Кансультаваў чэскіх дэпутатаў Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы.
У рэзалюцыі па Беларусі чэскага парлямэнту гаворыцца пра патрабаваньне вызваліць палітвязьняў. У дакумэнце адзначана, што прыняць яго рэкамэндаваў падкамітэт падтрымкі дэмакратыі і правоў чалавека ў замежным камітэце парлямэнту, і прыняцьцё адбылося пасьля абгрунтаваньня хадайніка Хаята Акамуры і дэбатаў.
Рэзалюцыя заклікае:
- дзейныя ўлады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць з турмы ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру і прэміі Вацлава Гавэла Алеся Бяляцкага;
- вызваліць 1300 іншых палітычных зьняволеных, несправядліва пазбаўленых волі за іх мірную дзейнасьць на карысьць дэмакратыі і павагі да правоў чалавека ў сваёй краіне;
- спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Рэспубліцы Беларусь і спыніць перасьлед дэмакратычна настроеных апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў выгнаньні;
- падкрэсьлівае, што правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў, абвешчаных на 26 студзеня 2025 году ў Рэспубліцы Беларусь, у цяперашніх умовах непрымальнае, а вынікі гэтых выбараў ня могуць лічыцца законнымі, пакуль несправядліва знаходзяцца ў зьняволеньні кандыдаты зь мінулых прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году.
Раней падкамітэт па прасоўваньні дэмакратыі і правоў чалавека за мяжой прыняў пастанову, у якой рэкамэндаваў Камітэту замежных справаў прыняць пастанову аб падтрымцы жанчын — палітычных зьняволеных рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.
Форум