Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Tut.by, Onliner.by, БАЖ накіравалі 17 прапаноў да паправак у закон «Аб СМІ»


Зварот падпісалі Юлія Слуцкая, заснавальніца журналісцкай майстэрні «Прэс-клюб»; Мікалай Анішчанка, дырэктар «Прэс-клюбу»; Юры Зісер, заснавальнік ТАА «Тут Бай Мэдыя»; Людміла Чэкіна, генэральны дырэктар ТАА «Тут Бай Мэдыя»; Мікалай Казловіч, галоўны рэдактар Onliner.by; Раман Касьціцын, старшыня Асацыяцыі кампаній камунікацыйных кансультантаў; Андрэй Аляксандраў, мэдыяэкспэрт, уладальнік сайту journalby.com; Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў; Алег Агееў, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Зварот быў распрацаваны на сустрэчы ў «Прэс-клюбе» кіраўнікоў інтэрнэт-выданьняў, мэдыяэкспэртаў, юрыстаў, прадстаўнікоў бізнэс-аб’яднаньняў.

Удзельнікі абмяркоўвалі ўнесеныя Міністэрствам інфармацыі ў першым чытаньні папраўкі ў закон аб СМІ. Як мяркуюць удзельнікі сустрэчы, частка прапанаваных зьменаў у заканадаўства аб СМІ перашкаджае курсу дзяржавы на пабудову новай эканомікі: замест лібэралізацыі рынку, умацаваньня прынцыпаў сумленнай канкурэнцыі і антыманапольнага падыходу некаторыя з інструмэнтаў рэгуляваньня СМІ будуць душыць мэдыйныя ініцыятывы.

Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ

1. Аб добраахвотнай рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў у якасьці СМІ («сеціўныя выданьні»)

Прапановы экспэртнай групы:

  • Прапісаць дакладнае азначэньне тэрмінам «забароненая інфармацыя», «уладальнік інфармацыйнага рэсурсу».
  • Скасаваць адміністрацыйную працэдуру рэгістрацыі на карысьць паведамляльнага парадку стварэньня мэдыя.
  • Міністэрства інфармацыі не павінна прадʼяўляць патрабаваньняў да стажу і іншых кваліфікацыйных характарыстык галоўнага рэдактара. Рэгістрацыю ў якасьці сеціўных выданьняў мусяць мець ня толькі юрыдычныя асобы, але і індывідуальныя прадпрымальнікі, а таксама іншыя фізычныя асобы, калі сеціўнае выданьне ня мае камэрцыйных мэтаў.
  • Больш дакладна вызначыць прававы статус інтэрнэт-рэсурсаў, не зарэгістраваных у якасьці сеціўных выданьняў, асабліва замежных інтэрнэт-рэсурсаў.
  • Увесьці прынцып сымэтрычнай адміністрацыйнай адказнасьці для СМІ і асобаў, якія перашкаджаюць законнай дзейнасьці СМІ, шляхам увядзеньня максымальнай плянкі штрафу для СМІ ў памеры 50 базавых велічынь — аналягічнай максымальнай плянцы штрафу за перашкоду законнай дзейнасьці СМІ.

2. Аб абмежаваньні доступу/блякаваньні інтэрнэт-рэсурсаў (у тым ліку сацыяльных сетак)

​Прапановы экспэртнай групы:

  • Зьвярнуць увагу на празрыстасьць працэдуры абмежаваньня доступу да сеціўных рэсурсаў. Прадугледзець абавязак органа, які прыняў рашэньне аб блякаваньні сайта, паказваць на канкрэтны тэкст, які супярэчыць заканадаўству.
  • Дакладна вызначыць, што рашэньне аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсу можа быць абскарджана ў судовым парадку.
  • Вызначыць тэрмін аднаўленьня доступу да сеціўнага рэсурсу пасьля ліквідацыі названых парушэньняў у памеры ня больш як тры працоўныя дні.
  • З улікам, што «распаўсюд інфармацыі, забароненай заканадаўчымі актамі», цягне за сабой строгую адказнасьць, дакладна вызначыць усе катэгорыі такой інфармацыі закрытым пералікам, які зьмяшчаецца ў законе аб СМІ, без адсылак да ўсіх нарматыўна-прававых актаў Рэспублікі Беларусь.
  • Удакладніць азначэньне «інфармацыя, якая супярэчыць дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам», якое можа быць вытлумачана кожным чыноўнікам па-рознаму і даволі субʼектыўна.
  • Адмовіцца ад ўстанаўленьня новых відаў адказнасьці за такія парушэньні, як «неналежная рэкляма». Гэтае пытаньне ўжо рэгулюецца дзейным заканадаўствам, меры адказнасьці вызначаныя.
  • Забясьпечыць магчымасьць абскардзіць у судовым парадку рашэньне аб блякаваньні інтэрнэт-рэсурсу (у тым ліку «сеткавага выданьня») і аднаўленьня доступу да інтэрнэт-рэсурсу, які трапіў у «чорны сьпіс» праз рашэньне суду.
  • Зафіксаваць у тэксьце закону, што ў выпадку, калі ёсьць тэхнічная магчымасьць блякаваньня асобнай вэб-старонкі, а не ўсяго рэсурсу, павінен прымяняцца менавіта гэты захад рэагаваньня.
  • Прызнаць, што сфэра ўзаемадзеяньня з буйнымі сусьветнымі інфармацыйнымі плятформамі выходзіць за рамкі нацыянальнага заканадаўства.

3. Аб абавязковай ідэнтыфікацыі карыстальнікаў

Прапановы экспэртнай групы:

  • Для функцыянаваньня камэрцыйных інтэрнэт-рэсурсаў неабходна забясьпечыць вэрыфікацыю карыстальнікаў з мэтай выключэньня фактаў махлярства.
  • Пытаньне ідэнтыфікацыі карыстальнікаў грамадзка-палітычных інфармацыйных онлайн-рэсурсаў, якое закранае свабоду выказваньня думак, варта вывесьці ў вобласьць публічнай дыскусіі.
  • У выпадку прыняцьця нормы аб абавязковай ідэнтыфікацыі камэнтатараў грамадзка-палітычных інфармацыйных онлайн-рэсурсаў, даць СМІ права выбіраць і фіксаваць спосаб ідэнтыфікацыі карыстальнікаў, у залежнасьці ад функцыяналу і тэхнічных магчымасьцяў сайту. Ідэнтыфікацыя карыстальнікаў, якія пакідаюць камэнтары ў сеціве, павінна быць простай і зручнай, а выбар спосабаў ідэнтыфікацыі максымальна шырокі.

На падставе адзначанага экспэртная група з прадстаўнікоў мэдыясупольнасьці выказвае гатоўнасьць:

  • аказаць спрыяньне дэпутатам, Міністэрству інфармацыі ў дапрацоўцы законапраекту;
  • сыстэматызаваць міжнародны досьвед для вывучэньня і магчымай адаптацыі да асаблівасьцяў беларускага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі;
  • садзейнічаць у вывучэньні тэхнічных аспэктаў функцыянаваньня сучасных мэдыя, пазнаёміць з новымі тэхналёгіямі і мэтадамі працы сусьветных і беларускіх СМІ;
  • удзельнічаць у працы міжведамаснай працоўнай групы, якая паставіла б сваёй мэтай прывядзеньне заканатворчай ініцыятывы ў адпаведнасьць з інтарэсамі нацыянальных мэдыя, беларускай дзяржавы ў цэлым і рэаліямі сёньняшняга дня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG