Пасьля сёньняшняга выступу перад Нацыянальным сходам Беларусі Аляксандар Лукашэнка адказваў на пытаньні дэпутатаў. Трансьляцыя гэтай часткі выступу не вялася ў агульным нацыянальным эфіры.
Старшыня Таварыства беларускай мовы дэпутатка Алена Анісім, як толькі імпрэза скончылася, сказала Свабодзе, што ў яе былі тры пытаньні да кіраўніка дзяржавы.
Пра беларускую мову
Першае пытаньне тычылася беларускай мовы: дэпутатка прапанавала прыняць адмысловую праграму па пашырэньні яе ўжываньня ў інфармацыйнай і адукацыйнай сфэрах на ўзроўні прэзыдэнцкай адміністрацыі.
«Прывяла прыклады і станоўчыя, і адмоўныя. Таксама прапанавала прыняць прэзыдэнцкі ўказ, каб усе заканадаўчыя і падзаконныя акты прымаліся адразу на дзьвюх дзяржаўных мовах, прычым на ўсіх узроўнях — ад раённага да агульнабеларускага», — сказала дэпутатка.
Паводле Анісім, Лукашэнка падзякаваў ёй за пытаньне і сказаў, што «сьпяшацца тут ня будзем». Трэба ўсё грунтоўна абдумаць. Дэпутатка мяркуе, што плён ад яе пытаньня будзе.
Пра партыі і грамадзкія арганізацыі
Алена Анісім таксама зьвярнула ўвагу на падвышэньне ролі партый і грамадзкіх арганізацый у жыцьці краіны.
«Я задала пытаньне: можа, варта тым арганізацыям, якія афіцыйна зарэгістраваныя, працуюць болей за 10 год і маюць болей за 3000 чальцоў, надаць права вылучаць сваіх кандыдатаў на выбары ўсіх узроўняў, уключаючы прэзыдэнцкія, бяз збору подпісаў? Гэта падвысіць іх ролю», — сказала Анісім.
На гэта Лукашэнка адказаў, што асабіста яму гэта ня вельмі падабаецца і ён лічыць, што актывістам трэба працаваць з народам, ісьці зьбіраць подпісы, «нельга цурацца народу».
Пра рэфэрэндум і магчымыя зьмены ў Канстытуцыі
Трэцяе пытаньне Алена Анісім падала ў пісьмовым выглядзе. Яно тычылася магчымых зьменаў у Канстытуцыі праз рэфэрэндум.
«Адказ на яго я атрымала падчас выступу кіраўніка дзяржавы. Цяпер мне ўсё зразумела», — падсумавала дэпутатка.
Што тычыцца пытаньняў яе калег, найбольшае ўражаньне на Анісім зрабілі пытаньні аб алькагалізацыі краіны і аб магчымым адміністратыўна-тэрытарыяльным падзеле Беларусі.