Актывістка руху «Маці 328» Людміла Лапко, якая сёньня распачала галадоўку ў Лідзе, заявіла чыноўнікам райвыканкаму, што галадоўкі ня спыніць і будзе надалей усімі магчымымі мэтадамі змагацца за адмену несправядлівага прысуду ейнаму сыну.
Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:
- 11 жанчын працягваюць галадоўку ў Калінкавічах і Востраве 14-я суткі. 10 траўня да іх далучылася Людміла Лапко зь Ліды.
- 11 траўня галадоўніцы з Калінкавічаў паедуць у Менск, каб каля адміністрацыі Лукашэнкі завяршыць галадоўку.
- Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці што да спажыўцоў наркотыкаў.
- 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы яны адмовіліся спыніць галадоўку.
- 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
- Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.
Людмілу Лапко, якая распачала галадоўку ў Лідзе, выклікалі ў райвыканкам для размовы. Зь ёй гутарыў намесьнік старшыні Лідзкага райвыканкаму Віктар Пранюк. Ён адмовіўся прыняць і зарэгістраваць зварот Лапко аб тым, што яна распачала галадоўку.
Лапко сказала чыноўніку, што калі яны адмаўляюцца зарэгістраваць ейны пісьмовы зварот, то хай лічаць, што яна папярэдзіла мясцовыя ўлады вусна і будзе працягваць галадоўку.
Наш прэзыдэнт сустракаецца з хакеістамі, на фабрыках з рабочымі. Але ж мы такія ж грамадзяне нашай краіны
«Ягоныя аргумэнты мяне зьдзівілі. Чалавек мне казаў, што нібыта мы, маці асуджаных, якія галадаюць, хочам зьмяніць заканадаўства, каб адкрылася зялёнае сьвятло для легалізацыі наркотыкаў», — сказала Свабодзе Людміла Лапко пасьля сустрэчы ў райвыканкаме.
Яна сказала чыноўніку, што яна і іншыя сябры руху «Маці 328» прызнаюць віну сваіх дзяцей.
«Але мы нязгодныя з тымі тэрмінамі зьняволеньня, на якія асудзілі нашых дзяцей», — кажа Лапко.
Паводле яе словаў, чыноўнік заявіў, што «Маці 328» ня здолелі правільна данесьці сваю пазыцыю да прэзыдэнта. Аднак праблема ў тым, што іх не дапускаюць да Лукашэнкі, кажа Лапко.
«Наш прэзыдэнт сустракаецца з хакеістамі, на фабрыках з рабочымі. Але ж мы такія ж грамадзяне нашай краіны, і чаго яму баяцца сустрэцца з намі? Мы маглі б усё яму растлумачыць», — перакананая Лапко.
Віктар Пранюк прапанаваў Людміле Лапко спыніць галадоўку і дамагацца сваіх мэтаў праз скаргі ў судовыя інстанцыі і пракуратуру.