Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328» з Калінкавічаў паедуць у Менск, каб каля адміністрацыі Лукашэнкі завяршыць галадоўку


Ліяна Шуба каля адміністрацыі прэзыдэнта ў Менску 2 траўня 2018 году
Ліяна Шуба каля адміністрацыі прэзыдэнта ў Менску 2 траўня 2018 году

Пра гэта Свабодзе паведаміла Ліяна Шуба, адна з шасьці жанчын, якія 13 сутак галадаюць у Калінкавічах.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

  • 11 жанчын працягваюць галадоўку ў Калінкавічах і Востраве 13-я суткі.
  • 11 траўня галадоўніцы з Калінкавічаў паедуць у Менск, каб каля адміністрацыі Лукашэнкі завяршыць галадоўку.
  • Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці што да спажыўцоў наркотыкаў.
  • Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі, якая мусіла адбыцца 4 траўня, адкладзеная на няпэўны час.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

«9 траўня ў другой палове дня нас наведаў старшыня Калінкавіцкага раённага савету Віктар Замосьцік. Павіншаваў з Днём Перамогі і паінфармаваў, што абяцаны адказ з адміністрацыі прэзыдэнта пра тэрмін разгляду ў Палаце прадстаўнікоў паправак у антынаркатычнае заканадаўства пакуль не падрыхтаваны. Пры гэтым сказаў, што ня дасьць нам памерці. Як толькі мэдыкі заявяць, што стан нашага здароўя выклікае занепакоенасьць, нас прымусова шпіталізуюць», — расказала Ліяна Шуба.

Спадарыня Шуба дадала, што ў пятніцу, 11 траўня, а 16 гадзіне ўсе галадоўніцы маюць прыехаць у Менск да будынка адміністрацыі прэзыдэнта, каб яшчэ раз патрабаваць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ды афіцыйнага адказу на свае запыты, выкладзеныя 2 траўня кіраўніцы адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай.

Адначасова галадоўніцы маюць пракамэнтаваць нядаўнія выказваньні старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы пра «недапушчальнасьць ціску на правасудзьдзе» і патлумачыць, як будуць надалей дамагацца перагляду крымінальных справаў сваіх дзяцей, асуджаных на вялікія тэрміны паводле артыкулу 328, і ўнясеньня паправак у цяперашняе заканадаўства па супрацьдзеяньні абароту наркатычных рэчываў.

Перад адміністрацыяй Лукашэнкі будзе зроблена заява пра спыненьне цяперашняй галадоўкі, кажа Ліяна Шуба. Аднак хвалю пратэстаў падхопліваюць удзельніцы руху «Маці 328» з Горадні, Ліды ды іншых гарадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG