У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьнік і выдавец Зьміцер Вішнёў.
Якія кнігі вы чытаеце цяпер?
Вельмі часта, у сілу спэцыфікі працы, мне даводзіцца чытаць рукапісы сучасных беларускіх аўтараў. На дадзены момант я чытаю раман Алены Бравы «Садомская яблыня», аповесьць Алеся Бычкоўскага «Горад інфэрна», цыкл навукова-фантастычных апавяданьняў Сяргея Белаяра «Расьсьледаваньні інспэктара Сарвы».
Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?
Перачытаў раман Грэма Грына «Камэдыянты» — атрымаў эстэцкую асалоду. Гэтае чытаньне падштурхнула да мастацкай публіцыстыкі гэтага ж аўтара — з цікаўнасьцю праглынуў ягоныя «Вандроўкі бяз мапы».
Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?
Атрыманьне прэміі кнігай, вядома, уплывае на выбар, але я пераборлівы чытач. І часам канчатковае рашэньне прымаю, абапіраючыся на нейкія спантанныя і яркія ўражаньні. Возьмеш кнігу ў рукі, пагартаеш, спынісься ў пэўным месцы, прачытаеш, зачэпіць — «Вось тое, што трэба!»
Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам?
Вычытаў у Грэма Грына ў ягоных «Вандроўках бяз мапы», што адзін са сваіх раманаў, «Тайны агэнт», ён напісаў за шэсьць тыдняў, прымаючы два разы на дзень бэнзэдрын.
Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?
Прачытаў раман Майкла Рыдпата «Усё прадаецца». Клясычны трылер.
Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?
Зь вялікай павагай стаўлюся да творчасьці Андрэя Бітава. Першую ягоную кнігу прачытаў у шаснаццаць гадоў і быў пад моцным уражаньнем. Потым, як гэта ні дзіўна, лёс ня раз зводзіў мяне з самім аўтарам — у Менску, у Маскве, адна з сустрэч адбылася на высьпе Готлянд, дзе мы пілі віно і шмат разважалі пра літаратуру. З той вандроўкі ў мяне засталася кніга з аўтографам Бітава — раман «Абвешчаныя».
«Я не хачу быць спадкаемцам Скарыны»
Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?
Раман Зьмітра Вішнёва «Калі прыгледзецца — Марс сіні».
А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?
Раман аўстрыйскага літаратара Міхаэля Кёльмаера «Дзяўчынка з напарсткам». Плакаць ня плакаў, але ж шмат уздыхаў і кудлачыў на галаве валасы, бо чытаньне было адначасова і простым, і складаным. Лёгкая стылістыка ў сукупнасьці з мацнейшым псыхалягічным катком. Гісторыя пададзеная вачыма шасьцігадовай дзяўчынкі. Чытаць гэты раман спакойна немагчыма. Бліскучы твор, які загучаў па-беларуску, дзякуючы руплівай працы перакладчыцы Ірыны Герасімовіч.
Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?
Расчаравала кніга Мігеля Анхеля Астурыяса «Вочы пахаваных». Спачатку было шмат добрых уражаньняў, потым пачалі выпаўзаць нейкія соплі. А раззлавала сёлетняя прэмія «Дэбют». Дакладней — намінацыя «Паэзія». Паважныя сябры журы палічылі, што вылучаных кніг недастаткова для вызначэньня лепшых. Як на мой суб’ектыўны погляд, дэбют Янкі Каліноўскага — за апошнія некалькі гадоў адзін з самых яркіх і моцных. Кніга «Падслуханае сьценамі шматпавярховак» падмацаваная грунтоўнай прадмовай Віктара Жыбуля, там ёсьць наступныя ягоныя словы: «Янка Каліноўскі ўмее паказаць свае пачуцьці ў разгорнутых маляўнічых вобразах, хоць гэты малюнак і напоўнены змрочнымі, дэкаданснымі фарбамі. Унутраная прызма зьмяняе аранжавы колер на шэры. Сьпёка пачуцьцяў спальвае ўнутраны сад». Цалкам згодны з высновамі Віктара. Нават не прыгадаю, каб нехта дэбютаваў гэтак пасьпяхова з кнігай у пятнаццаць гадоў. Другі паэтычны дэбют таксама гучыць рознымі колерамі — «Фарбы душы» Яніны Пінчук.
Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?
Гэтае пытаньне ставіць мяне ў тупік. Я б ня стаў вылучаць жанры, якія мне не даспадобы. Кожны жанр мае свае дасягненьні, якія ня варта абмінаць увагай. Да прыкладу, я не чытаю балядаў, але ж гэта ні пра што не гаворыць.
Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?
Я люблю чытаць з паперы і мне здаецца, што такой думкі прытрымліваецца большасьць. Шоргат паперы, пах фарбы. Электронныя кнігі зручна чытаць ва ўзросьце, бо можна павялічваць літары на экране. Нягледзячы на вышэй сказанае, ёсьць кнігі, якія я чытаю ў электронным варыянце — перадусім гэта рукапісы аўтараў, якія цяпер дасылаюцца ў выдавецтва выключна ў электронным варыянце. Можа таксама ўзроставае?
Чытаю па меры магчымасьці — у розны час. Даволі часта чытаю некалькі кніг паралельна. Калі кніга захоплівае, тады ўжо не раскідваюся на некалькі выданьняў.
Кнігарня «Галіяфы» пераехала на Нямігу
Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?
Калісьці ведаў, дзе і якая кніга ляжыць — цяпер не, бо ў сям’і пабольшала чытачоў. Дачка пачала актыўна вывучаць асартымэнт кніжных паліцаў, і таму фаліянты перасоўваюцца па кватэры, нібыта пералётныя птушкі.
Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?
Насамрэч, мне падаецца, што такіх выданьняў у мяне няшмат. Ёсьць двухтомнік Янкі Скрыгана, які выдадзены ў 1975 годзе з аўтографам аўтара. Ёсьць кніга 1940 года Веліміра Хлебнікава. Можа яшчэ тое-сёе.
Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?
Пэўна, адна з такіх кніг — ад латыскага паэта Улдыса Бэрзыньша «Склоны і песьні» у перакладзе на расейскую мову. Месячная стыпэндыя ў 2013 годзе ў Вэнтспілсе дала мне магчымасьць для доўгіх размоў і дыскусій з гэтым унікальным паэтам. Як на мой погляд, Улдыс Бэрзыньш — неверагодная велічыня ў паэзіі. Латвіі вельмі пашанцавала, што ў яе ёсьць такі паэт і філёзаф.
Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?
Гэта будзе гучаць эгаістычна, але гэта героі і антыгероі маіх твораў. Да прыкладу, з апошняга раману — дырэктар кнігарні Рыгор Каваль і капітан Барада.
Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?
Так — у дзяцінстве я чытаў вельмі многа. Нават памятаю, як у малодшых клясах прагульваў школу, прыкідваўся хворым, каб толькі маці пачытала кнігу. Зь дзяцінства люблю Джэка Лондана, Джэймса Фэнімара Купэра, Аляксандра Дзюма, Аляксандра Волкава, Аляксандра Шарова, Марка Твэна і многіх-многіх іншых. Здаецца, усіх і не пералічыш.
Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?
Спадзяюся, што адна кніга «Галіяфаў» ужо ёсьць у кніжнай шафе прэзыдэнта — гэта кніга Міхаіла Галдзянкова «Хакей. Гісторыя чэмпіянатаў сьвету».
Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?
Паглядзеў на кніжныя паліцы і падумаў, што хацеў бы сустрэцца з Генадзем Бураўкіным. Заўсёды яго згадваю, калі слухаю з дачкой калыханку. Зь Дзьмітрыем Прыгавым, зь якім калісьці выступалі ў БДУ, а потым сядзелі ў кавярні, выпівалі. З Назарам Ганчаром, з якім некалі разам выступалі ў Львове і вялі размовы пра літаратуру… З Янкам Брылём, які ў 1998 годзе спыніў мяне ў Доме літаратара і пахваліў маю першую паэтычную кнігу «Штабкавы тамтам»…
А потым я задумаўся… Сёлета 22 чэрвеня выступаю ў музэі Азгура на Banker-фэсце і пэўна было б файна, каб на гэтае мерапрыемства завітаў бы і сам Банкер (ён жа Уладзімер Банько, ён жа Ярыла Пшанічны, ён жа пэрформэр Залатая афрыканская рука). І ўсе абваліліся б пад стол. А Ярыла Пшанічны махнуў бы рукой і паведаміў: «Ну, што спалохаліся? Ха-ха!» І няхай гэта будзе не прыватная вечарынка. Мы б схаваліся разам зь Ярылам Пшанічным і паэтам Зьмітром Плянам і напіліся б за сустрэчу.
Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?
Па вялікім рахунку ён ужо ёсьць. Так у альманаху «Тэксты» з нумара ў нумар друкаваліся бумбамлітаўскія дзёньнікі Віктара Жыбуля. Празь ягоныя запісы я зразумеў, што Віктар фіксуе кожны мой крок — не схавацца. Дзякуй, сябра! Адчуваю сябе мікробам пад мікраскопам.
Што вы перачытваеце?
Найперш свой новы раман «Калі прыгледзецца — Марс сіні». У 93 нумары «Дзеяслова» зьявілася ягоная першая частка. Апроч гэтага, перачытваю Уладзімера Набокава, Джэймса Джойса.
Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшы час?
Кнігу мастацкай публіцыстыкі Эліяса Канэці «Чалавек нашага стагодзьдзя».