Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салют зь пёраў. Абаронцы птушак супраць сьвяточнай кананады


Увечары 9 траўня ў Менску, Берасьці і іншых абласных цэнтрах прагрымяць залпы салютаў у гонар Дня Перамогі.

У Менску страляць будуць з шасьці пунктаў, на адзін больш, чым летась. Гэта парк Горкага, сквэр Янкі Купалы, стэля «Менск горад-герой», аэрапорт «Менск-1», вайсковы гарадок ва Ўруччы і пляцоўка блізу вёскі Зацань.

Пасьлядоўныя праціўнікі скалананьня паветра начнымі стрэламі — грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Як адзначае яе кіраўніцтва, ноч — спакойны час, калі большасьць птушак сьпіць. Рэзкі шум, страляніна і выбухі палохаюць птушак, цэлыя чароды спрабуюць узьляцець. Зрабіць гэта ўсьляпую і ў стане стрэсу ўдаецца не заўсёды. Таму кожнае вялікае сьвята нясе рызыку для жыцьця соцень крылатых.

Птушцы спакайней, калі чалавек паглядзіць салют па тэлевізары

Напярэдадні значнага сьвяткаваньня АПБ нагадвае: паркі і сквэры — гэта таксама нечы дом, дзе на начлег зьбіраюцца чароды самых разнастайных птушак.

Як заявіў у размове са Свабодай дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандар Вінчэўскі, найбольшыя турботы прыносяць індывідуальныя піратэхнікі, якія ператвараюць зялёныя насаджэньні ў зоны баявых дзеяньняў. Птушкам было б спакайней бязь іх.

Ці прыслухоўваюцца да заклікаў абаронцаў птушак тыя, каму звароты адрасаваныя найперш?

«Часам здараецца: так, у Белавескай пушчы дырэктар забараніў усялякія фаервэркі, салюты, — кажа Вінчэўскі. — Можа, нават і не ад таго, што мы пішам — мабыць, ёсьць разуменьне, што на прыродных ахоўных тэрыторыях гэтага рабіць нельга. А калі хто прачытаў і вырашыў больш не страляць у парках, то наўрад ці будзе гэтым хваліцца, правільна? Таму наша справа — папярэдзіць, каб людзі даведаліся пра нэгатыўныя наступствы і зрабілі выбар паміж піратэхнікай і жыцьцём ні ў чым не вінаватых птушак».

12 відаў за гадзіну: птушыная фотаэкскурсія па парку Чалюскінцаў

У траўні птушкі якраз засяроджаныя на гнездаваньні. У сьвяточнай мітусьні наўрад ці хто заўважае, што шумнае гуляньне для адных можа выглядаць як велізарны стрэс для іншых. Хоць апанэнты і кажуць, што ад масавых сьвяткаваньняў няма вялікай шкоды, бо птушкі з Чырвонай кнігі ў сталіцы ня водзяцца.

«Сапраўды, навукова даказаных аргумэнтаў супраць веснавых салютаў як бы і няма — тое, што кінулі свае гнёзды, паляцелі і не вярнуліся, ці яшчэ нешта, — працягвае Аляксандар Вінчэўскі. — Ясна, што чырванакніжных птушак у цэнтры гораду няма, гэта зразумела. Але любым птушкам лягчэй і лепей, калі менш шуму і стрэлаў. Засмучае, што ў дадзеным выпадку гаворка нават не пра навукова-тэхнічны прагрэс, а пра банальную прыемнасьць. Хоць, калі на тое пайшло, паглядзець салют можна і па тэлевізары».

Улады рэагуюць толькі пасьля таго, як пральецца кроў

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў у адказ на запыты журналістаў даў зразумець, што травеньскія салюты «былі і будуць надалей».

Па яго словах, няважна, колькі каштуе такая прыемнасьць, галоўнае — «бясцэнная памяць, якая сымбалізуе адзінства і яднаньне беларускага народу». Макараў заявіў, што хай лепш будзе салют, чым разрывы рэальных бомбаў і крылатых ракетаў.

Ці азначае такая пазыцыя, што ваяваць з аматарамі дзяржаўных фаервэркаў — справа марная, адказаў Аляксандар Вінчэўскі.

«Ну чаму? Усё рэальна, калі высьветліцца, што гэта сапраўды будзе мець нэгатыўныя наступствы — забітыя птушкі, кінутыя гнёзды. Тады і ўладам нічога не застанецца, як рабіць захады — у нас жа пад аховай дзяржавы ўсе птушкі. А як нічога няма, дык ніхто і не забараняе. Гэта як з правіламі дарожнага руху, якія ўдасканальваюцца „на крыві“. Пакуль ня здарыцца бяда, дазволена. Хоць міжнародная практыка сьведчыць, што ўсё, як той казаў, да пары да часу. Як у нас партнэры па ўсім сьвеце, ведаем, што гэта не галаслоўна».

Напрыклад, вясёлы фаервэрк у амэрыканскім Арканзасе стаў апошнім для чарады мясцовых трупіялаў. Гэтыя дзённыя птушкі (атрад вераб’інападобных) спалохаліся шуму, і блізу 5 тысяч асобін загінулі, панатыкаўшыся на будынкі, слупы, машыны.

Усё часьцей пэтарды рвуцца ня толькі ў спальных раёнах, але і на лецішчах, у катэджах за горадам. У суседніх лясах жыве шмат птушак, для якіх гэты салют можа стаць апошнім — як плата за некалькі сэкундаў расфарбаванага неба.

У гэтым зьвязку «Ахова птушак Бацькаўшчыны» рэкамэндуе хоць бы ў прыватным парадку адмовіцца ад запуску фаервэркаў у парках, сквэрах і зялёных зонах.

Страляць ці не страляць: арнітоляг і чыноўнік пра новыя правілы паляваньня ў Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG