінамі зь сябрамі. І вось вам яшчэ папулярны адказ — калі бацькі мной задаволеныя!
Дарэчы, у дасьледаваньні ёсьць пытаньне, ці ўлічваюць бацькі іх меркаваньне пры выбары і куплі тавараў. Дзяўчаты часьцей паказваюць, што іх меркаваньне заўсёды ўлічваецца пры выбары і куплі прадуктаў (45,9%), тавараў для дома (33,4%), бытавой хіміі і касмэтыкі — 34,9%.
Пра індывідуальнасьць
«Імкненьне прадстаўнікоў пакаленьня Z быць індывідуальным, ні на каго не падобным праяўляецца ў проціпастаўленьні сябе іншым, нават прадстаўнікам свайго атачэньня. На эмпірычным узроўні гэта выявілася ў пазыцыі: «Я не магу адказваць за ўсіх, для мяне модна адно, а для маіх сяброў, аднаклясьнікаў, і моладзі наогул — іншае», адзначаецца ў дасьледаваньні.
Меркаванні аб моладзі ў цэлым і пра сябе не супалі па большасьці пазыцый, для большай часткі апытаных гэта зусім розныя выбары. 43% лічаць модным асабіста для сябе быць ні на каго не падобным.
Сярод слоганаў, якія блізкія моладзі, апынуліся тыя, што дэманструюць асобу, свабоду, арыгінальнасьць.
Пра лідэраў і моду
Сярод людзей, за якімі моладзь сочыць у сацсетках, часьцей за ўсё згадваюцца блогеры, музыкі, кінаакторы і спартоўцы. Каля 20% нават падпісаныя на каналы вядомых брэндаў.
Паводле дасьледаваньня, меркаваньні пра модныя тэндэнцыі фармуюцца ў асноўным пад узьдзеяньнем бліжэйшага акружэньня: сяброў, знаёмых (35,9%). Іншыя «каналы» (навінкі вядомых брэндаў, папулярныя асобы, модныя часопісы нароўні з варыянтамі «гляджу, што носяць іншыя на вуліцы», «гляджу, што прадаюць у крамах, на рынку») маюць прыкладна аднолькавы ўплыў на фармаваньне поглядаў на моду прыкладна для чвэрці апытаных.
Дзяўчаты ў большай ступені сочаць за модай і праяўляюць вялікую зацікаўленасьць у праглядзе модных часопісаў, навінак вядомых брэндаў, наведваньні крам.
Пра посьпех
15-16-гадовыя часьцей за іншых называюць чалавека пасьпяховым, калі ён прафэсіянал у сваёй справе, зрабіў кар’еру, багаты і мае пасьпяховы бізнэс. Сярод ТОП-10 людзей, якіх моладзь лічыць пасьпяховымі, увайшлі два беларусы — біятляністка Дар’я Домрачава і музыка Макс Корж. У пяцёрцы таксама прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, расейская тэлевядоўца і сьпявачка Вольга Бузова.
12-13-гадовыя ў якасьці крытэраў посьпеху часьцей адзначаюць вядомасьць, папулярнасьць і дружную сям’ю.
Пра рэкляму
Як адзначана ў справаздачы, «пакаленьне Z практычна не глядзіць або рэдка глядзіць TV, аддаючы перавагу прагляду фільмам, сэрыялам і перадачам у кампутары ці смартфоне». Асноўны TV-аўдыторыяй выступаюць падлеткі 12-13 гадоў, школьнікі. Найменшай папулярнасьцю тэлебачаньне карыстаецца сярод 18-19-гадовых, студэнтаў. Дасьледаваньне падрабязна вывучае, якія тэлевізійныя каналы і перадачы глядзіць моладзь.
А вось інтэрнэту прысьвечаная ільвіная доля часу. Пры гэтым сацыяльныя сеткі «УКантакце» і Instagram лідзіруюць з істотным адрывам.
У дасьледаваньні таксама раскрываецца:
- Што стымулюе пакаленьне Z да пакупак,
- Якія падарункі і бонусы лічацца найбольш прывабнымі
- Якія акцыі выклікаюць жаданьне прыняць у іх удзел,
- Якая рэкляма не выклікае раздражненьня і нават падабаецца.
Высьветлілася, што амаль трэць апытаных маладых людзей (32,9%) зьдзяйсьнялі пакупкі пад уплывам рэклямы, 4,9% робяць гэта даволі часта.
Адна з высноваў дасьледаваньня — найбольш пасьпяховымі у пакаленьня моладзі 1995 −2005 гадоў нараджэньня стануць брэнды, якія прапануюць маладым спажыўцам стымул да выхаду ў офлайн, актыўных дзеяньняў і дасягненьня годных мэтаў.