Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване зноў сутычкі пратэстоўцаў з паліцыяй


Армяне пратэстуюць супраць узурпацыі ўлады
Армяне пратэстуюць супраць узурпацыі ўлады

У Ерэване прыхільнікі апазыцыі амаль тыдзень не спыняюць акцыі пратэсту супраць прызначэньня прэм’ер-міністрам краіны былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна.

Як паведамляюць армянскія СМІ, раніцай 19 красавіка актывісты паспрабавалі заблякаваць ўваходы ў будынак ураду Армэніі. Лідэр апазыцыйнай парлямэнцкай фракцыі «Елк» Нікол Пашыньян заклікаў «спаралізаваць дзейнасьць» Кабінэту міністраў.

На 11-ю раніцы 19 красавіка заплянаванае першае паседжаньне ўраду пад кіраўніцтвам новаабранага прэм’ер-міністра Сэржа Саргсьяна. Пашыньян ставіць за мэту сарваць «ганебны спэктакль».

Удзельнікі акцыі пратэсту паспрабавалі зладзіць сядзячы страйк на плошчы Рэспублікі, дзе разьмяшчаюцца ўрадавыя будынкі, аднак паліцыя пачала затрымліваць пратэстоўцаў. Некалькі дзясяткаў чалавек дастаўленыя ў паліцэйскія аддзелы.

Лідэр армянскіх пратэстоўцаў Нікол Пашыньян
Лідэр армянскіх пратэстоўцаў Нікол Пашыньян

Вулічныя акцыі ў Ерэване трываюць ад 13 красавіка. Кульмінацыяй сталі падзеі панядзелка і аўторка, калі праціўнікі Саргсьяна пачалі блякаваць асноўныя дарогі ў цэнтры гораду, мелі месца сутычкі з паліцэйскімі і кіроўцамі. Пашыньян назваў гэта «аксамітнай рэвалюцыяй».

Апазыцыя вінаваціць Саргсьяна ў тым, што ён падмануў народ, трэці раз стаўшы кіраўніком краіны — сёлета пасьля 10 гадоў ва ўладзе скончыўся тэрмін ягоных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

У 2015-м улады ініцыявалі канстытуцыйную рэформу, у выніку якой Армэнія была абвешана парлямэнцкай рэспублікай, а ўся паўната ўлады перайшла да старшыні ўраду. Пра намер вылучыць Саргсьяна на пасаду прэм’ер-міністра кіроўная партыя заявіла 14 красавіка, за тры дні да галасаваньня ў парлямэнце.

Армянскі палітоляг: Саргсьян — усяго толькі бледны цень Лукашэнкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG