Клюб «Крывічы» з расейскага Іркуцку завяршае падрыхтоўку да IV фэстывалю «Беларускі кірмаш-2018». Імпрэза адбудзецца 26 траўня ў гарадзкім кінатэатры «Художественный», уваход вольны.
Удзельнікамі кірмашу стануць два дзясяткі творчых калектываў з Прыбайкальля ды іншых рэгіёнаў Сыбіры.
Як расказаў Свабодзе актывіст беларускага руху і адзін з кіраўнікоў «Крывічоў» Алег Рудакоў, кульмінацыяй будзе выступ адмысловага госьця зь Беларусі — музыкі, выкладчыка, прадусара, папулярызатара беларускага фальклёру і заснавальніка гурту «Палац» Алега Хаменкі.
У папярэднія гады да этнічных беларусаў на Байкал прыяжджалі блюзавы музыка Юры Несьцярэнка, выканаўца бардаўскіх песень Тацяна Беланогая, арганізатар сьпеўных сходаў Сяргей Доўгушаў.
Сёлета сваё майстэрства гледачам таксама прадэманструюць вакальныя і танцавальныя ансамблі з Новасыбірску, Томску, Іркуцку і вобласьці.
У рамках фэстывалю адбудзецца навучаньне народным бытавым танцам, майстар-клясы па традыцыйных рамёствах, кірмаш беларускіх тавараў і вясковых прадуктаў.
Як адзначыў Алег Рудакоў, «Беларускі кірмаш-2018» — своеасаблівы падарунак жыхарам Усходняй Сыбіры ад шматлікай беларускай дыяспары.
За апошнія паўтары сотні гадоў у Прыбайкальлі вымушана ці добраахвотна апынуліся сотні тысяч ураджэнцаў Беларусі: сярод іх сасланыя паўстанцы, перасяленцы аграрнай сталыпінскай рэформы, уцекачы Першай сусьветнай вайны, рэпрэсаваныя «кулакі» і «ворагі народу», удзельнікі камсамольскіх будоўляў.
Дзякуючы актывістам беларускай суполкі многія зь іх толькі празь некалькі пакаленьняў даведаліся пра свае сапраўдныя карані.