7 траўня група падтрымкі жанчын з руху «Маці 328» ідзе да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, каб нагадаць пра галадоўку, спытаць пра тое, як чыноўнікі рэагуюць на патрабаваньні галадоўніц, і прысьпешыць абяцаны адказ ад Натальлі Качанавай.
Што важна ведаць:
- 11 жанчын працягваюць галадоўку ў Каленкавічах і Востраве. Іх стан здароўя пагаршаецца, частка зь іх, верагодна, спыніць галадоўку 7 траўня.
- Да галадоўкі абяцаюць далучыцца жанчыны з Горадні.
- Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі, якая мусіла адбыцца 4 траўня, адкладзеная на няпэўны час.
- 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Каленкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
- 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Каленкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
- Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.
Прадстаўнікі руху «Маці 328» падпісалі і занесьлі зварот да кіраўніцы прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Качанавай. Паводле інфармацыі БелаПАН, зварот падпісалі 30 чалавек. Калі ўлады ня будуць рэагаваць на галадоўку, да яе ўдзельнікаў будуць далучацца новыя рэгіёны краіны, гаворыцца ў заяве. Таксама аўтары звароту запыталіся пра тэрмін выкананьня патрабаваньняў галадоўшчыкаў.