Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрактыў, містэрыя, бірквэст-хопінг. 10 адрасоў, куды ў Менску пайсьці ў «Ноч музэяў — 2018»


Ілюстрацыйнае фота. Музэй Максіма Багдановіча ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Музэй Максіма Багдановіча ў Менску

18 і 19 траўня беларускія музэі далучацца да глябальнай акцыі «Ноч музэяў». Асноўная мэта імпрэзы — папулярызацыя мастацтва і магчымасьцяў сучасных музэяў. Але адрозна ад замежжа, дзе ў бальшыні выпадкаў уваход або бясплатны, або за сымбалічны кошт, у Беларусі цэны нават падвышаюцца.

У 2018 годзе амаль 40 тысяч музэяў у 157 краінах сьвету расчыняюць свае дзьверы пад адзіным лёзунгам «Звышзьвязаныя музэі: новыя падыходы, новая аўдыторыя».

Міжнародны дзень музэяў быў заснаваны ў траўні 1977 году, а яшчэ праз два дзесяцігодзьдзі ў Бэрліне прайшла першая афіцыйная імпрэза, якая ўвайшла ў гісторыю як «Доўгая ноч музэяў» (Lange Nacht der Museen). Ад таго часу тысячы музэяў па ўсім сьвеце «ня сьпяць» раз на год, запрашаючы ўсіх, каму цікава пабачыць экспанаты ў нязвыклы час сутак. І часта гэта ня проста агляд, але і тэатральная, забаўляльная, культурная дзея.

Чым зацікавяць сваіх наведнікаў музэі гэтым разам? Свабода прапануе падборку найбольш цікавых адрасоў у Менску.

Паглыбленьне ў колеры

Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь (19 траўня, 19.00–02.00)

19 траўня ў Нацыянальным мастацкім музэі можна будзе заглыбіцца ў «насычанасьць колеравага спэктру». На 14 лякацыях будуць прадстаўленыя працы творцаў розных эпохаў, якія працавалі і працягваюць ствараць у самых розных жанрах.

Вось некаторыя тэматычныя пляцоўкі: «Паглыбленьне ў колер» (саўнд-дызайн Віталя Гармаша і відэаінсталяцыя Паўла Плахі), «Колер марской хвалі» (выстава «Айвазоўскі і марыністы»), «Колер мастацкай гульні» (экспазыцыя «Старажытнабеларускае мастацтва), «Колер у фокусе» (экспазыцыя «Заходнеэўрапейскае мастацтва»), «Колер Усходу» (экспазыцыя «Мастацтва краін Усходу») і г.д.

Кошт уваходнага квітка: дарослы — 10 рублёў, дзеці ад 7 гадоў, студэнты дзённай формы навучаньня — 5 рублёў.

Заганы пекла і цноты раю

Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусь (19 траўня, 19.00-01.00)

Трынаццаты раз гістарычны музэй возьме ўдзел у міжнароднай акцыі. У яго сьценах будуць адбывацца незвычайныя зьявы.

Так, ілюстрацыі Сальвадора Далі да «Боскай камэдыі» Дантэ Аліг’еры перанясуцца на чалавечыя целы і будуць адлюстроўваць заганы пекла і цноты раю. Вітаўт і Ягайла прапануюць пагуляць зь імі ў косьці, а першабытны чалавек — расшыфраваць піктаграмы. З рук загадкавага гандляра можна будзе атрымаць «безыменную» кнігу.

Панадворак музэю будзе працаваць бясплатна. Гасьцей чакае канцэрт гуртоў Nite Nite Nite, Combo Colombo, Jingle Band. А таксама кірмаш падарункаў ручной працы, фатазоны, кава. Для аматараў сучаснага мастацтва — пункт продажу дызайнэрскіх маек Уладзімера Цэсьлера.

Квіткі на імпрэзы «Трынаццатай ночы»: дарослыя — 17 рублёў, студэнты — 13,5 рублёў, пэнсіянэры — 12 рублёў, школьнікі — 9 рублёў.

Літаратурны інтэрактыў

Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры (19 траўня, 18.00–23.30)

Тут ладзіцца «Ноч з чырвонага радка». Чырвоны радок — сымбаль усяго новага, што ёсьць у літаратуры, ён дае надзею на цікавае разьвіцьцё твору. Яго прапануецца напісаць разам.

19 траўня ў музэі можна паслухаць лекцыю беларускага каліграфа Аляксея Каваля і паўдзельнічаць у майстар-клясе, увайсьці ў рэдакцыю гумарыстычнага часопіса «Вожык» на часовай экспазыцыі «Кандрат Крапіва. Ад маленства да сталасьці». Прапануецца паўдзельнічаць у прэзэнтацыі дзіцячай кнігі «Казкі старога Адамкова» ад Наталкі Харытанюк і Волі Кузьміч, а таксама атрымаць майстар-кляс па танцах пачатку ХІХ стагодзьдзя ад школы танцаў «Капітэль» на экспазыцыі «Шляхецкія быліцы Адама Міцкевіча».

Да 210-годзьдзя з дня нараджэньня Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ёсьць магчымасьць агледзець экспазыцыі «Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы» і «Падарожжа ў краіну маленства: да 135-годзьдзя з дня нараджэньня Янкі Маўра».

Цягам усяго вечара будзе працаваць дзіцячая пляцоўка і аквагрым.

Кошт уваходнага квітка — 2 рублі.

Коласаўскі квэст

Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа (19 траўня, 17.00–24.00)

Музэй Якуба Коласа запрашае далучыцца да міжнароднай акцыі «Ноч музэяў» з праграмай «Сьвятло ў вакне».

Яна прысьвечаная 100-годзьдзю выданьня паэмы «Сымон-музыка» і 95-годзьдзю выданьня паэмы «Новая зямля». Наведнікаў чакае захапляльны квэст па творчасьці клясыка беларускай літаратуры, таксама будзе магчымасьць раскрыць уласныя творчыя здольнасьці.

У год малой радзімы музэй асаблівую ўвагу аддае працы са сваімі філіямі ў Акінчыцах, Ластку, Альбуці і Смольні. 19 траўня чакаюцца выступы музычных гуртоў, майстар-клясы па традыцыйных беларускіх танцах, «этычны» фуд-корт, дзіцячыя спэктаклі, instagram-акцыя і шмат іншых цікавостак.

Кошт уваходу на сядзібу і ў музэй — 2 рублі.

Купалаўская містэрыя

Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы (19 траўня, 19.00–24.00)

​Установа запрашае стаць актыўным удзельнікам містэрыі «Сон на кургане». Толькі на адну ноч экспазыцыя ператворыцца ў чароўны лес, поўны мітычных істотаў і нечаканых здарэньняў. Сустрэцца з героямі беларускіх паданьняў у віртуальнай рэальнасьці дапамогуць партнэры — стваральнікі гульнёвай вэрсіі праекту LIPA.CLUB.

Каля музэю заплянаваная канцэртная праграма ў этна-стылі з удзелам гуртоў DZIVASIL, ARATSEYA, KETRI, SHAMAN JUNGLE.

Таксама ўпершыню ў Менску выстава «Булгакаў — зьява незаконная» з фондаў кіеўскага літаратурна-мэмарыяльнага музэю Міхаіла Булгакава.

Кошт квітка — 1 рубель.

Майстар-кляс па вырабе лялек

Літаратурны музэй Максіма Багдановіча (19 траўня, дзіцячая праграма ад 15.00, дарослая — ад 18.00)

Праграма імпрэзаў уключае ў сябе забавы для дзяцей і дарослых. У выставачнай залі а 15-й гадзіне пачнецца паказ «Лямцавая Батлейка» — тэатралізаванае чытаньне кнігі швэдзкай пісьменьніцы Гунілы Бэргстрэм «Суперкніга пра Біла з Болаю». У працяг — майстар-кляс «Сам зраблю батлеечную ляльку».

Дарослая частка стартуе а 17-й прэзэнтацыяй кнігі Валерыя Гапеева «Мая мілая ведзьма» — пераможцы прэміі Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў і за яе мастацкае афармленьне. Таксама ў праграме майстар-кляс па танцах ад школы «Kvartal», выступленьне гуртоў «Гарадзкі вал» і NZ.

Уваходны квіток — 5 рублёў.

Шляхецкі побыт і танцы

Музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (пачатак а 19.00)

«Ноч музэяў» адкрые выстава «Жыцьцё беларускіх дваранаў на мяжы стагодзьдзяў».

Дзякуючы бясцэнным артэфактам наведнікі змогуць дакрануцца да побыту беларускай эліты XVII–XIX стагодзьдзяў, а таксама зрабіць фота ў інтэр’ерах.

Сьледам выступіць Вольга Акуліч з гуртом «Верасень» і будзе дадзены майстар-кляс па парных танцах ХІХ стагодзьдзя ад студыі гістарычнага танцу «Вэрсаль». Для тых, хто стаміўся танцаваць, яшчэ адзін майстар-кляс — па вырабе таўматропы, папулярнай цацкі віктарыянскіх часоў.

А завяршаць праграму будзе менскі джаз-бэнд MASTERSKAYA 41, які сыграе новаарлеанскі джаз.

Кошт квітка — 5 рублёў.

Спадчына ХХ стагодзьдзя

Мэмарыяльны музэй-майстэрня Заіра Азгура і партнэры (19–20 траўня, 21.00–06.00)

​Упершыню ў Менску творчая акцыя «Ноч музэяў» у рамках акцыі «X-CHANGE» аб’яднае адразу чатыры арт-пляцоўкі: музэй-майстэрню скульптура Заіра Азгура, галерэю «Арт-Беларусь», культурны інкубатар «Оk 16 » і культурны цэнтар «Корпус». «X-CHANGE» — культурны трансфэр вопыту, традыцыі і стылю. «Ноч музэяў — пераадоленьне межаў і акт стварэньня новай культурнай прасторы.

Кожная пляцоўка прапануе сваю праграму, якая раскрывае канцэпцыю «культурнага абмену». Музэй-майстэрня Азгура і Оk16 абменьваюцца традыцыямі і навацыямі, культурнымі эпохамі; галерэя «Арт-Беларусь» і культурны цэнтар «Корпус» інтэрпрэтуюць агульную спадчыну ХХ стагодзьдзя.

Чатыры праграмы ад чатырох арт-пляцовак і трансфэр паміж праспэктам Машэрава, 9 і вуліцамі Казлова, 3, Азгура, 8 і Кастрычніцкай, 16 дазволіць кожнаму гледачу скласьці свой унікальны начны маршрут.

Кошт адзінага квітка — 15 рублёў.

Кафлі ў інтэр’еры сядзібы

Музэй «Лошыцкая сядзіба» (18 траўня, 11.00–18.00)

18 траўня ў экспазыцыйнай залі «Кабінэт Яўстафія Любанскага» пройдзе сэрыя лекцый па адным з сымбаляў сядзібнага дому.

Лошыцкая сядзіба другі раз у сваёй гісторыі далучыцца да «Ночы музэяў». Галоўным падарункам наведнікам стане лекцыйная праграма «Зялёны камін у Лошыцкай сядзібе», падчас якой можна даведацца, дзе былі зроблены кафляныя пліткі, што ўпрыгожваюць паверхню каміна, як гэткі дэкор зьвязаны з гаспадаром сядзібы Яўстафіем Любанскім, у чым унікальнасьць інтэр’ернага элемэнту сядзібнага дому. Адну зь лекцый чытае старшы навуковы супрацоўнік музэйнай установы Васіль Сідаровіч.

Кошт квітка 1,50 рубля.

Бірквэст-хопінг

Музэй першага беларускага бровару «Аліварыя» (19 траўня, 16.30–21.30)

​Адзіны ў Беларусі музэй піваварств, што на бровары «Аліварыя», 19 траўня правядзе бірквэст-хопінг, прымеркаваны да міжнароднай акцыі «Ноч музэяў». Стаць удзельнікам унікальнай для Беларусі імпрэзы і правесьці вечар у піўным туры па менскіх барах можна абсалютна бясплатна.

Аматарам піва прапануецца дынамічны фармат наведваньня розных устаноў за абмежаваны тэрмін, падчас якога ім трэба выканаць заданьне квэст-гульні, зьвязанай зь піваварнай культурай. Гэта тычыцца асноўных інгрэдыентаў, зь якіх вырабляецца піва, працэсу піваварства, а таксама спалучэньняў піва зь ежай. Фінальным пунктам стане пасьвячэньне ў піўныя экспэрты.

Узяць удзел у бірквэсьце можа кожны паўналетні. Для гэтага трэба зарэгістраваць каманду з 2–5 чалавек па спасылцы muzei-alivaria.micecloud.by. Час старту зарэгістраваным удзельнікам паведамяць у электронным лісьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG