Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нудны палітык з памылкамі, за якога хочацца прагаласаваць


Крыcтыянсборг – сядзібу парлямэнту і ўраду Даніі.
Крыcтыянсборг – сядзібу парлямэнту і ўраду Даніі.

Былы піярнік Трампа, скандальны амэрыканскі паліттэхноляг Роджэр Стоўн лічыць, што няхай лепш палітык робіць памылкі, чым будзе нудным і сумным. Гэтае правіла Стоўна зьняпраўджвае галоўная гераіня данскага сэрыялу «Borgen» Біргітэ Нюбарг. Яна нудная і робіць памылкі. А за яе ўсё роўна хочацца галасаваць.

Апошнія сэрыі данскага сэрылу «Borgen» (Замак) зьнялі пяць гадоў таму. Замкам у Даніі называюць Крыcтыянсборг — сядзібу парлямэнту і ўраду. Гісторыя ў трох сэзонах разгортваецца вакол фікцыйнай першай жанчыны-прэм’ера ў гісторыі Даніі. Памяркоўная партыя Нюбарг перамагае ў выбарах і ў выніку кааліцыйнай дамовы ўзначальвае ўрад. Сэрыял меў магутны ўплыў на данскае грамадзтва. Праз год пасьля прэм’еры ўрад Даніі ўпершыню ў гісторыі ўзначаліла жанчына — Хэле Торнінг-Шміт, левая цэнтрыстка, як і Нюбарг.

У больш як 30 частках кінагісторыі мы назіраем за ўзьлётамі і драматычнымі падзеньнямі Нюбарг. За палітычнам ростам адказнага дзяржаўнага дзеяча і з праблемамі маці і жонкі, якую паглынаюць дзяржаўныя абавязкі.

Сэрыял пасьпяхова прадалі ў 70 краінаў. Там няма фаервэркаў і супэрзорак (яны сталі імі пасьля трох сэзонаў). Там ёсьць разумныя дыялёгі і інтрыга.

«Borgen» часта параўноўваюць з «House of Cards». Але адрозна ад цынічнага і безыдэйнага Фрэнсыса Андэрвуда, Біргітэ Нюбарг — жывы чалавек, ідэйны палітык, асоба з прынцыпамі. Для яе важная этыка і непрымальны фанатызм. Але яна не ідэалістка.

Нюбарг — лідэр левацэнтрыстаў. Але яна не жыве поглядамі ў «адным пакеце», як некаторыя палітыкі, што дагматычна зачыняюцца ў сваёй ідэалёгіі. Яна імкнецца разабрацца ў кожнай справе, за якую бярэцца. Ня проста падпісвае кожны праект, які адпавядае лініі партыі. Яна вывучае дасьледаваньні, рапарты, узважвае «за» і «супраць» і толькі пасьля прымае рашэньне, нават калі яно пярэчыць філязофіі яе ўраду. Нюбарг хоча прымаць грамадзка карысныя рашэньні, нават калі яны прынясуць адчувальны вынік не адразу, адрозна ад незадавальненьня выбарнікаў, якое ў рэйтынгах праяўляецца імгненна.

Калі яе супернікі ўжываюць цяжкую артылерыю ў выглядзе кампрамату з прыватнага жыцьця, Біргітэ адмаўляецца рабіць тое самае, маючы ў руках «атамную бомбу» супраць апанэнтаў. У палітычнай дыскусіі яна выкарыстоўвае палітычныя аргумэнты. Яна нават згодная адмовіцца ад пасады прэм’ера, увайшоўшы ва ўрад шараговым міністрам, узамен за палітычны кампраміс — выкананьне праграмы яе партыі.

Гледача, які прывык да палітыкаў як да звышлюдзей, што перакрываюць цэнтар гораду для картэжу, нечым дзікім можа падацца тое, што данская прэм’ерка жыве ў сваім прыватным доме, а не рэзыдэнцыі з каровамі, палямі, трактарамі і ўзброенай да зубоў аховай. Нюбарг сама мые посуд, можа зьмяніць урадавы аўтамабіль на таксоўку або ровар.

Нюбарг — тэтчэраўская «сука» амаль штодня. І яшчэ з душэўнай цеплынёй і ўсьмешкай.

Для Біргітэ Нюбарг важны вынік, а не жаданьне ўтрымаць уладу любой цаной. Ня шоў, а сутнасьць. Пры гэтым яна ніякая не летуценьніцца з аблокаў, а чысты прагматык. Не дурніца, якая жыве па-за рэальным сьветам. Яна таленавіта маніпулюе дробязямі, каб перамагчы ў вялікай бітве. Можа ўсьміхнуцца на ўсе зубы аднаму і другому, а адвярнуўшыся ад аб’ектываў, зрабіць сур’ёзны твар. Ідзе ва-банк, каб змусіць да кампрамісу, можа элегантна разыграць сцэну, каб настаяць на сваім. Вядомае выказваньне Маргарэт Тэтчэр «Чаму, калі мужчына праяўляе характар, то ён сапраўды мужык, а калі жанчына, то яна — сука» ідэальна апісвае нашую гераіню. Яна тэтчэраўская «сука» амаль штодня. І яшчэ з душэўнай цеплынёй і ўсьмешкай.

Нехта закоціць вочы ў лоб і запярэчыць: маўляў, прачніся чалавеча, «Borgen» — гэта ж толькі фільм. Але я мару, каб аднойчы такі фільм быў заснаваны на рэальных падзеях у Беларусі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG