Удзельнікі акцыі пратэсту ў Ерэване супраць прызначэньня Сэржа Саргсьяна прэм’ерам ураду Армэніі зноў пачалі блякаваць аўтамабільны рух.
Паводле «Нямецкай хвалі», паліцыя затрымлівае ўдзельнікаў акцыі, у аддзяленьне паліцыі дастаўленыя каля двухсот чалавек. Іх колькасьць расьце, на вуліцы выходзяць усё больш людзей. Заклікаў паліцыі пра недапушчальнасьць блякаваньня магістраляў і, у сувязі з гэтым, пра магчымасьць ужыцьця «законных захадаў» ніхто ня чуе. Да пратэстаў далучаюцца аўтамабілісты і кіроўцы грузавых аўтамабіляў.
Пратэстоўцы і супрацоўнікі праваахоўных органаў павінны выконваць патрабаваньні закону, лічыць прэм’ер-міністар Сэрж Саргсьян. Паводле яго, адзіны шлях зьмены ўлады ў Армэніі — выбары.
У аўторак, 17 красавіка, парлямэнт Армэніі абраў прэм’ер-міністрам краіны Сэржа Саргсьяна, які адпрацаваў два мандаты на пасадзе прэзыдэнта. 18 красавіка пачаліся шматтысячныя акцыі пратэсту, якія, распаўсюдзіліся на Гюмры і некаторыя іншыя гарады.
Лідэр пратэстоўцаў і апазыцыйнай парлямэнцкай фракцыі «Элк» Нікол Пашыньян заклікаў мітынгоўцаў не аказваць супраціву праваахоўным органам, але працягваць выступаць супраць прызначэньня кіраўніком ураду нядаўняга прэзыдэнта Саргсьяна.
Нікол Пашыньян у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» заявіў, што не чакае аслабленьня пратэстаў і пацьвердзіў, што тактыка застаецца ранейшай: грамадзянскае непадпарадкаваньне, перакрыцьцё вуліц, мастоў. «Мы заклікаем паліцыю не абараняць Сэржа Саргсьяна, бо гэта паліцыя ня Сэржа Саргсьяна, гэта паліцыя Рэспублікі Армэніі і народу рэспублікі», сказаў Пашыньян.