Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шызафрэнія ў галаве ў Лукашэнкі». Радзіна пра прычыны ўзмацненьня рэгуляваньня інтэрнэту


Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі — пакуль у першым чытаньні — якія робяць больш жорсткім закон «Аб СМІ» і могуць у будучыні моцна ўскладніць працу СМІ і блогерам.

Галоўная мэта ўладаў — заблякаваць працу апошніх незалежных журналістаў і блогераў, якія крытыкуюць уладу, і кантраляваць усё, што пішуць і абмяркоўваюць у інтэрнэце, лічыць галоўны рэдактар сайта «Хартыя 97» Натальля Радзіна.

Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ, якія забараняюць ананімныя камэнтары і дапускаюць блякаваньне сацсетак

— Каго закране гэты закон, калі яго прымуць?

— У першую чаргу, гэта ўдар па беларускіх незалежных журналістах, ну і па саміх беларусах, паколькі канчаткова зьнішчаецца свабода слова ў Беларусі. Таму што меры, якія будуць прынятыя, яны на самой справе драконаўскія. Гэты закон мае на ўвазе фактычна абавязковую рэгістрацыю інтэрнэт-сайтаў у Беларусі. У законе прапісана, што яна нібыта добраахвотная, але ў выпадку, калі сайты ня будуць рэгістравацца, то іх супрацоўнікі будуць пазбаўленыя статусу журналіста, ім ня будзе прадстаўляцца інфармацыя, таксама падчас, напрыклад, дэманстрацыяў апазыцыі журналісты будуць прыроўненыя да ўдзельнікаў гэтых акцый і, адпаведна, могуць быць арыштаваныя і кінутыя ў турмы.

Абавязковая рэгістрацыя інтэрнэт-СМІ мае на ўвазе, у тым ліку, ідэнтыфікацыю камэнтатараў на гэтых сайтах, а таксама абавязковае прадастаўленьне дадзеных пра журналістаў, якія разьмяшчаюць матэрыялы на зарэгістраваных інтэрнэт-рэсурсах. Можна казаць аб тым, што ўлады спрабуюць зьнішчыць магчымасьць ананімнага абмеркаваньня ў інтэрнэце сытуацыі ў краіне і проста будуць вылічаць людзей, якія думаюць крытычна, якія будуць крытыкаваць уладу на інтэрнэт-рэсурсах, а таксама проста будуць аказваць ціск на журналістаў, якія будуць разьмяшчаць інфармацыю на гэтых сайтах, гэта значыць цэнзура, самацэнзура будзе проста калясальнай.

— А наколькі новы закон адаб’ецца на журналістах і на тых СМІ, якія працуюць за межамі Беларусі?

— Я нагадаю, што тры месяцы таму ў Беларусі быў заблякаваны сайт «Хартыя-97». Гэта найбуйнейшы незалежны інтэрнэт-рэсурс, які сёньня вымушаны працаваць з Польшчы. Мы ня можам працаваць у Беларусі, таму што там супраць нас узбуджаліся крымінальныя справы, быў забіты заснавальнік нашага сайта, я, як рэдактар, сядзела ў турме. Сёньня яны заблякавалі незалежны інтэрнэт-сайт, які працуе з-за мяжы.

Што тычыцца астатніх замежных мэдыя, якія працуюць на Беларусь, то ў гэтым законе прадугледжана атрыманьне абавязковага дазволу на тое, каб журналісты маглі рабіць свае матэрыялы ў Беларусі. Цалкам відавочна, што гэтыя дазволы ня будуць выдавацца, журналістаў будуць арыштоўваць і будуць шантажаваць вось гэтым самім фактам неабходнасьці атрымліваць які-небудзь дазвол на, уласна, законнае выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў.

— Нядаўна мы гаварылі пра Беларусь у кантэксьце прыняцьця, як тады здавалася, рэвалюцыйнага закону, які тычацца, напрыклад, разьвіцьця інтэрнэту — бясконцая крыптавалюта і блякчэйн. І выходзіць, што адной рукой беларускія ўлады спрабуюць разьвіваць інтэрнэт і бізнэс, другой рукой фактычна падмінаюць пад сябе і максымальна спрабуюць кантраляваць усё, што ў гэтым інтэрнэце адбываецца.

— Такая шызафрэнія ў галаве ў Лукашэнкі. Гэта значыць, з аднаго боку, ён хоча не разьвіваць менавіта лічбавую эканоміку ў Беларусі, ён спрабуе на гэтым зарабіць. І пры гэтым у краіне зьнішчаецца інтэрнэт. Адно супярэчыць другому. І цалкам зразумела, што ніякія інвэстыцыі ў краіну, у якой зьнішчаецца свабода слова ў інтэрнэце, ня пойдуць, і аб парку высокіх тэхналёгіяў у Беларусі можна проста забыць.

— Як вам здаецца, у Беларусі заблякуюць Тэлеграм ці не?

— Я нагадаю, што ў новым законе аб СМІ маецца на ўвазе, у тым ліку, блякіроўка сацыяльных сетак. Таму цалкам відавочна, што тут у гэтай сытуацыі Беларусь, Расея — гэта блізьнюкі, якія глядзяць адзін на аднаго. Спачатку была заблякаваная «Хартыя» у Беларусі. Потым заблякаваны Тэлеграм у Расеі. І, адпаведна, нішто не замінае Лукашэнку таксама заблякаваць і Тэлеграм, і Фэйсбук, і любыя іншыя сацыяльныя сеткі ў Беларусі. Гэта значыць цалкам відавочна, што дыктатары сёньня баяцца свабоды слова, спрабуюць яе зьнішчыць любым спосабам, гэта значыць мы назіраем такую сапраўдную кібэрвайну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG