Мэсэнджэр Telegram прапанаваў расейцам запускаць папяровыя самалёцікі ў падтрымку вольнага інтэрнэту. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні ад афіцыйнага акаўнту Telegram.
Акцыя пачнецца сёньня, 22 красавіка, а 7-й вечара паводле менскага часу. Яна прымеркавана да сёмага дня блякаваньня Telegram ў Расеі
Раней каля будынка Фэдэральнай службы бясьпекі (ФСБ) у Маскве папяровыя самалёцікі запускалі удзельніца групы Pussy Riot Марыя Алёхіна і актывіст Дзьмітрый Энтэа. Паводле рашэньня суду яны атрымалі па 100 гадзін абавязковых работаў. Раскамнагляд пачаў блякаваць мэсэнджэр Telegram, бо той адмовіўся перадаць ФСБ ключы для расшыфроўкі перапіскі карыстальнікаў.
Потым у чорны сьпіс трапілі і мільёны адрасоў, якія мэсэнджэр выкарыстаў для абыходу блякаваньняў. Сёньня расейскія карыстальнікі паведамілі пра праблемы з доступам да Google. У Раскамнаглядзе заявілі, што заблякавалі IP-адрасы, бо імі карыстаўся Telegram.