У Менскім офісе БСДП прайшло паседжаньне форуму «Свабоду палітвязьням». Форум аб’ядноўвае шэраг палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і праваабаронцаў, якія на сваіх пляцоўках вядуць змаганьне за правы людзей.
Сход прыняў адмысловую заяву на адрас «Менскага дыялёгу» пра наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў і крытычна выказаўся наконт праваабаронцаў зь «Вясны» і БХК, якія «заніжаюць маштабы праблемы».
«Уздыміце пытаньне палітычных рэпрэсій у Беларусі на менскім форуме, не замоўчвайце праблему, — зьвярнуліся ўдзельнікі форуму „Свабоду палітвязьням“ да калегаў-праваабаронцаў. — Умовай дыялёгу зь беларускім рэжымам павінна быць вызваленьне ўсіх палітвязьняў Беларусі».
Да ўдзельнікаў «Менскага дыялёгу» прынялі адмысловы зварот.
«Заклікаем міжнародную супольнасьць падтрымаць дэмакратыю, законнасьць і незалежнасьць Беларусі. Паставіць умовай дыялёгу з Лукашэнкам вызваленьне ўсіх палітвязьняў і спыненьне палітычных рэпрэсій», — гаворыцца ў ім.
Паводле «Вясны» і БХК, у Беларусі прызнаныя палітвязьнямі два чалавекі — былы выкладчык Міхаіл Жамчужны і грамадзкі актывіст Зьміцер Паліенка. Між тым удзельнікі форуму «Свабоду палітвязьням» мяркуюць, што да гэтага сьпісу варта дадаць яшчэ 7 чалавек, а ў блізкіх кандыдатах на тое, каб трапіць у яго, яшчэ трое.
Пра кожнага зь іх на паседжаньні прадставілі апошнія зьвесткі.
Міхаіл Жамчужны, адбывае 6,5 году ў калёніі ў Горках паводле абвінавачаньня ў спробе здабыць службовую інфармацыю.
«Увесь час у карцэры, блякаваньне інфармацыі. Прыкра, што чалавек застаўся адзін на адзін з рэжымам. „Вясна“ спрабуе паўплываць, каб да яго дапусьцілі праваабаронцаў, але ўлады баяцца. Мы павінны казаць эўрапейскай супольнасьці: ідзе бесчалавечнае катаваньне людзей. Каб нешта зьмяніць, трэба ўводзіць супраць беларускага рэжыму санкцыі», — выказалася грамадзкая актывістка, рэжысэрка дакумэнтальнага кіно Вольга Мікалайчык.
Зьміцер Паліенка, адбывае 2,5 года ў калёніі ў Бабруйску пасьля ўдзелу ў акцыі «Крытычная маса».
«Нагу не далячылі, адправілі на працу — чысьціць драты, вельмі небясьпечная праца для здароўя. Працуе 6 дзён на тыдзень. Некалькі разоў кідалі ў карцэр. Таксама пагражае 411 артыкул — новы суд нібыта за непадпарадкаваньне адміністрацыі», — сказала Вольга Мікалайчык.
Сьвятаслаў Барановіч, асуджаны на 3 гады паводле абвінавачаньня ў гвалце супроць міліцыянта падчас пратэставай акцыі «Марш недармаедаў». Яго ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары ў Жодзіне, неўзабаве маюць адправіць у калёнію.
«Пра Барановіча мы распавялі 13 амбасадарам замежных краін, у тым ліку эўрапейскіх, але пакуль рэакцыі няма. Трэба больш настойліва даносіць інфармацыю пра ягоную справу», — сказаў сустаршыня БХД Павал Севярынец.
«Гэтая справа відавочна палітычная. Суд не зьвярнуў увагі на тое, што Барановіч, ужываючы гвалт супраць міліцыянта, ня мог ведаць, што гэта супрацоўнік праваахоўных органаў. Ён бараніў людзей, на якіх напалі невядомыя асобы», — дадала актывістка Натальля Гарачка.
Тарас Аватараў, адбывае 5 гадоў зьняволеньня ў Віцебскай калёніі «Віцьба-3» за правоз гранаты.
«Пасьля кожнай акцыі салідарнасьці Тараса Аватарава „прэсуюць“. Яму кажуць: будзеш уздымаць пытаньне ў мэдыях, што ты палітвязень, адназначна чакае 411 артыкул — асуджэньне на новы тэрмін нібыта за непадпарадкаваньне адміністрацыі. Але маці Аватарава вітае нашы акцыі», — сказаў Павал Севярынец.
Футбольныя фанаты, сябры незарэгістраванай антыфашысцкай арганізацыі Ільля Валавік, Зьміцер Цехановіч, Вадзім Бойка, Філіп Бойка.
Ільля Валавік адбывае 10 гадоў, у тым ліку паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. «Вясна», БХК не прызнаюць яго ды іншых фігурантаў справы палітвязьнямі, хоць форум «Свабоду палітвязьням» лічыць, што Валавік і ягоныя сябры сталі ахвярамі перасьледу за палітычныя погляды. Так мяркуе праваабаронца Кацярына Садоўская.
«Была апэрацыя на руцэ, дасталі аскепак іголкі, доўга адмаўляліся лячыць. Жонка зь дзіцем мусілі зьехаць зь Беларусі, хаваюцца ад ФСБ. У Ільлі Валавіка памёр бацька, засталася маці, якая адна змагаецца за сына», — кажа Вольга Мікалайчык.
Алесь Юркойць, асуджаны на 7 гадоў нібыта за хабарніцтва.
«Апошняя інфармацыя пра Алеся: актыўна лістуецца, нядаўна адказаў, што трымаецца добра. Вельмі ўражаны нашымі выхадамі на пікеты салідарнасьці з партрэтамі асуджаных, у тым ліку зь ягоным. Яшчэ спадзяецца, што выйдзе на волю раней — пры ўмове, што павялічыцца ціск на беларускія ўлады з боку Эўразьвязу. Ліставаньню зь ім перашкаджаюць», — сказаў Павал Севярынец.
Яшчэ тры чалавекі, паводле актывістаў форуму «Свабоду палітвязьням», могуць неўзабаве дапоўніць гэты сьпіс.
Паўло Шаройка. Паводле зьвестак з амбасады Ўкраіны, украінскі журналіст нядаўна асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня нібыта за шпіянаж.
Суд прайшоў за зачыненымі дзьвярыма, журналістаў не паклікалі нават на абвяшчэньне прысуду. Вярхоўны суд дагэтуль ня даў інфармацыі пра працэс над Паўлам Шаройкам.
Удзельнікі форуму «Свабоду палітвязьням» мяркуюць, што ягоная справа сфальшаваная.
Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік, лідэры незалежнага прафсаюзу РЭП.
«Фігуранты крымінальнай справы аб нясплаце падаткаў у вялікім памеры. Фядыніч і Комлік знаёмяцца са справай, зьбіраюцца падаць сустрэчныя пазовы да Сьледчага камітэту і дзяржаўных СМІ за распаўсюд недакладных зьвестак. Ім пагражаюць рэальныя тэрміны, „хатняя хімія“ або адтэрміноўка пакараньня. Але нам зразумела, што людзей будуць судзіць за іх актыўнасьць у абароне правоў працоўных», — лічыць праваабаронца Алег Воўчак.