Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328» з Пухавіцкага раёну спынілі галадоўку. Калінкавіцкія едуць да адміністрацыі Лукашэнкі


Удзельніцы акцыі ў Пухавіцкім раёне, 27 красавіка 2018 году
Удзельніцы акцыі ў Пухавіцкім раёне, 27 красавіка 2018 году

Актывісткі руху «Маці 328», якія галадалі у Пухавіцкім раёне, заявілі Свабодзе, што сёньня, 11 траўня, пачалі выхад з галадоўкі «з прычыны фізычнага стану». Ацыя пратэсту працягвалася 15 дзён.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

  • Акцыя доўжылася 15 дзён. 11 траўня актывісткі пачалі выхад з галадоўкі. Працягвае галадаць толькі Людміла Лапко зь Ліды, якая пачала галадоўку 10 траўня.
  • 11 траўня жанчыны з Калінкавіч паедуць у Менск, каб каля адміністрацыі Лукашэнкі завяршыць галадоўку.
  • Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці спажыўцоў наркотыкаў.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавіч сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы яны адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкулу 328.

«Гэта складаней, чым мы думалі, і таму мусім спыніцца, каб захаваць здароўе. Другая прычына — эстафэта галадоўкі перайшла ў Ліду; добра, што знайшліся тыя, хто нас там патрымаў, а мы можам аднавіць сілы. Калі спатрэбіцца, мы адновім галадоўку», — сказала актывістка руху «Маці 328» Марына.

Паводле удзельніц акцыі ў Пухавіцкім раёне, сёньня да адміністрацыі Лукашэнкі яны ня пойдуць. «Ня варта туды ісьці, каб зноў чуць, як нас будуць карміць аднымі абяцанкамі», — дадала актывістка.

Лідэрка руху «Маці 328» Ларыса Жыгар ў Гародні таксама праз стан здароўя сёньня пачала выходзіць з галадоўкі.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Заўтра паеду ў Ліду, буду падтрымліваць галадоўніцу Людмілу Лапко, да якой далучыцца яшчэ адна жанчына. Я гатовая пасьля аднавіць галадоўку, але 18-га ў мяне спатканьне з сынам у калёніі, трэба быць ў больш нармальнай фізычнай форме, таму мушу спыніцца. Але мы не здымаем агульных патрабаваньняў і працягваем барацьбу, хоць і іншымі мэтадамі», — сказала лідэр руху «Маці 328» Ларыса Жыгар.

5 пытаньняў арганізатарцы пратэсту руху «Маці 328» Ларысе Жыгар на 13-ы дзень галадоўкі

Галадоўніцы з Калінкавіч напісалі заяву на сустрэчу з Лукашэнкам

У Калінкавічах удзельніцы руху «Маці 328», якія галадаюць 15-я суткі, дамагаючыся зьменаў антынаркатычнага заканадаўства, выпраўляюцца сёньня ў Менск да будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Ліяна Шуба
Ліяна Шуба

«Замовілі месцы ў маршрутцы „Палескі экспрэс“ і маем быць у сталіцы а 16-й гадзіне. Едзем ушасьцёх, як і галадалі. Напісалі заяву на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам», — паведаміла Свабодзе Ліяна Шуба.

У заяве выказана паўторная просьба асабістай сустрэчы з кіраўніком дзяржавы, да якога, як лічаць галадоўніцы, не даходзіць аб’ектыўная інфармацыя наконт цяперашняга стану барацьбы зь незаконным абарачэньнем наркатычных і псыхатропных рэчываў ды іх прэкурсараў.

Ліяна Шуба лічыць, што, хоць ніводнае з трох патрабаваньняў удзельніц руху «Маці 328» пакуль ня выканана, галадоўка не была марнай. Удалося прыцягнуць увагу грамадзтва і чыноўнікаў да праблемы правапрымяняльнай практыкі ў краіне паводле крымінальнага артыкулу 328, калі спажыўцы лёгкіх наркотыкаў умомант становяцца збытчыкамі, а сапраўдныя наркадылеры застаюцца беспакаранымі.

Удзельніцы галадоўкі ў Калінкавічах 28 красавіка 2018 году
Удзельніцы галадоўкі ў Калінкавічах 28 красавіка 2018 году

Галадоўніцы пазытыўна ацэньваюць прапановы дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай наконт зьмены антынаркатычнага заканадаўства з тым, каб зрабіць дыфэрэнцыяцыю пакараньняў у залежнасьці ад аб’ёму наркотыкаў, разьдзяліць такія паняцьці, як ужываньне і збыт наркатычных сродкаў, зьменшыць ніжнюю мяжу тэрміну прысудаў па ўсіх артыкулах і па некаторых — верхнюю.

Як кажа Ліяна Шуба, з прычыны свайго фізычнага стану ні яна сама, ні Тацяна Канеўская ня змогуць застацца ў Менску на выходныя, каб узяць удзел у дапрацоўцы прапановаў для зьмены антынаркатычнага заканадаўства, якія ініцыявала дэпутат Канапацкая.

Дом у Калінкавічах, дзе галадалі «Маці 328»
Дом у Калінкавічах, дзе галадалі «Маці 328»

Паводле спадарыні Шубы, «Маці 328» спадзяюцца на сустрэчу з генэральным пракурорам Аляксандрам Канюком, якая была перанесена на няпэўны час з прычыны яго службовай выправы. З магілёўскай калёніі № 15 да галадоўніц дайшла інфармацыя, што генэральны пракурор наведваў яе, гутарыў з асуджанымі паводле артыкулу 328.

Ліяна Шуба паведаміла таксама, што перад будынкам адміністрацыі Лукашэнкі калінкавіцкія галадоўніцы маюць заявіць пра спыненьне сваёй галадоўкі, паколькі сілы ў іх не бясконцыя.

Галадаць застаецца толькі Лапко зь Ліды

Тым часам Людміла Лапко зь Ліды працягвае галадоўку другія суткі.

Яна расказала Свабодзе, што пасьля першых сутак фізычна пакуль адчувае сябе нармальна. Кажа, што рыхтавалася да галадоўкі, а таму пакуль ніякіх наступстваў не адчувае.

Людміла Лапко
Людміла Лапко

«Цяжка толькі маральна, бо ўвесь час думаю пра гэта, — кажа спадарыня Людміла. — Асабліва пасьля ўчорашняй размовы ў райвыканкаме стала крыўдна, бо ўлады лічаць, што мы траха не змагаемся за легалізацыю наркотыкаў. Мы ж так шмат пра гэта тлумачылі, у прэсе апублікавана наша пазыцыя наконт гэтага, а ўлады нібыта ня хочуць пра гэта чуць і разумець...»

Учора да Лапко прыходзілі сяброўкі, якія яе маральна падтрымліваюць, у некаторых таксама дзеці адбываюць пакараньне паводле артыкулу 328.

«Сядзелі са мною амаль да 10 вечара, пра ўсё гаварылі. Усе жывуць у пакутах, ніхто ня мае спакою. Сёньня ўвечары на выходныя да галадоўкі далучыцца Алена Мікалаюк, ейны сын таксама адбывае пакараньне паводле артыкулу 328», — расказала Людміла Лапко.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG