Міністэрства інфармацыі растлумачыла, як будзе працаваць абноўлены закон аб СМІ.
Сьцісла:
1. Замежнага ў беларускай інфапрасторы будзе менш.
2. Сьпіс забароненай інфармацыі будзе абнаўляцца, а адказнасьць за яе распаўсюд прапануюць узмацніць.
3. Уласьнікам сайтаў прапануюць дасылаць sms сваім камэнтатарам.
Удзел іншаземцаў у беларускай інфапрасторы абмяжуюць
Тэлеканалы мусяць даваць 30% беларускага кантэнту
Паводле законапраекту, аб’ём тэлеперадач беларускай вытворчасьці ў штотыднёвым аб’ёме вяшчаньня тэлеканалаў павінен быць ня менш за 30%.
Паводле Міністэрства інфармацыі:
- беларускія вэрсіі расейскіх тэлеканалаў «НТВ» і «Расея» вырабляюць да 10% сваёй прадукцыі;
- Белтэлерадыёкампанія, тэлеканалы АНТ і СТВ выконваюць норму ў 30% беларускага кантэнту;
- рэгіянальныя тэлеканалы маюць розны адсотак беларускай тэлепрадукцыі.
Замежныя грамадзяне і юрыдычныя асобы ня змогуць быць заснавальнікамі СМІ
Гэта прадугледжваюць папраўкі ў закон аб СМІ. Такая норма тычыцца і ўжо існуючых выданьняў. Памяняць заснавальніка СМІ, паводле Міністэрства інфармацыі, можна будзе цягам шасьці месяцаў пасьля таго, як новы закон набудзе моц.
Працу замежных СМІ без дазволу расцэняць як незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць
Абноўлены закон забараняе распаўсюд прадукцыі замежных СМІ ў Беларусі без адпаведнага дазволу. Парушэньне забароны будуць караць як незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць паводле другой часткі артыкула 12.7 КААП, які прадугледжвае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (ад 490 да 1225 рублёў на момант публікацыі) і канфіскацыю да 100% прыбытку.
Як будуць змагацца з забароненай інфармацыяй?
Адказнасьць за забароненую інфармацыю хочуць узмацніць
Новы закон аб СМІ прадугледжвае зьмены ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях: максымальны штраф за распаўсюд забароненай інфармацыі прапануюць павысіць да 500 базавых велічыняў (12 250 рублёў на момант публікацыі).
Сьпіс забароненай да распаўсюду інфармацыі будзе дапаўняцца
Міністэрства інфармацыі мяркуе, што пералічваць у абноўленым законе аб СМІ забароненую да распаўсюду інфармацыю немэтазгодна. Паводле ведамства, гэты сьпіс пэрыядычна дапаўняюць іншыя законы.
Чаму Мінінфарм блякуе сайты без суду?
Паводле законапраекту, абмежаваньне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў па-ранейшаму будзе ажыцьцяўляцца ў пазасудовым парадку. Для інтэрнэт-выданьняў такое блякаваньне можа прывесьці да пазасудовага скасаваньня рэгістрацыі.
Судовы разбор — доўгатэрміновы працэс, лічаць у Міністэрстве інфармацыі. Рашэньне пра абмежаваньне доступу прымаюць калегіяльна з інфармаваньнем дзяржаўных органаў, якія выявілі забароненую інфармацыю. Рашэньні па кантэнце, «накіраваным на прапаганду парнаграфіі, жорсткасьці і гвалту», прымаюцца на падставе заключэньняў рэспубліканскай экспэртнай камісіі.
Як разблякаваць сайт?
Аднавіць доступ да інтэрнэт-рэсурсу можна будзе толькі праз зварот у Міністэрства інфармацыі. Разглядаць такую заяву будуць цягам месяца.
Што будзе з камэнтатарамі і журналістамі?
Каб пракамэнтаваць на сайце, прыйдзецца залагініцца праз sms?
Паводле новага закону ўводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах.
Як будуць ідэнтыфікаваць камэнтатараў, вызначаць пастановай ураду. Міністэрства інфармацыі заявіла, што ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў змогуць увесьці ідэнтыфікацыю праз sms-паведамленьне. Таксама Мінінфарм прапануе ідэнтыфікаваць камэнтатараў праз электронную пошту ці сацыяльныя сеткі.
Рэгістрацыя добраахвотная, але безь яе вы не журналіст
Законапраект дапускае добраахвотную рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў у якасьці СМІ (уводзіцца тэрмін «сеткавыя выданьні»). Яны і іх супрацоўнікі атрымаюць (у абмежаваным выглядзе) правы традыцыйных СМІ. Астатнія сайты таксама змогуць працаваць, але бяз статусу СМІ.
Журналісцкі статус супрацоўнікаў інтэрнэт-выданьняў без рэгістрацыі паставяць пад сумнеў. Аўтары такіх выданьняў ня змогуць карыстацца правамі на абарону інфармацыйных крыніц і на працу падчас масавых мерапрыемстваў. Пры гэтым на незарэгістраваныя інтэрнэт-выданьні будуць распаўсюджвацца абавязкі і адказнасьць, прадугледжаныя законам аб СМІ.
Сайты прымусяць раскрыць інфармацыю пра ўладальнікаў
Гэтая норма ўведзена дзеля таго, каб «карыстальнікі рэсурсу і дзяржаўныя органы маглі наўпрост зьвяртацца да ўладальніка рэсурсу з прапановамі, скаргамі і заўвагамі».
Папраўкі ў закон «Аб СМІ» падрыхтаваў Савет Міністраў, 19 красавіка іх у першым чытаньні прыняла Палата прадстаўнікоў. Палата прадстаўнікоў прымае ўсе законы ў двух чытаньнях. Але звычайна падчас другога разгляду ўносяцца касмэтычныя праўкі, а не прынцыповыя.
Паводле праекту, тэкст якога 2 красавіка апублікавала Беларуская асацыяцыя журналістаў, уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя камэнтароў інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту. Таксама разглядаюць магчымасьць поўнага блякаваньня асобных сацыяльных сетак.
Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў заяўлялі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўсталяваць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.