Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Беларусі не стала камэнтаваць той факт, што міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа разьмясьціў, а потым выдаліў з сацсетак фотаздымкі з паляваньня.
Ці выклікана гэта нейкімі парушэньнямі? З такім пытаньнем карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся ў Дзяржаўную інспэкцыю.
«Дзяржаўная інспэкцыя не ўпаўнаважана камэнтаваць фотаздымкі і іншыя матэрыялы, якія зьмяшчаюцца ў сацыяльных сетках, у тым ліку ў выкладзеным у вашым звароце выпадку», — адказаў на запыт карэспандэнта Свабоды намесьнік начальніка Дзяржаўнай інспэкцыі Аляксандар Дуньковіч.
Віталь Дрожжа: фотаздымкі зробленыя падчас паляўнічых тураў
Міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа сказаў карэспандэнту Свабоды праз прэс-сакратарку Міністэрства лясной гаспадаркі, што «ня лічыць сябе актыўным карыстальнікам сацыяльных сетак і ня лічыць сябе актыўным паляўнічым».
Віталь Дрожжа працаваў раней у Нацыянальным парку і фотаздымкі былі разьмешчаныя «найперш для аўдыторыі паляўнічых і для папулярызацыі гэтага кірунку».
Фотаздымкі, паводле міністра, былі зробленыя падчас паляўнічых тураў.
Лукашэнка прыгразіў Дзяржаўнай інспэкцыі
У сваім пасланьні народу і парлямэнту Лукашэнка згадаў Дзяржаўную інспэкцыю аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце.
«Ёсьць у нас інспэкцыя па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету ажно пры прэзыдэнце, зь ёй яшчэ трэба больш сур’ёзна разабрацца. Відаць у Зася (Станіслаў Зась — дзяржаўны сакратар Савета бяспекі. — РС) рукі не даходзяць. Абнаглелі да такой ступені, што браканьеры, рыбаловы і паляўнічыя там ужо зьявіліся, як гэта было раней».
Лукашэнка рас павёў пра выпадак, калі «загружаюць фуру гэтай рыбай, ужо, напэўна, напалову здохлай, і вязуць у Менск і па адрасах развозяць».
«Але калі ўжо хочаце рыбы паесьці, ну скажыце. У вас, у міністраў, прамая сувязь са мной, патэлефануйце мне, і я знайду вам, як рыбу прывезьці. Не няслаўцеся. Пры тым мы ж не забараняем ні рыбалку, ні паляваньне. Ідзіце палюйце па законе, па правілах, рыбачце», — сказаў Лукашэнка.