Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Качанава даручыла паскорыць унясеньне зьменаў у антынаркатычнае заканадаўства


Натальля Качанава
Натальля Качанава

Кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава дала даручэньне «актывізаваць ўзгадненьне законапраекту, які зьмяшчае зьмены і дапаўненьні ў антынаркатычнае заканадаўства».

Такі вынік яе сустрэчы 2 траўня з актывісткамі руху «Маці 328», паведаміў начальнік галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Ільясевіч у інтэрвію газэце «Советская Белоруссия».

Што важна ведаць:

  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. Сёньня галадаюць ня менш за 14 чалавек у розных гарадах.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
  • Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі 4 траўня пераносіцца.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

Паводле Ільясевіча, дакумэнт будзе «максымальна апэратыўна, наколькі гэта магчыма, прадстаўлены на разгляд парлямэнтароў».

Чыноўнік лічыць, што сёньня ўжо можна гаварыць аб карэкціроўцы антынаркатычнага заканадаўства. Ён лічыць «верным і абгрунтаваным» узмацненьне адказнасьці за наркатычныя злачынствы ў 2014 годзе, паколькі дэкрэт № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў» ад 28 сьнежня 2014 году зьнізіў нарказлачыннасьць ва ўсіх рэгіёнах краіны ў параўнаньні са «страшнай сытуацыяй, якая склалася ў Беларусі ў 2014 годзе».

«У мінулым годзе судзімасьць непаўналетніх за злачынствы, зьвязаныя з абаротам наркотыкаў, зьнізілася больш чым у 2 разы. Дарослых — на 18%, — адзначыў Ільясевіч. — І сёньня, калі абстаноўка стабілізавалася і ўзятая пад кантроль, зьявіліся падставы для вывучэньня з розных бакоў правапрымяняльнай практыкі ў справе барацьбы з наркаманіяй. Зьявіўся, можна сказаць, грамадзкі запыт на разгляд гэтай праблемы».

Ён падкрэсьліў, што «ні галадоўкі, ні якія-небудзь іншыя акцыі» не паўплывалі на рашэньне аб размове кіраўніка адміністрацыі з удзелам прадстаўнікоў руху «Маці 328»:

Гэта сустрэча — толькі працяг пасьлядоўнай і плянамернай работы па ўдасканаленьні антынаркатычнага заканадаўства ў краіне, якая праводзіцца па даручэньні кіраўніка дзяржавы.

«Гэта сустрэча — толькі працяг пасьлядоўнай і плянамернай работы па ўдасканаленьні антынаркатычнага заканадаўства ў краіне, якая праводзіцца па даручэньні кіраўніка дзяржавы. Як бы некаторым сілам ні хацелася палітызаваць гэты працэс, супрацьпаставіць адно аднаму дзяржаву і грамадзтва, на самай справе ніякай канфрантацыі тут няма і не павінна быць. Дзяржава апэратыўна рэагуе на грамадзкія запыты, каб сумесна зь людзьмі скарэктаваць працу па супрацьдзеяньні наркаманіі».

Чыноўнік паведаміў, што двухгадзінная размова была «вельмі няпростай і эмацыйнай, але паказала блізкасьць поглядаў». «Мы аднолькава бачым праблемнае поле і чуем адзін аднаго», — паведаміў ён. Паводле яго, «не на ўсе заяўленыя грамадзянамі пытаньні можна адказаць адразу і беспаваротна, не разьбіраючыся дасканала ў кожным канкрэтным выпадку».

«Неабходна дасканала прапрацаваць любую дробязь, якая тычыцца людзкіх лёсаў, інакш можна, як мы ўжо казалі, у сьпешцы наламаць дроваў і зноў зрабіць сытуацыю некіравальнай», — сказаў Ільясевіч.

27 красавіка ў Беларусі абвясьцілі бестэрміновую галадоўку жанчыны з грамадзкай ініцыятывы «Рух „Маці 328“», якія патрабуюць лібэралізацыі антынаркатычных законаў, стварэньня камісіі па пераглядзе крымінальных спраў па 328 артыкуле Крымінальнага кодэксу і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Удзельніцы галадоўкі ў Калінкавічах 28 красавіка 2018 году
Удзельніцы галадоўкі ў Калінкавічах 28 красавіка 2018 году

У галадоўцы, якая праходзіць у Калінкавічах і ў Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці, бяруць удзел да 14 жанчын, яшчэ некалькі чалавек далучыліся да акцыі ў Магілёве.

Пасьля сустрэчы 2 траўня з кіраўніцай адміністрацыі Лукашэнкі Натальляй Качанавай актывісткі заявілі, што будуць працягваць галадоўку. Найбольш рэальным для выкананьня яны лічаць сваё патрабаваньне лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства. Натальля Качанава, паводле ўдзельніц сустрэчы, паабяцала ім, што пра галадоўку і патрабаваньні галадоўніц будзе тэрмінова паведамлена Аляксандру Лукашэнку.

Паводле Качанавай, у Палаце прадстаўнікоў падрыхтаваныя прапановы па лібэралізацыі антынаркатычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія яшчэ не прайшлі ўзгадненьня ва ўсіх профільных установах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG